І настаўнік, і мастак

- 6:25Наша пошта

Верагодна, з наступнага года “ўніверсальных спецыялістаў” прыйдзецца рыхтаваць за чатыры гады У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава педагогаў рыхтуе большасць факультэтаў. Мастацка-графічны факультэт, які наведала карэспандэнт нашай газеты, займае ў гэтай справе сваю выразную нішу: тут атрымліваюць адукацыю будучыя настаўнікі выяўленчага мастацтва, чарчэння, працоўнага навучання, а таксама педагогі для ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей. Падрыхтоўка настаўнікаў і мастакоў ідзе паралельна (выпускнікі, як правіла, маюць здвоеную кваліфікацыю), таму і вучэбны працэс на факультэце вельмі спецыфічны. Напрыклад, падчас вучобы студэнты выконваюць творчыя праекты для рэальных заказчыкаў.

Калі гаварыць больш дакладна, то мастацка-графічны факультэт выпускае педагогаў у межах спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія” (кваліфікацыя выпускніка — “Педагог-мастак. Выкладчык”), а таксама мастакоў з правам выкладання па спецыяльнасцях “Выяўленчае мастацтва” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Акрамя таго, на факультэце ёсць спецыяльнасць “Дызайн”.

Па словах дэкана факультэта, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Д.С.Сянько, першая з гэтых спецыяльнасцей самая ўніверсальная. Добра прадуманы комплекс дысцыплін дазваляе выпускніку выконваць любы від мастацкіх работ і быць настаўнікам выяўленчага мастацтва, настаўнікам чарчэння, які пры гэтым валодае канструяваннем, тэхнічнай графікай, камп’ютарным дызайнам, і настаўнікам працоўнага навучання, які з’яўляецца майстрам у тым ці іншым відзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (работа з дрэвам, металам або тэкстылем, саломкай; інкрустацыя, вышыўка і інш.). Такое ўсебаковае развіццё дазваляе студэнтам выконваць не толькі вучэбныя, але самыя сапраўдныя творчыя праекты для заказчыкаў на стыку выяўленчага мастацтва, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

— Каля 90 працэнтаў выкладчыкаў мастацка-графічнага факультэта — нашы ж выпускнікі. Дзякуючы гэтаму, паміж кафедрамі ўсталявана цесная ўзаемасувязь і супрацоўніцтва ў рашэнні агульных задач, — расказвае дэкан. — На факультэт часта звяртаюцца арганізацыі горада — паліклінікі, дзіцячыя садкі, школы — і заказваюць праектныя работы нашым дызайнерам. Мы падключаем да іх студэнтаў іншых кафедр — будучых мастакоў, дэкаратараў. Для іх гэта добрая магчымасць папрактыкавацца.

Па словах Дзмітрыя Сцяпанавіча, шмат зваротаў заказчыкаў тычыцца разьбы па дрэве. Напрыклад, толькі за апошні год студэнты выканалі тры праекты для царквы — выразалі іканастасы. Дарэчы, з-за такога попыту на разьбяроў па дрэве факультэт вырашыў рыхтаваць іх больш: сёлета набралі 10 чалавек на спецыяльнасць “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з дрэва)”. Мастакі гэтага профілю запатрабаваны і ў прыватных арганізацыях, якія спецыялізуюцца на дрэваапрацоўцы. Напрыклад, адна з такіх арганізацый, вельмі зацікаўленая ў выпускніках, выступіла з ініцыятывай выплачваць некалькім студэнтам стыпендыі.

У наступным годзе ў сувязі з пераходам на чатырохгадовы тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі хутчэй за ўсё пералік спецыяльнасцей мастацка-графічнага факультэта будзе выглядаць па-іншаму. Што да спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія”, то на змену ёй, магчыма, прыйдзе спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Народныя мастацкія промыслы”. Па словах Д.С.Сянько, ад падрыхтоўкі настаўнікаў працоўнага навучання факультэт не хацеў бы адмаўляцца, бо ў Віцебскай вобласці ёсць вялікі незадаволены попыт на гэтых спецыя­лістаў. Запатрабаваны яны не толькі ў школах, але і ў каледжах, ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей, дзе яны вядуць гуртковую работу. Таму, верагодна, з часам факультэт будзе вымушаны пачаць падрыхтоўку па новай для яго спецыяльнасці “Абслуговая праца. Выяўленчае мастацтва”.

У планах мастацка-графічнага факультэта — адкрыццё спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка”, выпускнікі якой, на думку адміністрацыі факультэта, будуць таксама запатрабаваны ў адукацыйных установах.

— Мы заўважылі, што школы і гімназіі маюць патрэбу ў мастаках, якія валодалі б камп’ютарным праек­таваннем і дызайнам і маглі выконваць праекты па афармленні і інтэр’ераў, і паліграфічнай прадукцыі, — гаворыць Дзмітрый Сцяпанавіч.

Але самы часты заказчык праектаў такога кшталту — аддзел культуры аблвыканкама. Толькі ў мінулым годзе студэнты мастацка-графічнага факультэта ўдзель­нічалі ў праектах па афармленні дзіцячай бібліятэкі, музычнай школы, каледжа культуры і мастацтваў, філармоніі, тэатра. Мяркуецца, што выпускнікі новай спецыяльнасці будуць яшчэ больш кампетэнтнымі для выканання падобных работ, бо веданне графічнага дызайну дапаможа ім паглядзець на традыцыйнае мастацтва з іншага, больш сучаснага ракурсу.

Як запэўніў дэкан мастацка-графічнага факультэта, рашэнне наконт пераліку спецыяльнасцей на 2013 год будзе прынята ў найбліжэйшы месяц, каб абітурыенты маглі вызначыцца з тым, як рыхтавацца да паступлення.

Але ўжо зараз відавочна, што тэрмін навучання на дзённым аддзяленні будзе складаць чатыры гады.

— Змяненне тэрміну адукацыі запатрабуе ад факультэта сур’ёзнай перабудовы, скарачэння вучэбнага часу, але не хацелся б рабіць гэта за кошт практычнай падрыхтоўкі студэнтаў, — зазначае Д.С.Сянько. — Для таго каб захаваць якасную падрыхтоўку спецыялістаў, будзем выпрацоўваць новыя тэхналогіі і формы работы, інтэнсіфікаваць навучанне, каб за чатыры гады вучобы студэнт мог атрымаць той жа ўзровень адукацыі, што і за пяць гадоў.

Адна з такіх новых форм работы ўжо практыкуецца на факультэце — гэта гурткі, якія арганізоўваюцца ў пазавучэбны час. У іх можа займацца кожны студэнт, які жадае павысіць свае кампетэнцыі ці кампенсаваць недахоп гадзін на вывучэнне той ці іншай дысцыпліны ў межах праграмы. Гурткі ёсць па розных напрамках выяўленчага мастацтва (у тым ліку і па методыцы выкладання), дызайне, гісторыі мастацтваў. Дарэчы, факультатыўна выкладаецца і чарчэнне, бо ўзровень ведаў па гэтым прадмеце ў першакурснікаў, на жаль, вельмі нізкі.

Спецыфіка навучання на мастацка-графічным факультэце такая, што студэнтам прыходзіцца шмат працаваць самастойна. Самыя падрыхтаваныя і працаздольныя з іх ужо з трэцяга курса пачынаюць арганізоўваць персанальныя выставы сваіх работ. Для стымулявання студэнцкай творчасці факультэт штогод праводзіць выставу-конкурс “Маладосць. Творчасць. Эксперымент”, студэнты ўдзельнічаюць у рэспубліканскай выставе сучаснай візуальнай творчасці “Арт-акадэмія” і іншых мерапрыемствах.

Безумоўна, вельмі перспектыўнай з пункта гле­джання адпрацоўкі новых адукацыйных тэхналогій з’яўляецца работа вучэбна-навукова-кансультацыйнага цэнтра, які створаны на базе гімназіі № 3 Віцебска разам з кафедрай педагогікі мастацка-графічнага факультэта. У задачы цэнтра ўваходзіць правядзенне практычных заняткаў і практык для студэнтаў, арганізацыя метадычных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне кампетэнцый настаўнікаў (семінараў, школы маладога настаўніка і іншых), прафарыентацыйная работа з патэнцыяльнымі абітурыентамі. Увогуле ў факультэта даўнія партнёрскія адносіны з гімназіяй, але пасля стварэння вучэбна-навукова-кансультацыйнага цэнтра супрацоўніцтва сканцэнтравалася пераважна на актуальных праблемах педагогікі, і зараз цэнтр працуе на ўвесь універсітэт.

Факультэт не ўпусціў магчымасць завязаць супрацоўніцтва з унікальным Цэнтрам народнай творчасці і рамёстваў, што ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна. На яго базе таксама створаны сумесны вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр, дзе ўжо прайшлі першыя студэнцкія практыкі.

— Некалі ў Копысі было 20 керамічных заводаў, прадукцыя якіх у вялізнай колькасці паступала ў еўрапейскія краіны. Зараз адраджаецца былая слава мястэчка як цэнтра мастацкага керамічнага рамяства (так званай копыскай кафлі). Ужо дзейнічае керамічны цэх, дзе вытворчасць керамікі праходзіць усе этапы: ад замесу гліны да адгрузкі гатовых вырабаў, — расказвае Дзмітрый Сцяпанавіч Сянько.

Студэнты спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (керамічныя вырабы)” вельмі дарэчы ў Цэнтры народнай творчасці і рамёстваў, бо сваіх спецыялістаў з мастацкай адукацыяй тут не хапае. Па словах дэкана, студэнты ў захапленні ад першай практыкі, падчас якой яны апрабавалі ўсемагчымыя тэхналогіі вытворчасці керамікі, павучыліся майстэрству ў мясцовых рамеснікаў. У цэлым супрацоўніцтва факультэта з цэнтрам вельмі перспектыўнае па цэлым шэрагу іншых напрамкаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by
Фота аўтара.