Калі спецыяльнасці запатрабаваны і абітурыентамі, і рынкам…

- 11:25Уступная кампанія

“Дзе густа, а дзе пуста” — паводле гэтага прынцыпу размяркоўваюцца абітурыенты па ўстановах адукацыі ўжо не першы год. І калі паглядзець уважліва, то добра відаць прычыны таго, чаму недзе перабор, а недзе недабор. Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж адносіцца да тых устаноў, дзе сёлета было “густа” абітурыентаў: конкурсы на большасць спецыяльнасцей тут выраслі, і, як вынік, — павысіліся прахадныя балы.

“Дэмаграфічнага спаду мы не заўважылі”

У аўтамеханічным каледжы супалі дзве важныя рэчы: з аднаго боку, яго спецыяльнасці папулярныя ў моладзі, а з другога — запатрабаваны на рынку працы. А гэтае супадзенне характэрна не для многіх ССНУ і ВНУ. Абітурыенты актыўна ідуць на аўтамабільныя спецыяльнасці, небеспадстаўна разлічваючы на добрааплатную работу ў далейшым.
“Адна з высакаконкурсных спецыяльнасцей у каледжы — “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, — расказвае дырэктар Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Валерый КІРЫЛЕНКА. — Напрыклад, пасля 9 класаў па гэтай спецыяльнасці конкурс склаў 3,63 заявы на адно бюджэтнае месца, тады як сярэдні конкурс пасля базавай школы быў 1,55.
Дарэчы, у 9-класнікаў, якія здаюць пры паступленні іспыты па мове і матэматыцы, карыстаюцца папулярнасцю падрыхтоўчыя курсы пры каледжы. Гэта гаворыць аб тым, што школьнікі настроены на канкурэнцыю.
На спецыяльнасць “Аўтасэрвіс” — гэта другая папулярная спецыяльнасць — сярод выпускнікоў 11 класаў конкурс на бюджэтнае месца склаў 2,2 заявы. Каб вы маглі параўнаць, скажу, што агульны конкурс па каледжы на базе 11 класаў і прафтэхадукацыі склаў 1,8 заявы на бюджэтнае месца.
У цэлым на дзённым аддзяленні каля 70% набору прыйшлося менавіта на спецыяльнасці “Аўтасэрвіс” і “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. На завочнае аддзяленне на “Тэхнічную эксплуатацыю аўтамабіляў” мы набралі больш за 190 чалавек.
Абітурыенты ахвотна выбіраюць платнае навучанне: суадносіны бюджэтнага і платнага набору сёлета складаюць 51 і 49 % адпаведна.
Моладзь ідзе не толькі на аўтамабільныя спецыяльнасці. Напрыклад, на спецыяльнасць “Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці” на базе 11 класаў конкурс амаль склаўся яшчэ да таго, як завяршыўся прыём у ВНУ. Гэта вельмі рэдкая для Беларусі спецыяльнасць. Асноўны спажывец ліцейшчыкаў — Мінскі аўтамабільны завод”.

“Мы вельмі зацікаўлены ў абітурыентах з добрым багажом ведаў”

Паколькі ў каледж прыйшло больш абітурыентаў, натуральна, з’явілася магчымасць выбіраць лепшых. Так, у гарадскіх абітурыентаў спецыяльнасці “Аўтасэрвіс” прахадны бал быў 150, а ў сельскіх — 140. Максімальны бал у тых, хто падаваў сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання, склаў 250.
“Гэта нямала, — лічыць Валерый Рыгоравіч. — Чым вышэй бал пры паступленні, тым лепшая база ў навучэнца, значыць, яму лягчэй вучыцца. Магчыма, гэта дазволіць адлічваць менш навучэнцаў. З другога курса пачынаюцца агульнатэхнічныя дысцыпліны: інжынерная графіка, тэхнічная механіка, агульная электратэхніка, тэхналогія канструкцыйных матэрыялаў. Цяжэй за ўсё даводзіцца тым, хто паступіў пасля 9 класаў. Часта яны не вытрымліваюць нагрузкі, бо за першы курс у каледжы ім трэба прайсці школьную праграму за два класы”.

“У маладзёжы папулярная… высокая зарплата”

“Чаму нашы спецыяльнасці карыстаюцца попытам у моладзі — лёгка тлумачыцца: яны бачаць рэальныя магчымасці зарабіць, — працягвае дырэктар. — Як правіла, на чацвёртым курсе большасць навучэнцаў ужо працуе. Яны разумеюць, што не абавязкова мець вышэйшую адукацыю, каб сябе забяспечваць.
Транспарту становіцца больш, таму заўсёды будуць патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты для правядзення належнага сэрвісу. Выпускнікі аўтамеханічнага каледжа могуць працаваць і ў канструктарскіх бюро, на заводах, у арганізацыях, што займаюцца продажам запчастак, а таксама могуць адкрыць уласную справу.
Невыпадкова працэнт паступлення выпускнікоў у ВНУ адразу пасля каледжа невысокі. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што з нашымі спецыяльнасцямі можна працаваць і зарабляць грошы. Калі ў далейшым выпускнікам патрабуецца вышэйшая адукацыя для таго, каб адкрыць свой аўтасэрвіс, станцыю тэхабслугоўвання, аўтацэнтр, тады яны яе і атрымліваюць”.

“Рэсурсны цэнтр прывядзе да прарыву”

Адна з галоўных прычын папулярнасці МДАК — тое, што вучэбны працэс і матэрыяльную базу тут імкнуцца прывесці ў адпаведнасць з запытамі рэальнага сектара. У каледжы, напрыклад, для практычнага навучання выкарыстоўваецца ўласная станцыя тэхабслугоўвання, магазін аўтазапчастак, школа падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі вадзіцеляў, вучэбны аўтадром.
“Да канца гэтага каляндарнага года ў каледжы будзе створаны рэсурсны цэнтр па напрамку “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў і аўтасэрвіс”, — паведаміў Валерый Кірыленка. — Цэнтр будзе аснашчаны найсучаснейшым вучэбным абсталяваннем для дыягностыкі аўтамабільнай электронікі. Акрамя таго, сёлета мы збіраемся закупіць абсталяванне па рамонце і тэхнічным абслугоўванні паліўнай апаратуры.
Спецыялісты ў галіне дыягностыкі і рамонту аўтамабільнай электронікі, а таксама паліўнай апаратуры ў Беларусі зараз асабліва каштоўныя і дэфіцытныя. Таму, думаю, стварэнне рэсурснага цэнтра стане прарывам у навучанні па гэтых актуальных напрамках. Па аўтамабільных спецыяльнасцях і зараз вельмі нямногія каледжы могуць з намі канкурыраваць.
Дзякуй Мінгарвыканкаму, што пяць гадоў назад у нас з’явіўся другі корпус, а літаральна ў 2013 годзе каледжу перадалі майстэрні, якія знаходзяцца пры корпусе. На іх базе мы пашыраем лабараторыі па тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў. Абітурыентаў прыходзіць шмат, таму патрэбна ўсё больш плошчаў для іх навучання.
Відавочна, з адкрыццём рэсурснага цэнтра нам прыйдзецца павялічваць набор не толькі абітурыентаў на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але і дарослага насельніцтва на перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі. Таксама будзем вучыць замежных грамадзян. Вучэбнае абсталяванне ў рэсурсным цэнтры будзе ўнікальным, і гэта, я ўпэўнены, прывабіць замежнікаў. Мы ставім задачу загрузіць цэнтр па поўнай праграме, бо попыт чакаем незвычайны!”

“Патрэбны актуальныя спецыяльнасці і новыя падыходы да навучання”

Шкада, што не ўсім каледжам так шанцуе з рэсурснымі цэнтрамі. Толькі па лініі Міністэрства адукацыі для стварэння цэнтра ў МДАК выдзелена каля 12 мільярдаў рублёў. Што можна зрабіць іншым, каб сярэдняя спецыяльная адукацыя стала больш прывабнай для моладзі?
“На мой погляд, на абітурыентаў вельмі ўплывае тое, якія спецыяльнасці прапаноўваюць навучальныя ўстановы, — лічыць В.Р.Кірыленка. — Кіраўнікам і калектывам каледжаў трэба працаваць над спецыяльнасцямі: шукаць нешта новае, а працэс навучання напаўняць актуальным зместам, новымі тэхналогіямі, сучасным абсталяваннем. Калі б мы не ўдасканальвалі матэрыяльную базу, не змянялі падыходы да навучання, то былі б менш прывабнымі”.

Запісала Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.