Інстытут адзінства

- 12:52Адукацыйныя магчымасці

Будынак Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта знаходзіцца ў сэрцы горада — на праспекце Незалежнасці, 24. Гэтак жа ўстанова займае цэнтральнае месца ў жыцці тых, хто пераступае яе парог у статусе студэнта.

Падраздзяленне ўзнікла як тэалагічны факультэт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў 1992 годзе. Месца размяшчэння вучэбнага корпуса было выбрана нездарма: некалі тут была духоўная кансісторыя, дзе вырашаліся пытанні аб змене веравызнання, аб скасаванні шлюбаў, спрэчках паміж духавенствам. Акрамя таго, у розныя гады ў будынку працавалі архірэі Праваслаўнай царквы. З 2004 года Інстытут тэалогіі стаў структурным падраздзяленнем БДУ.

Інстытут тэалогіі — унікальная навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыяліс­таў у галіне багаслоўя і рэлігіязнаўства. Галоўная задача падраздзялення не проста падрыхтоўка тэолагаў і рэлігіязнаўцаў, а фарміраванне ўсебакова развітой асобы, кампетэнтнай у розных сферах.

Навучанне ў Інстытуце тэалогіі доўжыцца чатыры гады. Гэты час дазваляе студэнтам атрымаць асаблівую сістэму ведаў і каардынат, па якіх яны змогуць далей развіваць навыкі і ўдасканальвацца ў прафесіі. Для тых, хто хоча вучыцца далей, адкрыта магістратура (тэрмін навучання — год і 8 месяцаў). Да 2020 года ІІ ступень тут была філасофска-рэлігіязнаўчай, сёння ж яна цалкам тэалагічная.

— З развіццём інавацыйных працэсаў значэнне чалавечай асобы часам страчваецца. Таму тэолаг павінен ісці наперад, прадбачыць небяспеку ў тых ці іншых працэсах, засцерагаць людзей ад памылак і не дапускаць падзення іх маральных арыенціраў, — заўважае спецыяліст аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю Інстытута тэалогіі БДУ Кірыл Корбут. — Мы заўсёды гаворым, што тэалогія не 4 гады заняткаў, практык, залікаў і экзаменаў. Гэта лад жыцця, змяненне сябе і спроба паказаць, што ў заблытаным і часта несправядлівым свеце існуюць магчымасці жыць шчасліва.

Акрамя асноўных спецыялізаваных прадметаў (вывучэнне Свяшчэннага Пісання Старога і Новага Запаветаў, багаслоўя, літургікі, патралогіі, сектазнаўства, рэлігійнай філасофіі), студэнты вывучаюць некалькі замежных моў: англійскую, нямецкую, французскую (на выбар), старажытнагрэчаскую, стараславянскую, іўрыт і латынь.

Ва ўстанове дзейнічаюць тры кафед­ры: багаслоўя, рэлігіязнаўства і кафед­ра біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння. На 1 курсе студэнты знаёмяцца з навуковым светам — вучацца пісаць рэфераты, якія дапамагаюць вызначыць сферу інтарэсаў маладых людзей. На 2 курсе хлопцы і дзяўчаты выбіраюць кафедру, якая курыруе напрамак, цікавы студэнту. За 2 і 3 курсы будучым тэолагам трэба напісаць чатыры курсавыя работы. Акрамя таго, студэнты ўдзельнічаюць у навуковых мерапрыемствах, арганізаваных інстытутам, — міжнародных канферэнцыях “Хрысціянскія каштоўнасці ў сучасным свеце” і “Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні” (з’яўляецца сімвалам установы). На іх абмяркоўваюцца перадавыя пытанні ў галіне тэалогіі і рэлігіязнаўства.

У напісанні артыкулаў і работ мола­дзі дапамагае фонд бібліятэкі Інстытута тэалогіі. Тут знаходзіцца шмат спецыялізаванай літаратуры: значная частка кніг складаецца з работ нямецкіх рэлігіязнаўцаў на мове арыгінала, энцыклапедый і падручнікаў па мовах. Сустракаюцца і рэдкія старажытныя экзэмпляры — у асноўным Біблія і богаслужбовая літаратура ХІХ стагоддзя (дарэчы, доступ да выданняў маюць не толькі студэнты, але і ўсе зацікаўленыя).

