Калі слухаюцца нават робаты

- 8:41Адукацыйныя магчымасці

Вы толькі паглядзіце на твары гэтых юнакоў: канцэнтрацыя, напружанасць думкі і адначасова зацікаўленасць лёгка прачытаюцца на іх. Хлопцы ўжо змадэлявалі свайго робата з канструктара Lego. Засталася справа за малым: запраграмаваць робата, каб ён з любога кутка аўдыторыі даехаў да загадзя падрыхтаванай жоўтай лініі і на ёй спыніўся.

Безумоўна, я ўтрырую, кажучы пра лёгкасць праграмавання. Тым не менш многія юнакі, якія прыйшлі на майстар-клас па зборцы лега-робатаў, з заданнямі спраўляліся лёгка, нягледзячы на тое, што некаторыя з іх займаліся гэтым упершыню.
“Любы робат без праграмы — проста статуя. Запраграмаваць робата, каб ён даехаў да жоўтай лініі і на ёй спыніўся, даволі проста. Тут не трэба валодаць папярэднімі навыкамі, усё можна зрабіць інтуітыўна”, — адзначыла Кацярына Князева, выкладчык і па сумяшчальніцтве завуч Малой камп’ютарнай акадэміі “Крок”, якая праводзіла майстар-клас.
Дзеля гэтага пры зборцы робата ў яго ўбудавалі датчык колеру, які можа працаваць у трох рэжымах. Ён можа рэагаваць на колер, можа вымяраць яркасць адлюстраванага колеру і вызначаць яркасць знешняга асвятлення. Хлопцы праграмавалі рэакцыю на колер. На экран, дзе пісалася праграма, зазірнула і я. На ім было адкрыта белае поле для праграмавання з рознакаляровымі палітрамі, якія адпавядаюць розным камандам. Юнакі хутка зразумелі: каб праехаць наперад, трэба ўзяць блок, на якім намаляваны руль. Трохі складаней было задаць каманду, каб робат спыніўся на лініі. Аднак і з гэтым яны даволі лёгка справіліся.
Майстар-клас па зборцы лега-робатаў быў не адзіным, які мелі магчымасць наведаць маладыя людзі ў Ліцэі БДУ. Пазнаёміцца яны маглі і са спосабамі выяўлення адбіткаў пальцаў і аналізу почырку — тым, чаму вучаць на кафедры крыміналістыкі юрыдычнага факультэта БДУ. Маглі зазірнуць і ў мікраскоп, пад якім можна было ўбачыць клеткі спіннога мозгу і зародак пацука. Такую магчымасць прапаноўваў біялагічны факультэт БДУ.
Усе гэтыя мерапрыемствы праводзіліся ў рамках фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі “Запрашэнне ў свет навукі”, які заўчора прайшоў у Ліцэі БДУ.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.