Ідзе цэнтралізаванае тэсціраванне

- 9:15Уступная кампанія

У аўторак у краіне пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне. Па традыцыі першымі стартавалі знаўцы беларускай мовы — на гэты прадмет зарэгістравалася больш як 22 тысячы абітурыентаў. Камітэт дзяржкантролю запрасіў журналістаў паглядзець, як праходзіць першы экзамен у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

На цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове ў БДМУ зарэгістраваліся 452 чалавекі. Экзамен праводзіўся ў шасці аўдыторыях.

Як паведамілі адказныя арганізатары, дзяржаўная фельд’егерская служба даставіла ва ўніверсітэт валізы з тэставымі матэрыяламі ў 7.05 раніцы (за 4 га­дзіны да правядзення экзамену). Паводле правіл, перадача гэтых матэрыялаў адбываецца ў прысутнасці прадстаўнікоў Дзяржкамісіі. Да пачатку ЦТ іх хаваюць у сейф і апячатваюць. Цікава, што пячатка і ключ ад сейфа захоўваюцца ў розных людзей.

— Цяжка нават уявіць, што хтосьці нейкім чынам можа атрымаць доступ да тэставых матэрыялаў па-за рэгламентам, — гавораць арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання.

Экзамен па ўсіх прадметах ЦТ пачынаецца ў 11.00. Абітурыенты прыбываюць у пункт тэсціравання зага­дзя, каб спакойна, без спешкі і мітусні, прайсці некалькі працэдур кантролю. Пасля адкрыцця пакетаў з педагагічнымі тэстамі трапіць у аўдыторыю, дзе праводзіцца экзамен, немагчыма.

Каб увайсці ў корпус, дзе праводзіцца ЦТ, абітурыенты павінны мець пропуск і дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства ў Беларусі, пасведчанне бежанца або даведку, якая выдаецца органамі МУС у выпадку страты дакумента). Ніякія іншыя дакументы не прымаюцца. Акрамя таго, з сабой трэба мець ручку (гелевую ці капілярную) з чарнілам чорнага колеру. Усё астатняе давядзецца здаць у камеру захоўвання.

Катэгарычна нельга прыносіць на экзамен тэлефон і іншыя прылады, якія перадаюць, прымаюць і захоўваюць інфармацыю. Калі арганізатары заўважаць парушэнне, абітурыент мусіць пакінуць аўдыторыю без права на пераздачу. Выключэнне складае найпросты калькулятар — ім можна карыстацца на ЦТ па фізіцы і хіміі.

Як расказаў сакратар арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання на базе БДМУ Яўген Чарнавус, ва ўніверсітэце імкнуцца быць максімальна лаяльнымі да абітурыентаў. Канечне, пры адсутнасці ўстаноўленых дакументаў, а таксама за тэлефоны і шпаргалкі экзамен парушальнікам давя­дзецца прапусціць — тут камісія дзейнічае па ўсёй строгасці. Але ў астатнім стараюцца ісці абітурыентам насустрач.

Напрыклад, у БДМУ дазваляюць абітурыентам прыносіць сваю ваду, хоць бутэлькамі з вадой забяспечаны ўсе аўдыторыі. Чаму б і не, калі абітурыентам так зручна?

Арганізатары ЦТ успамінаюць, як у мінулыя гады дапамагалі абітурыентам з калькулятарамі (хоць пункт тэсціравання і не абавязаны гэтага рабіць).

— На экзамене па фізіцы і хіміі можна карыстацца найпрасцейшымі калькулятарамі, — тлумачыць Яўген Чарнавус. — Але здараецца, што абітурыенты прыхо­дзяць з інжынерным калькулятарам, з убудаванай памяццю, на якім ёсць магчымасць захоўваць формулы. Гэта не дапускаецца, з такім калькулятарам нельга ўваходзіць у аўдыторыю. Каб маладыя людзі не засталіся без такога важнага інструмента, мы даём ім у карыстанне свае кулькулятары.

Абітурыенты не здагадваюцца, але часам яны карыстаюцца нават калькулятарам рэктара.

Сакратар арганізацыйнай камісіі расказаў, што кожны год сустракаюцца абітурыенты, якія наўмысна ідуць супраць правіл. Яны як быццам выпрабоў­ваюць сістэму на трываласць. Напрыклад, прыносяць ручкі з каляровым чарнілам (зялёным, чырвоным, сінім), хоць ім тлумачаць: чорны колер патрэбен для кантраснасці, каб сканер карэктна распазнаваў усе знакі, і гэта найперш у інтарэсах абітурыентаў. Але з году ў год трапляюцца бланкі, дзе адказы запісаны каляровым чарнілам.

— Да гэтага года ў аўдыторыях былі запасныя чорныя гелевыя ручкі, і мы давалі іх абітурыентам, калі тыя забывалі, — тлумачыць ­Яўген Чарнавус. — Сёлета РІКВ змяніў правілы, і цяпер у арганізатараў не павінна быць ніводнай чорнай ручкі. Зрэшты, ручкі набыты. Яны не захоўваюцца ў аўдыторыі, але пры неабходнасці можна паслаць чалавека і забяспечыць  абітурыента такім важным інструментам.

Абітурыенты, якія не з’явіліся на ЦТ па ўважлівых прычынах (хвароба ці іншыя непрадбачаныя абставіны, пацверджаныя дакументальна), могуць прайсці яго ў рэзервовыя дні, папярэдне зарэгістраваўшыся ў адным з пунктаў рэгістрацыі.

Хочацца папярэдзіць абі­турыентаў, каб сачылі за сапраўднасцю сваіх дакументаў. Нягледзячы на бясконцыя напаміны, штогод ёсць тыя, хто спрабуе трапіць на ЦТ па сумніўных даведках. Вось і на першы іспыт у БДМУ спрабавала трапіць дзяўчына з даведкай аб тым, што яе пашпарт здадзены ў пашпартны стол для нейкіх тэхнічных працэдур. Натуральна, дзяўчына атрымала адмову. І каб атры­маць дазвол здаць ЦТ у рэзервовы дзень, ёй давя­дзецца пацвердзіць, што прычына, па якой адсутнічаў пашпарт, была ўважлівай.

— Зроблена ўсё неабходнае, каб вынік цэнтралізаванага тэсціравання залежаў выключна ад ведаў і падрыхтоўкі абітурыентаў, — адзначыў кіраўнік рабочай групы Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам правядзення ўступных выпрабаванняў начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КДК Павел Пінчук. — Мы ў сваю чаргу зробім максімум, каб забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх. У кожнай аўдыторыі, дзе праходзіць ЦТ, працуюць прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю.

…Арганізатары распячатваюць пакеты з тэставымі матэрыяламі — і на гэтым наш рэпартаж спыняецца. Мы пакідаем абітурыентаў сам-насам з іх ведамі. У іх наперадзе — 120 хвілін напружанай работы і цішыні.

Аб завяршэнні экзаменацыйнага часу абітурыентаў папярэджваюць за 15 і потым за 5 хвілін. Акрамя таго, за чвэрць гадзіны спыняецца датэрміновая здача тэстаў — такое правіла ўстаноўлена, каб не стваралася натоўпу і залішняга шуму, а ўсе астатнія маглі спакойна завяршыць работу.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S.

Прыемна, што з году ў год абітурыенты становяцца ўсё больш адказнымі. Як паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк, цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове прайшло без парушэнняў. Па медыцынскіх паказаннях экзамен не прайшлі чатыры чалавекі. Ім будзе дадзена магчымасць яшчэ раз здаць ЦТ па беларускай мове ў рэзервовы дзень.