На 1 курсе студэнты праходзяць літургічную практыку ў дамашняй царкве ўстановы. Тут моладзь вучыцца чытаць па-царкоўнаславянску, спяваць у хоры, знаёміцца з храмамі, чынапаследаваннем праваслаўнага богаслужэння. На 2 і 3 курсах хлопцаў і дзяўчат чакае педагагічная практыка ва ўстановах адукацыі. Пераддыпломная практыка складаецца з рэлігіязнаўчага (работа з замежнай перыёдыкай у Нацыянальнай біблі­ятэцы) і педагагічнага кампанентаў (выкладанне гісторыі і грамадазнаўства). Магістранты прахо­дзяць педагагічную практыку ва ўстановах вышэйшай школы: моладзь вучыцца весці лекцыі на іншых факультэтах БДУ (найперш гістарычным і факультэце філасофіі і сацыяльных навук).

За шмат гадоў ва ўстанове склалася традыцыя ладзіць чаяванне, падчас якога студэнты і выкладчыкі камунікуюць паміж сабой. Інстытут тэалогіі невялікі — тут вучыцца 120 чалавек, таму ўсе святы праводзяцца разам. Студэнты арганізоўваюць творчыя вечарыны, спява­юць пад гітару, сустракаюць гасцей з іншых факультэтаў (часта ў інстытуце можна сустрэць гісторыкаў, філосафаў і нават ваенных) і прыдумваюць уласныя праекты. Сярод іх вылучаецца своеасаблівая візітоўка ўстановы — Музей Бібліі. Гэта студэнцкі праект, які стваралі як навуковую і асветніцкую пляцоўку. Тут можна ўбачыць, патрымаць і нават пачытаць галоўную кнігу хрысціян на розных мовах. Ролю экскурсаводаў на сябе бяруць студэнты-тэолагі, якія расказваюць гасцям гісторыю Бібліі, тлумачаць, як правільна чытаць Свяшчэннае Пісанне. Так простымі словамі маладыя людзі дзеляцца ведамі, якія атрымліва­юць падчас вучэбнага працэсу.

Для чацвёртакурсніцы Евы Далецкай галоўнае ў жыцці — знайсці канстанты, якія дапамогуць чалавеку арыентавацца ў падзеях, што будуць адбывацца на працягу жыцця. У Інстытут тэалогіі дзяўчыну прывяло жаданне разабрацца ў пытаннях асабістай веры, доказах жыцця Бога, міжканфесійных адносінах.

— Асяроддзе адрэагавала на мой выбар дастаткова забаўна. На момант паступлення вакол мяне знаходзіліся лю­дзі, якія ўспрымалі рэлігійнасць не як феномен, а як знешнюю абрадавасць. Многія вырашылі, што я абрубіла крылы сваёй будучыні і ці здурнела, ці вырашыла сысці ў манастыр. Большасць з іх не разумела, як можна атрымліваць рэлігійную і свецкую адукацыю адначасова, — узгадвае студэнтка. — Калі першы раз пасля паступлення прыехала ў школу, нехта нават запытаўся, чаму я не ў доўгай чорнай спадніцы, мабыць, маючы на ўвазе манаскія рызы. Падобных выпадкаў было мноства, але такая рэакцыя не выклікала нязручнасці, бо гэта мой выбар.

Па словах чацвёртакурсніцы, Інстытут тэалогіі па насычанасці і тэмпе жыцця не саступае любой іншай установе адукацыі.

— Можа падавацца, што, калі чалавек атрымлівае рэлігійную адукацыю, ён замыкаецца ў той сістэме каштоўнасцей, якую вызнае. Але на ўласным вопыце і вопыце маіх сяброў з інстытута бачу: калі студэнт атрымлівае арганічна пабудаваную адукацыю, якая выкарыстоўвае гістарычнасць, дасягненні навукі, палеміку, то да заканчэння ўстановы ён набывае гнуткасць думкі, засвойвае крытычны падыход, вучыцца паважаць чужыя меркаванні і спрачацца без непрыязнасці, — лічыць Ева.

Студэнтка расказвае, што самымі незабыўнымі момантамі ў сценах інстытута лічыць капуснік (свята першакурснікаў), медыум (сярэдзіна навучання) і гутарку першакурснікаў з духоўнікам.

— Гутарка 1 курса з духоўнікам — нешта незвычайнае, — пераканана дзяўчына. — Гэты свяшчэннік асаблівы для ўсіх нашых студэнтаў: да бацюшкі Сергія можна прыйсці з любымі праблемамі і перажываннямі. Ён ў першыя тры месяцы вучобы ладзіць чаяванне, куды таксама запрашаюцца старшакурснікі. Там людзі знаёмяцца, расказваюць пра свае шляхі да інстытута, абменьваюцца гісторыямі са студэнцкага жыцця. Сапраўды цікава бачыць у гісторыях тых, хто толькі паступіў, сябе і сваіх аднакуснікаў і сяброў.

Ганна Чырыкава таксама паступіла ў Інстытут тэалогіі ў 2016 годзе. Дзяўчына мэтанакіравана рыхтавалася да па­ступлення з 9 класа, пасля таго як, дзякуючы школьнаму факультатыву “Асновы праваслаўнай культуры”, адчула цікавасць да тэалогіі.

Па словах студэнткі, тут ёсць шмат спосабаў рэалізаваць сябе. У школе Ганна захаплялася музыкай, іграла на некалькіх музычных інструментах і ў пачатковых класах нават спявала ў хоры. Паступіўшы ў інстытут, яна думала, што зможа займацца выключна вучобай, а на музыку часу не застанецца. Але ўся­дзець на месцы яна ўсё ж не магла і вырашыла прайсці праслухоўванне ў хор капліцы Інстытута тэалогіі. Дзяўчына з цеплынёй расказвае, што рэгент хору Кацярына Гарохава прыклала нямала намаганняў, каб навучыць навабранцаў царкоўным спевам. Ганна ўспамінае, наколькі яна паглыбілася ў гэты занятак і з якой ахвотай студэнты прыходзілі на рэпетыцыі па некалькі разоў на тыдзень.

— На працягу ўсяго навучання мяне здзіўляе атмасфера, у якой мы знахо­дзімся. Праз тое, што нас няшмат, усе выкладчыкі і студэнты ведаюць адно аднаго, і мы быццам сям’я, бо ўсе імкнуцца дапамагчы, — дзеліцца чацвёртакурсніца. — Надоўга запомню пачуцці, калі ўпершыню прыйшла на пару: мяне ўразілі спевы сумеснай малітвы перад пачаткам заняткаў. Для мяне гэта стала момантам адзінства ўсіх нас, тых, хто сабраўся ў аўдыторыі, — такіх непадобных.

Будучым абітурыентам дзяўчаты пры выбары прафесіі раяць узважыць усе “за” і “супраць” і заўсёды быць гатовым несці за гэта адказнасць.

— Ніколі не адкладвайце. За што б ні ўзяліся, рабіце зараз і выключна добра. Помніце, што самае галоўнае — уцягнутасць у тое, што вы робіце, — гавораць Ганна і Ева.

Характарыстыка ад духоўніка — абавязковая ўмова для паступлення ў інстытут. Яна лепшым чынам паказвае, што чалавек мае сур’ёзны намер не проста атрымаць адукацыю, а стаць тэолагам, змяніць сябе.

Пасля заканчэння інстытута выпускнікі атрымліваюць дыплом з кваліфікацыяй “тэолаг-рэлігіязнавец. Выкладчык грамадазнаўчых дысцыплін”. Гэта дае хлопцам і дзяўчатам магчымасць працаваць у розных сферах: грамадскіх арганізацыях, турыстычных фірмах, СМІ, выдавецтвах, навукова-даследчых цэнтрах і інш. Прыкладна каля 60% выпускнікоў размяркоўваюцца ў сістэму адукацыі, частка маладых людзей звязвае жыццё з царкоўнай дзейнасцю.

— Рэакцыя на тэолагаў, як правіла, станоўчая. Кіраўніцтва ўстаноў адукацыі разумее, што спецыялісты з дыпломам Інстытута тэалогіі маюць добрую гуманітарную падрыхтоўку, — адзначае Кірыл Мікалаевіч. — Любая рэлігія — гэта слова і вобраз. Таму на тэолагах ляжыць вялікая адказнасць: не проста мець практычныя навыкі і веды, але і ўласнымі паводзінамі, ладам жыцця, адносінамі да навакольных увасабляць вобраз сапраўднай любові, мудрасці і высокіх духоўных каштоўнасцей.

У Інстытуце тэалогіі БДУ студэнты атрымліваюць не проста веды, а нешта большае. Тое, што нельга купіць і пра­даць — непераходныя каштоўнасці, культуру адносін паміж людзьмі, жывую цікавасць і ўключа­насць у праблемы свету і чалавека. Інстытут тэалогіі рыхтуе асоб з шырокім бачаннем свету, неабыякавых і адказных, тых, для каго няма чужых лю­дзей, асоб, у якіх розум і сэрца знаходзяцца ў абсалютнай гармоніі, а словы і думкі не разыходзяцца з учынкамі.

— Наш інстытут — гэта праваслаўны Хогвартс, адно з незвычайных месцаў, дзе трэба быць гатовым здзіўляцца, — заўважыла Ева Далецкая. Цяжка ска­заць лепш.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва Інстытута тэалогіі БДУ.