І можна сем!..

- 9:55Авторские колонки, Мнение

У калядную пару варта не толькі загадваць жаданні, але і жыццю радавацца, і глыбей заглядваць ва ўласную душу, і верыць у цуды.

Іван ЖДАНОВІЧ

Калі зоркі запальваюць — значыць, гэта некаму трэба… Так паэт паспрабаваў асэнсаваць відавочнае: ва ўсіх праяўленнях у свеце знешнім ёсць унутраныя прычыны. А пара зімовых свят — магутны трыгер, які актывізуе нябачны патэнцыял духу — энергію жыцця.

Мноствам агнёў, рукатворных зорак зіхацяць гарады і вёскі. Гэта патрэбна! І ў школах, і вакол іх — прыгажосць. Там ствараюць, з улікам сучасных тэхналогій, новыя ўзоры і фішкі. Не па загадзе — па ўнутранай патрэбе ў святочнасці, гульні, якой бывае цераз край у дзіцячых душах. А ёсць на вокнах і ранейшыя папяровыя сняжынкі-выцінанкі ды іншыя карункі. Так суседнічаюць у часе, зрошчваюцца малады крэатыў і жывая традыцыя.

Помніцца, з назбіраных цукерачных фанцікаў і стужак з каляровай паперы мы з братам, падахвочаныя мамай, майстравалі на ёлку гірлянды-ланцужкі. Цацак небагата, і мы яблычкі пепін-шафранкі з нашага саду за хвосцікі прывешвалі на ёлку. Гэта, казалі дарослыя, каб і ў новым годзе яны добра ўрадзілі. А побач — цукеркі, якія ў святы нажнічкамі падчыквалі… Бо і ў салодкіх частунках (прывітанне, Дзед Мароз!) мае энергападпітку дзіцячы настрой.

Дзеля таго ж і ствараем свята ў знешнім свеце, каб сунастроіцца з ім унутрана, душой. На Каляды, Новы год, Нараджэнне Хрыстова хочам адчуць салодкую радасць у сэрцы сваім і трансліруем светлыя вобразы ў знешні свет. Настрой знутры ўзрошчваем — і выяўляем…

Кажуць, дарослыя займаюцца ёлкамі-бляскам-падарункамі, бо падсвядома ім хочацца вярнуцца ў дзяцінства. Зрэшты, не ў фізічнае дзяцінства — у радасна-бесклапотны, адкрыты да цудаў і казак стан душы.

Калега расказала пра пераднавагодні цуд, які добра памятае.

“Выдатна! Пяць!” — настаўніка ўразіў яе бліскучы адказ. Паглядзеў на дзетак, якія знаходзіліся ў прадчуванні свята і цудаў, усміхнуўся і пытаецца: “А хочаш, я табе 6 пастаўлю?” Алена разгубілася: “Хіба можна?” — “Сёння можна!” — і настаўнік вывеў у класным журнале вялікую лічбу 6. На вачах Алены тварыўся цуд! І каб у цудоўнай рэальнасці ўпэўніцца, яна з вялікімі вачыма крыху цішэй, каб не спудзіць шчасце, сказала: “А можна сем?” І ўжо настаўнік, напэўна, быў здзіўлены: цуды… Ай, гуляць дык гуляць! “Сёння — можна!” — і пры лічбе 6 праз коску з’явілася лічба 7!

…Магчыма, Дзед Мароз быў тады побач, адчуў, што неабходна ства­рыць у дзіцячай душы свята, а дарослым, настаўнікам, пад сілу пабыць і чараўнікамі…

Шчасця ўсім у новым годзе! Гармоніі душэўнай! Няхай у вашым жыцці заўсёды будзе месца добрым жартам, добрым людзям, самаахвярнасці, міласэр­насці, дабрыні! Добрым цудам! Няхай не будзе мяжы магчымасцям, нават калі ёсць нейкія рамкі. Абмяжоўваюць лю­дзі, найперш мы самі, а жыццё дае ўсім шансы неабмежаваныя… Калі не выпадаць з яго цудоўнай плыні.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА