Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пабывала ў аграгарадку Кароўчына, што на Дрыбіншчыне, — у мясцовай школе дзеці разам з настаўнікамі кожную зіму ходзяць калядаваць. А Каляды тут адзначаюць тры разы — посныя, тоўстыя і вадзяныя.
Пра гэтую цікавую традыцыю пагаварылі з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Надзеяй Фісун, якая і знаёміць школьнікаў з мясцовымі абрадамі.

Надзея Фісун і Анатоль Кулікоўскі
У гісторыка-этнаграфічным музеі “Бабіна хата”, які выглядае як сапраўдны сялянскі пакой, накрыты стол. Не з імітаванымі, а сапраўднымі беларускімі каляднымі пачастункамі: тут і каўбаса, і бліны, і куцця, і смачныя булкі. Каля стала, засланага прыгожымі ручнікамі, сядзяць “баба” і “дзед” — Надзея Фісун і настаўнік фізічнай культуры і здароўя, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Анатоль Кулікоўскі — чакаюць гасцей. Яны так добра ўжыліся ў ролю, што нават не заўважаеш, што ты ў школе, бо хочацца далучыцца да святкавання: пець калядкі, якія тут добра ведаюць у тым ліку і дзеці, азнаёміцца з усімі тонкасцямі старажытнага дзейства. У пакой уваходзяць пяцікласнікі, апранутыя ў прыгожыя вышываныя касцюмы, з імі — педагог-арганізатар настаўніца працоўнага навучання і геаграфіі Кацярына Гуляева, якая нясе калядную зорку. І пачынаецца калядаванне, падчас якога каза то памірае, то зноў ажывае. Усё гэта суправаджаецца танцамі і песнямі. У выніку ўсе ўдзельнікі задаволены і дзеляцца пачастункамі.

Кацярына Гуляева
У Кароўчынскай школе Калядкі — гэта не проста спектакль у музеі, а сапраўднае дзейства. Калядоўшчыкі ходзяць па хатах, заходзяць на пошту, у магазін, у Дом рамёстваў, дзіцячы сад — там вучняў і настаўнікаў традыцыйна чакаюць.
— Калядаваць я навучылася яшчэ ў дзяцінстве, — расказвае Надзея Сцяпанаўна. — Нарадзілася і жыла тут, у Кароўчыне, і мяне, малую, дарослыя бралі з сабой калядаваць. Мы хадзілі па хатах і, памятаю, чаго толькі не накалядоўвалі! Цукерак тады не так шмат было, як сёння, таму людзі давалі сала, каўбасы, пірагі. Многім абрадам мяне навучыла маці. Наогул усе вяскоўцы добра іх ведалі, старыя традыцыі арганічна ўпляталіся ў наша жыццё. Вядома, мы, малыя, калядаваць вельмі любілі. Вось і сучасныя дзеці добра адгукаюцца на такія святы. Асабліва ім падабаецца апранацца ў нацыянальныя касцюмы, у якіх яны потым з задавальненнем фатаграфуюцца. Вельмі сур’ёзна ставімся да каляднага стала, пад абрус абавязкова кладзём сена, каб у хаце багата жылося. Гатуем спецыяльныя стравы: увечар напярэдадні Раства — посныя, напрыклад, куццю з ячных круп. Памятаю з дзяцінства яе смак і як маці даставала развараную, духмяную кашу з печы. Нешта падобнае, дарэчы, падаюць нашым дзецям зараз у школьнай сталовай. Першую лыжку каляднай куцці мы даём Дзеду Марозу і гаворым: “Мароз, ідзі кашу есці, зімой прыходзь, а летам не хадзі, пасевы не губі, пад печчу сядзі”. У іншыя дні Каляд стравы ўжо мясныя, больш разнастайныя. Нашы аднавяскоўцы раней у гэты перыяд калолі парсюкоў, смажылі каўбасы, звалі родных на бліны з маслам. Вядома, хадзілі калядаваць, прычым рабілі гэта ў асноўным дзеці. Пелі песні-шчадроўкі, ігралі на гармоніку. Зараз мы падключаем да Каляд нашага настаўніка Анатоля Кулікоўскага, які іграе на гэтым інструменце, вучым з дзецьмі кароценькія шчадроўкі і так захоўваем традыцыю. Да нашых Калядак далучаюцца і работнікі Дома культуры.

Каляды ў Кароўчыне адзначаюць у тры этапы: посныя (6 студзеня), тоўстыя (13 студзеня, напярэдадні старога Новага года) і вадзяныя — напярэдадні Вадохрышча, 18 студзеня. Апошнія, дарэчы, таксама посныя.
Музей “Бабіна хата” ў Кароўчынскай школе быў адкрыты ў 1994 годзе настаўніцай гісторыі Валянцінай Паўлюк. Экспазіцыя мае тры раздзелы: “Бабін кут” — з печчу, посудам, прасамі, маслабойкай і іншымі прыладамі гаспадыні. Побач з печчу — палаткі і калыска для дзіцяці. У чырвоным куце размешчаны прадметы народнага майстэрства: ручнікі, абрусы, посцілкі і г.д. У музеі захаваліся ўнікальныя запісы былых настаўнікаў пра калядныя традыцыі, сярод іх — і песні-шчадроўкі, якімі школьныя калядоўшчыкі сёння карыстаюцца.
— У нашай школе малады калектыў, таму хочацца перадаць настаўнікам свае веды аб унікальных беларускіх традыцыях. У тым ліку менавіта нашага раёна, бо шмат абрадаў паходзіць з кароўчынскай зямлі, — гаворыць Надзея Фісун. — Акрамя Каляд, адзначаем іншыя фальклорныя святы — Саракі, Масленіцу, гуляем у народныя гульні. Да нас прыходзяць госці з кароўчынскага Дома рамёстваў, народныя майстры вучаць дзетак плесці лапці, вырабляць цацкі. Мы цэнім мясцовую культурную спадчыну. Кожны год на базе школы на нашым багатым этнаграфічным матэрыяле праводзяцца раённыя і абласныя этапы рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. У 2021 годзе мы нават атрымалі на рэспубліцы дыплом III ступені.
Надзея Сцяпанаўна, расказваючы пра Калядкі, не можа не адзначыць уласцівыя нашай традыцыі дабрыню, глыбокія народныя карані. Калядкі вучаць дзяцей не толькі культуры і абрадам продкаў, але і маральным прынцыпам: не падманваць, дзяліцца, спачуваць бліжнім. Каляды цесна пераплятаюцца з хрысціянскай верай. Зорка — гэта сімвал новага жыцця, сімвал таго, што дабро заўсёды перамагае зло. Па словах настаўніцы, традыцыя калядавання ў школе будзе жыць: у яе ёсць каму перадаць гэтую добрую справу.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара





