Некаторыя вынікі мінулага і перспектывы новага года для сістэмы адукацыі Навагрудчыны карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з начальнікам упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Ірынай Скобляй.
— Ірына Міхайлаўна, якія рэперныя кропкі вызначылі выніковасць дзейнасці сістэмы адукацыі вашага рэгіёна ў мінулым годзе?
— Такіх кропак шмат, але назаву некалькі. Па выніках цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання 13 нашых выпускнікоў атрымалі стабальныя вынікі. Выпускнік гімназіі № 1 Навагрудка Павел Мантуш атрымаў два стабальныя сертыфікаты — па хіміі і беларускай мове.
Шэсць навучэнцаў і шэсць педагогаў атрымалі прэміі раённага выканаўчага камітэта, восем — Беларускага фонду міру і Беларускага дзіцячага фонду. Нашы навучэнцы атрымалі 8 дыпломаў на абласной алімпіядзе і 3 дыпломы на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Навучэнец сярэдняй школы № 4 Навагрудка імя П.А.Мазура Лазар Маляўскі стаў лаўрэатам прэміі А.І.Дубко па падтрымцы таленавітых дзяцей Гродзеншчыны.
Педагогі Навагрудчыны — аўтары вучэбных дапаможнікаў, якія выкарыстоўваюцца ва ўстановах адукацыі краіны. У 2024 годзе ў педагагічных СМІ апублікавана 185 матэрыялаў педагогаў раёна.
— Наколькі змаглі абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу ва ўстановах адукацыі?
— Шмат было зроблена ў гэтым напрамку. Эфектыўная работа праводзілася па аснашчэнні вучэбных кабінетаў сучасным вучэбным абсталяваннем — у мінулым годзе нават заваявалі два дыпломы ІІІ ступені на абласных конкурсах, дзе прадстаўляліся прадметныя кабінеты.
Увогуле, у 2024 годзе шмат увагі ўдзялялася мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі. У адной з самых вялікіх школ горада быў праведзены капітальны рамонт (гаворка пра школу № 7). Адрамантавалі дах у Любчанскай сярэдняй школе імя Л.П.Сечка. Тут жа, дзякуючы рэспубліканскаму сацыяльнаму праекту Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па падтрымцы спорту і здаровага ладу жыцця “Спорт для ўсіх” і ўдзелу Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта, была абсталявана шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка.
Акрамя таго, былі прыведзены ў сучасны выгляд іншыя спартыўныя аб’екты ўстаноў адукацыі, зроблена асфальтавае пакрыццё на бегавых дарожках, баскетбольных, валейбольных пляцоўках.
Набылі 28 адзінак халадзільнага, тэхналагічнага абсталявання, больш за 10 000 адзінак кухоннага посуду і сталовых прыбораў для аб’ектаў харчавання ва ўстановах адукацыі. Акрамя таго, у мінулым годзе пачаліся работы па рэканструкцыі харчаблока дзіцячага сада № 11 Навагрудка.
— Думаю, што гэтыя пачынанні знойдуць свой працяг і ў 2025 годзе?
— Канечне. Мы зрабілі добры зачын для работы ў 2025 годзе, які кіраўніком дзяржавы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. І, канечне, не плануем спыняцца на дасягнутым. У нас прадугледжаны комплекс мер, накіраваны на стварэнне і падтрымку ва ўстановах адукацыі зручнага, сучаснага і арганізаванага вучэбнага асяроддзя.
У 2025 годзе будзем актыўна займацца добраўпарадкаваннем тэрыторый устаноў адукацыі. У планах — працяг аснашчэння і мадэрнізацыі. Гаворка пра спартыўныя аб’екты, харчаблок дзіцячага сада № 3 Навагрудка, набыццё надворнага абсталявання для дзіцячых садоў, рамонт дахаў і фасадаў. Усё гэта будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і арганізацыі бяспечных умоў.
— Якія высновы напрошваюцца пасля заканчэння першага паўгоддзя навучальнага года?
— Першае паўгоддзе бягучага навучальнага года прайшло ў штатным рэжыме. Дзеці вучыліся, педагогі працавалі. Дзейнасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу была накіравана на атрыманне высокіх вынікаў. Прынамсі, 19 навучэнцаў прынялі ўдзел у трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, нямецкай мове, геаграфіі, матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, працоўным навучанні. З іх 9 вярнуліся з дыпломамі.
Шмат увагі ўдзялялі патрыятычнаму выхаванню нашых дзяцей. У апошні час рэгулярна арганізоўваем экскурсіі ў Мінскі міжнародны выставачны цэнтр, дзе праходзіць маштабная выстава “Мая Беларусь”. Навучэнцы і педагогі большасці школ раёна ўжо наведалі гэтую папулярную выставу, з якой прывезлі мноства эмоцый і ўражанняў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі