Інтэграцыя краязнаўства ў адукацыйны працэс: вопыт Ленінскай сярэдняй школы

- 9:00Главная, Новости

У дзяцей асаблівая эмацыянальная сувязь з тым месцам, дзе яны нарадзіліся. З гэтай прычыны выхоўваць патрыятызм, духоўнасць і грамадзянскасць лепш за ўсё не на абстрактных ідэалах, а на блізкіх і зразумелых навучэнцам прыкладах. Такога меркавання пры­трымліваецца педа­га­гіч­ны калектыў Ле­нін­скай сярэдняй школы Краснапольскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Вакол нашай навучальнай установы размешчана мноства гістарычных помнікаў. З вёскі Леніна паходзіць нямала вядомых лю­дзей, выбітных працаўнікоў і абаронцаў Айчыны. Багаты краязнаўчы матэрыял настаўнікі ўсебакова інтэгруюць у адукацыйны працэс, — пачала размову намеснік дырэктара Жанна Сокалава.

Паводле яе слоў, рэгіянальны кампанент шырока выкарыстоўваецца педагогамі ў структуры ўрокаў і на пазакласных мерапрыемствах. Падмогай у гэтай справе служыць школьны музей, дзе сабраны ўнікальныя экспанаты аб гісторыі Краснапольшчыны.

— Сёлета мы завяршылі рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта, які быў накіраваны на фарміраванне эмацыянальна-каштоўнасных адносін навучэнцаў да гераічнага мінулага беларускага народа праз выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна. Інавацыя матывавала настаўнікаў да ўдасканалення выхаваўчай работы. Акцэнт зрабілі на далучэнні дзяцей да праектнай, даследчай і пошукавай дзейнасці, — працягнула Жанна Міхайлаўна.

Вывучэнне роднага краю захапіла ўсіх вучняў школы — з 1 па 11 клас. Разам з педагогамі дзеці здзяйснялі паходы і экскурсіі па наваколлі вёскі. У ходзе даследаванняў навучэнцы дэталёва вывучылі традыцыі, звычаі, абрады сваіх продкаў. Вынікам падарожжаў стала складанне турыстычнага маршруту “У госці да радзімічаў”.

— Вандроўка дапамагае азнаёміцца з археалагічнымі помнікамі Ленінскага сельскага савета: наглядна ўба­чыць курганныя могільнікі перыя­ду неаліту, старажытнае гарадзішча, рэшткі сярэдневяковай сядзібы памешчыка, ландшафтны заказнік. Адметна, што наш маршрут размешчаны на інтэрактыўнай карце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, — адзначыла Жанна Сокалава.

Акрамя таго, у школе распрацавалі шэраг тэматычных праектаў. Дзеці даследавалі тапаніміку роднай вёскі, гаючыя крыніцы на тэрыторыі раёна. Знакавым стаў праект “Сялянскі побыт беларусаў: повязь сучаснага і мінулага”, які разам з вучнямі ажыццявіла настаўніца пачатковых класаў Святлана Шамянкова.

— Вывучэнне народных традыцый — першасны аспект у станаўленні патрыятызму. Але тут нельга абмяжоўвацца матэрыялам з падручнікаў. Патрэбны больш творчыя і даступныя для дзіцячага ўспрымання формы падачы інфармацыі. Менавіта таму ўзнікла ідэя стварэння відэаэкскурсу па старадаўняй сялянскай хаце з адсылкай да сучаснасці. Разам з дзецьмі мы ўбачылі бажніцу, покуць, калаўрот, матавіла. А пасля даведаліся, для чаго ўжываліся гэтыя прадметы, ці ёсць яны ў дамах цяперашняга пакалення беларусаў. Атрыманыя звесткі прэзентавалі ў фармаце займальнага відэароліка, — расказала Святлана Сцяпанаўна.

Шмат даследаванняў педагогі і вучні прысвяцілі падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Імі была створана настольная гульня “Піянеры-героі” і праект “Памяць мацнейшая за час”, дзе прадстаўлены біяграфіі, апісанне подзвігаў і жыццёвага шляху юных удзель­нікаў вайны — ураджэнцаў Краснапольшчыны.

— У рамках інавацыі наш педагагічны калектыў распрацаваў разнастайны метадычны інструментарый: сцэнарыі ўрокаў, заняткаў на базе музея, выхаваўчых мерапрыемстваў. Зараз матэрыялы праходзяць экспертызу, пасля будуць распаўсюджаны ў адпаведным друкаваным зборніку. Укараненне рэгіянальнага кампанента ў навучанне будзем працягваць. У гэтай справе знаходзім істотную падтрымку з боку бацькоў навучэнцаў і сацыякультурных устаноў аграгарадка. Такое адзінства ў выхаванні вельмі важна, бо прывіць дзецям правільныя каштоўнасці і арыенціры можна толькі сумеснымі намаганнямі, — запэўніла Жанна Сокалава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара