Прэс-служба Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ў цяперашнім выглядзе існуе з красавіка 2010 года. Менавіта тады былі аб’яднаны ўніверсітэцкая газета “Імпульс” і відэастудыя, у структуры адзінай службы з’явіўся прэс-сакратар, адказны за сувязь са знешнімі СМІ.
Зараз прэс-служба выконвае больш складаныя задачы і мае істотна лепшыя вынікі, чым калі ўсе згаданыя падраздзяленні працавалі паасобку. Так, колькасць друкаваных
і відэаматэрыялаў пра БДУІР у знешніх сродках масавай інфармацыі за два гады вырасла амаль утрая. Значна павысіўся прэстыж універсітэцкіх СМІ — газеты, тэлебачання і сайта. А ўвогуле можна гаварыць пра стварэнне ў БДУІР адзінай інфармацыйнай прасторы.
Аб’яднаныя адной мэтай
Улічваючы дэмаграфічную сітуацыю ў краіне і ўзмацненне канкурэнцыі сярод навучальных устаноў, відавочна, што кожная ВНУ павінна займацца фарміраваннем і падтрымкай уласнага станоўчага іміджу як унутры ўніверсітэта, так і за яго межамі. Адпаведная задача і была пастаўлена рэктарам БДУІР М.П.Батурам перад прэс-службай.
Аб’яднанне ўсіх інфармацыйных рэсурсаў хутка дало плён, і сёння пра ўніверсітэт ведаюць ва ўсёй краіне, яго дасягненні пастаянна на слыху. І ў БДУІР перакананы, што, у многім дзякуючы шырокай інфармацыйнай рабоце прэс-службы, сюды прыходзяць найбольш падрыхтаваныя абітурыенты.
“Вельмі важна, што інфармацыя ў СМІ даецца не хаатычна, а вельмі прадумана і сістэмна, — гаворыць кіраўнік прэс-службы БДУІР Ала Віктараўна Баярка. — Праблема многіх прэс-службаў (і мы таксама праз гэта прайшлі) заключаецца ў тым, што няма комплекснага падыходу да асвятлення ўсіх дасягненняў ВНУ. Але ў нас выпрацавана стройная, лагічная сістэма інфармацыйнай работы. Як кіраўнік прэс-службы я з’яўляюся членам рэктарата і кожны тыдзень бываю на пасяджэннях, а таму ведаю ўсё, што адбываецца ў БДУІР. Пасля кожнага пасяджэння ў прэс-службе ладзіцца планёрка, дзе абмяркоўваюцца найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ці маюць адбыцца ва ўніверсітэце, і тое, як будзем іх асвятляць: на якія мерапрыемствы варта запрасіць знешнія СМІ, пра што будзем пісаць у газету “Імпульс”, пра што — здымаць відэаролік… Уся інфармацыя знаходзіць адлюстраванне на стужцы навін на ўніверсітэцкім сайце”.
Сёння ў БДУІР ужо сфарміравана адзіная інфармацыйная прастора. Усе супрацоўнікі ведаюць, што пра любую значную падзею трэба паведаміць у прэс-службу. Гэта з’яўляецца гарантыяй таго, што падзея стане здабыткам грамадскасці. У залежнасці ад маштабу падзеі пра яе раскажуць на ўнутраных рэсурсах ці ў знешніх СМІ. Прэс-служба цесна супрацоўнічае з усімі рэспубліканскімі газетамі, вядучымі радыё-і тэлевізійнымі каналамі, інфармацыйнымі агенцтвамі.
“Усе супрацоўнікі прэс-службы — гэта каманда аднадумцаў, — гаворыць Ала Віктараўна. — У нас няма адназначна строгага раздзялення па абавязках. Супрацоўнікі газеты могуць пісаць для сайта, гэтак жа карэспандэнт відэастудыі можа зрабіць інфармацыю для сайта ці заметку ў газету. Такі падыход дазваляе не распыляць рэсурсы і павышае аператыўнасць работы журналістаў”.
Прэс-служба вядзе cтужку навін на ўніверсітэцкім сайце, і трэба сказаць, што ў апошні час падача навін тут таксама змянілася: цяпер да іх, як правіла, падаюцца фотаздымкі, а таксама розны даведачны матэрыял. Пазней навіны ўжо не дубліруюцца ў газеце “Імпульс”, бо і газета, і сайт — гэта ўсё карпаратыўныя СМІ, якія маюць адну і тую ж чытацкую аўдыторыю. Таму ў газеце журналісты стараюцца даваць больш разгорнутую інфармацыю, актуальныя інтэрв’ю, аналітыку.
Сёння ў БДУІР дзейнічае самая буйная ў вышэйшай школе камп’ютарная сетка (амаль 4 тысячы камп’ютараў на 2200 супрацоўнікаў), таму доступ да сайта маюць усе супрацоўнікі ўніверсітэта і студэнты. Невыпадкова сайт БДУІР быў прызнаны лепшым на конкурсе “Інтэрнэт-прэмія “ТІВО-2012”.
Індывідуальны падыход
Карэспандэнты рэспубліканскіх СМІ пацвердзяць, што працаваць з прэс-службай БДУІР — адно задавальненне. Рэдка можна сустрэць такое поўнае разуменне журналісцкай працы і такое імкненне ісці насустрач, якое мы бачым у гэтым універсітэце. Таму, напэўна, ніводнае мерапрыемства ў БДУІР не праходзіць без удзелу рэпарцёраў.
За сувязь са знешнімі СМІ адказвае прэс-сакратар БДУІР Алёна Сакалоўская. Яна забяспечвае інфармацыйную падтрымку мерапрыемстваў, арганізоўвае прэс-канферэнцыі, інтэрв’ю, аналізуе матэрыялы пра ўніверсітэт, якія з’яўляюцца ў СМІ, і размяшчае іх на сайце.
“З прыходам ва ўніверсітэт прэс-сакратара колькасць публікацый і сюжэтаў у СМІ пра БДУІР вырасла ўтрая, — гаворыць Ала Віктараўна. — Мы дасканала аналізуем: ці аб’ектыўна пададзена наша інфармацыя, наколькі яна будзе запатрабавана чытачом (слухачом ці гледачом) і г.д. І мы робім адпаведныя захады для таго, каб інфармацыя пра ўніверсітэт у СМІ была максімальна эфектыўнай. Раней работа ў гэтым напрамку была даволі хаатычнай: прыйшлі да нас, напісалі артыкул ці зрабілі сюжэт — ну і выдатна. Зараз жа мы самі вывучаем запыты кожнага канкрэтнага СМІ, бо тое, што цікава, напрыклад, газеце, мала цікавіць тэлебачанне, і наадварот. Тут патрэбен індывідуальны падыход, таму мы пачалі працаваць адрасна. Так, тэлевізіёншчыкам трэба забяспечыць добрую выяву і аператыўны каментарый. Газетчыкам часта патрэбен не адзін, а некалькі суразмоўцаў, і тут важна ўзгадніць час, арганізаваць сустрэчы, каб было зручна для ўсіх”.
Новы “Імпульс”
Універсітэцкая газета “Імпульс” выдаецца з 1985 года і, нягледзячы на такога моцнага канкурэнта, як інтэрнэт, дагэтуль карыстаецца попытам ва ўніверсітэцкім асяроддзі. Газета выходзіць тыражом 2010 экзэмпляраў 2 разы ў месяц. У нумары, як правіла, 8 каляровых палос. Акрамя таго, штогод выдаюцца спецвыпуск для абітурыентаў (24 паласы) і спецвыпуск для першакурснікаў — своеасаблівы навігатар па ўніверсітэце, які расказвае пра ўсе службы і ўсе магчымасці, якія ёсць у студэнтаў БДУІР. Электронны варыянт газеты размяшчаецца на сайце ўніверсітэта.
“Газета з’яўляецца сродкам, які можа групу людзей ператварыць у калектыў аднадумцаў, — гаворыць кіраўнік прэс-службы БДУІР. — Напрыклад, да мяне і зараз прыходзяць людзі з газетнымі выразкамі 1985 года, бо тое, што пра іх напісалі ў газеце, — гэта падзея. Не пра ўсіх пішуць у рэспубліканскай ці гарадской прэсе і не ўсіх там друкуюць, а шматтыражка дае людзям такую магчымасць. Адзінае, шматтыражная газета павінна быць сучаснай, бо яна з’яўляецца тварам універсітэта”.
Газета “Імпульс” сёння выглядае вельмі прывабна: прыгожая вёрстка, добрая папера, якасная паліграфія. Што да зместу, то журналісты не захапляюцца інфармацыйнымі матэрыяламі, а стараюцца даваць больш праблемных і аналітычных артыкулаў. Аднак пры гэтым матэрыял падаецца пераважна ў пазітыўным рэчышчы, бо газета — гэта перш за ўсё іміджавая рэч, закліканая аб’яднаць людзей.
“Шкада, што кіраўнікі ўніверсітэцкіх шматтыражак рэдка збіраюцца разам, а больш варацца ў сваім саку, — заўважае Ала Віктараўна Баярка. — Летась упершыню за апошнія гады нас сабралі на семінар “СМІ прадпрыемстваў і ВНУ сталіцы і іх роля ў сістэме ідэалагічнай работы”. Размова тады атрымалася цікавай, праблемнай, значнай, і, канечне, хацелася б, каб такія семінары працягваліся, бо ва ўзаемаадносінах з калегамі ёсць магчымасць нечаму навучыцца, узбагаціцца новым вопытам.
Сёння часта ўзнікаюць спрэчкі наконт таго, каму і навошта патрэбна друкаваная інфармацыя і ці трэба пераводзіць газеты ў электронны выгляд. Я пераканана, што з інтэрнэтам трэба не змагацца, а супрацоўнічаць.
На жаль, мы ўжо два гады не бяром удзелу ў выставе “СМІ ў Беларусі”, хаця сэнс любой выставы не толькі ў тым, каб іншых паглядзець, але і сябе паказаць. Таксама нам стала больш складана ўдзельнічаць у прэстыжных конкурсах. Так, у 2010 годзе з конкурсу “Залатая літара” знікла намінацыя “Шматтыражныя газеты”, і цяпер нам трэба канкурыраваць ужо не паміж сабой, а яшчэ і з рэгіянальнымі СМІ ў розных тэматычных намінацыях. Аднак там ёсць грамадска-палітычная і сацыяльна-эканамічная тэматыка, культура, гісторыя, краязнаўства, здаровы лад жыцця, а такой тэматыкі, як адукацыя і навука, няма. Магчыма, Міністэрству адукацыі варта арганізаваць свой конкурс сярод універсітэцкіх шматтыражак. Гэта падняло б іх імідж, дало б ім глыток свежага паветра, прымусіла б канкурыраваць паміж сабой. Зараз жа мы адзін аднаго не ведаем, бо шматтыражкі — гэта непадпісныя выданні, яны распаўсюджваюцца толькі сярод супрацоўнікаў і студэнтаў. Але кожнаму рэдактару было б карысна ведаць, як выглядае яго шматтыражка на фоне іншых універсітэцкіх газет”.
Тэлебачанне БДУІР:
трансляцыя будзе пашырацца
Не кожная ВНУ краіны можа пахваліцца ўласным сапраўдным тэлебачаннем. У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі існуе цэлая фабрыка, якая стварае тэлепраграмы, што адлюстроўваюць універсітэцкае жыццё.
Відэастудыя БДУІР з’яўляецца структурным падраздзяленнем прэс-службы, а значыць, працуе на агульны вынік. Інжынеры і журналісты ствараюць відэасюжэты і рэкламныя ролікі аб дзейнасці ўніверсітэта, вядуць фота- і відэаздымку ўсіх значных падзей, што адбываюцца ў ВНУ, раёне і горадзе. На сайце БДУІР ёсць фотагалерэя і відэаархіў, куды змяшчаюцца справаздачы з усіх масавых мерапрыемстваў. Фота- і відэаматэрыялы знаходзяцца ў вольным доступе, супрацоўнікі і студэнты могуць спампоўваць іх для сябе.
Пры відэастудыі дзейнічае студэнцкае тэлебачанне (стартавала ў 2001 годзе). Рэгулярна падчас вялікіх перапынкаў на плазменныя экраны трансліруюцца сюжэты са штодзённага ўніверсітэцкага жыцця: адкрылася лабараторыя, адбылася творчая сустрэча, прайшоў конкурс… Напрыклад, быў Дзень без аўтамабіля. Студэнты загадзя прадумалі будучы ролік да гэтага дня: знялі вуліцу Петруся Броўкі з раніцы, калі яна яшчэ свабодная ад аўтамабіляў, потым назіралі, як яна запаўняецца транспартам, і нарэшце паказалі яе ў час пік, калі тут ужо не размінуцца. І такія сацыяльныя ролікі, скіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, здымаюцца і трансліруюцца даволі часта.
Акрамя таго, у студэнтаў ёсць уласныя аўтарскія праекты. Напрыклад, сёлета стартаваў праект “Заліковы тыдзень”: у студыю запрашаюць вядомых людзей, часцей за ўсё выкладчыкаў, якія чытаюць лекцыі для некалькіх патокаў, а значыць, іх ведаюць і яны цікавыя шырокаму колу гледачоў. На працягу ўсёй перадачы ў студыі гэтыя людзі ўдзельнічаюць у абмеркаванні найбольш актуальных праблем, якія цікавяць студэнтаў.
У гэтым годзе было зроблена пяць выпускаў праграмы “Заліковы тыдзень”. Гэты праект быў нават заяўлены на конкурс “Лідар года”, які праводзіўся ў Савецкім раёне сталіцы, і там ён не застаўся незаўважаным.
Ужо некалькі гадоў на студэнцкім тэлебачанні існуе аўтарскі праект студэнткі Даны Кавалёвай “Дастукацца”. Так, загадзя праводзіцца апытанне студэнтаў, якія праблемы яны хацелі б абмеркаваць з кіраўніцтвам універсітэта, выкладчыкамі, супрацоўнікамі розных гаспадарчых службаў і інтэрнатаў. Атрыманая інфармацыя аналізуецца, вылучаюцца актуальныя пытанні, якія хвалююць найбольшую колькасць студэнтаў, і на гэтую тэму адпаведныя спецыялісты ці кіраўнікі ўніверсітэта даюць свой каментарый.
Ёсць таксама аўтарскія праекты, якія паказваюць жыццё студэнтаў у інтэрнаце, культурнае жыццё ўніверсітэта і г.д.
Штомесяц у эфір выходзіць выніковы выпуск навін, які расказвае пра найбольш значныя падзеі, што адбываліся ва ўніверсітэце на працягу месяца, з запісам вядучага ў відэастудыі. Тут студэнты ўжо спрабуюць даць аналітыку і актуальныя інтэрв’ю.
“Зараз мы выдаём у эфір сюжэты, якія паяўляюцца ў студыі паводле той ці іншай падзеі, — расказвае Ала Віктараўна. — У будучыні мы плануем перайсці да больш планавага вяшчання і нават задумваемся аб стварэнні праграмы перадач, што яшчэ больш наблізіць нашых рэпарцёраў да ўмоў прафесійнага тэлебачання”.
Пра ўзровень студэнцкага тэлебачання БДУІР гаворыць той факт, што яго рэпарцёры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі міжуніверсітэцкага конкурсу “Відэарадыус” БНТУ, дзе заўсёды атрымліваюць прызы. Напрыклад, сёлета заваявалі прыз за лепшую аператарскую работу ў відэароліку “Каханне ў сэрцы Еўропы”. Пазней гэты ролік быў прадстаўлены на фестывалі “Арт-вакацыі”, і яго можна было ўбачыць у фінальным паказе ў Палацы Рэспублікі.
Зараз у БДУІР рэалізоўваецца вельмі сур’ёзны тэхнічны праект, які ўжо ў верасні павінен запрацаваць на поўную моц. Гаворка ідзе пра стварэнне інфармацыйнай мультымедыйнай сеткі, якая аб’яднае ўвесь універсітэт. Справа ў тым, што дагэтуль трансляцыя студэнцкага тэлебачання была абмежавана: яна непасрэдна вялася толькі на другі корпус, і ў запісе — на чацвёрты і пяты карпусы (праграмы можна было ў запісе глядзець таксама ва ўніверсітэцкай сетцы). Цяпер жа плазменныя экраны будуць ва ўсіх карпусах, а ў некаторых, дзе вучыцца шмат студэнтаў, нават па два, і з відэастудыі на іх можа весціся трансляцыя ўсіх перадач у рэальным часе.
Для відэастудыі таксама набываецца новы мікшарскі пункт, відэакамера, тэлесуфлёр і прафесійнае студыйнае святло. Такім чынам, тэлебачанне ў БДУІР выходзіць на новы ўзровень — і тэхнічны, і якасны. Цяпер можна будзе аператыўна запускаць блокі навін, а таксама весці больш забаўляльных і віншавальных перадач.
“Будзе пашыраны штат студэнцкага тэлебачання, — гаворыць Ала Віктараўна. — Нашы студэнты ўсё робяць самі: пішуць сцэнарыі, здымаюць сюжэты. Тэхнічую дапамогу на відэстудыі ім аказваюць нашы штатныя інжынеры, для правядзення майстар-класаў запрашаем таксама вядучых спецыялістаў з беларускіх тэлеканалаў. Гэта добрая тэлевізійная школа. Нездарма многія нашы выпускнікі, якія прайшлі праз студэнцкае тэлебачанне з першага па пяты курс, пазней памянялі прафесію: зараз працуюць карэспандэнтамі, аператарамі, мантажорамі на розных тэлеканалах”.
У апошні час у прэс-службы БДУІР з’явіўся яшчэ адзін напрамак дзейнасці — інфармацыйна-рэкламны. Першай вялікай работай у гэтым напрамку стала кніга “Храналогія станаўлення і развіцця МРТІ — БДУІР (1964—2011 гады)”, якая нядаўна выйшла ў свет. Рыхтуецца да выдання новы буклет аб універсітэце.
Сёння ў прэс-службе назапашана велізарная інфармацыйная база, усе звесткі пра ўніверсітэт сканцэнтраваны тут. А калі якой-небудзь інфармацыі раптам не акажацца, то ў прэс-службе дакладна ведаюць, як і дзе яе можна аператыўна атрымаць.
Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва прэс-службы БДУІР.