У сярэдняй школе № 4 Асіповіч 15 гадоў дзейнічаюць валанцёрскія атрады, якія паспяхова зарэкамендавалі сябе ў шматлікіх дабрачынных акцыях і сацыяльных праектах. Іх работа натхняе і паказвае, як важна быць неабыякавым да тых, хто акружае. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Нязменным куратарам валанцёрскай дзейнасці з’яўляецца педагог-арганізатар Кацярына Гайдучонак. Яшчэ падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (а дзяўчына марыла стаць настаўніцай і выкладаць сусветную мастацкую культуру) Кацярына Пятроўна ўладкавалася ў 4-ю асіповіцкую школу.
— Праз некалькі гадоў работы прыйшла ідэя сфарміраваць валанцёрскі атрад, — расказвае К. Гайдучонак. — Мне падабаецца дапамагаць дзецям, састарэлым людзям, і сваім прыкладам, сваёй ініцыятывай я захапіла вучняў. У 2010 г. быў створаны першы атрад «Добрае сэрца». У яго склад увайшлі 10 школьнікаў пачынаючы з 8-га класа. Як зараз памятаю, што першай нашай справай было прыбіранне лесу. Разам з дзецьмі назбіралі цэлую гару смецця. Здаецца, яно непрыметнае, раскідана сям-там, а калі сабралі яго, то былі вельмі ўражаны маштабамі забруджвання.
Кацярына Пятроўна прыгадвае, што ў добраахвотнікі запісаліся дзеці з праблемамі ў вучобе, паводзінах. Ім самім неабходная была ўвага, клопат, добрыя адносіны, усмешка, якая дапамагае жыць. Паступова валанцёрская каманда пачала расці. На гэты момант у школе дзейнічае тры атрады: «Добрае сэрца», які аб’ядноўвае навучэнцаў 10—11-х класаў, «Дарогаю дабра» (9-я класы) і «Прамень дабра» (8-я класы). Зараз у іх налічваецца 75 падлеткаў, якія выказалі жаданне дапамагаць іншым. Да апошняга часу валанцёрскі рух з боку школьнікаў узначальвала адзінаццацікласніца Марыя Турляк.
Цяперашнія выпускнікі школы Дзіяна Савельева, Дзмітрый Шуян і Арына Кароль у радах добраахвотнікаў з 8-га класа. Яны адзначаюць, што, на жаль, у сучасных рэаліях многія людзі сталі абыякавымі адно да аднаго. Валанцёрская дзейнасць аб’ядноўвае і зацягвае, выхоўвае міласэрнасць, спачуванне, пачуццё адказнасці, самастойнасці і душэўнай дабрыні. Гэта дзейсны спосаб адарвацца ад гаджэтаў і з карысцю правесці вольны час.
На рахунку валанцёраў шмат перамог. Чатыры разы ў розныя гады (2014, 2016, 2019 і 2020) яны станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года». А сёлета на абласным конкурсе агітбрыгад «Па поклічы сэрца» таксама сталі лепшымі.
Дзейнасць валанцёраў арганізуецца па некалькіх напрамках. Па-першае, пасільная дапамога адзінокім і пажылым людзям, дзецям вайны, ветэранам педагагічнай працы. Па-другое, падтрымка дзяцей з мнагадзетых, малазабяспечаных сем’яў, равеснікаў з абмежаванымі магчымасцямі. Традыцыйнай стала акцыя «У школу з «Добрым сэрцам». Па-трэцяе, работа па экалагічным напрамку. Навучэнцы наводзяць парадак у горадзе, высаджваюць кветкі і дрэвы, добраўпарадкоўваюць берагі рэк, азёр, ачышчаюць іх ад смецця. Яны збіраюць жалуды і насенне, каб потым вырасціць дрэвы. Асаблівая ўвага — другаснай сыравіне: макулатуры, металалому, батарэйкам. Падчас акцыі «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі» атрыманыя сродкі пералічваюцца хворым на анкалогію дзецям у Бараўляны. Яшчэ адзін напрамак — дапамога бяздомным жывёлам. Увогуле праекты валанцёраў «Усе фарбы жыцця для цябе», «Цуды на Каляды», «Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям», «Эстафета дабрыні», «Эстафета цеплыні» аб’ядноўваюць вакол сябе ўсё больш удзельнікаў.
— Незабыўны след у душах школьнікаў пакідаюць акцыі, якія праводзяцца для адзінокіх пажылых людзей. Магчыма, дапамога там і невялікая, але галоўнае для пенсіянераў пачуць словы падтрымкі, паўзаемадзейнічаць з моладдзю. У нас быў рэалізаваны праект, падчас якога мы вучылі бабуль карыстацца мабільнымі тэлефонамі, сацыяльнымі сеткамі. Сумесна з БРСМ праводзім акцыі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы наведваем разам з імі мясцовы басейн «Жамчужына», гуляем у настолкі, робім усё, каб яны адчулі сябе роўнымі сярод роўных, — адзначае Кацярына Пятроўна.
У далейшым валанцёры збіраюцца засяродзіцца на напрамку захавання гістарычнай памяці. Да 9 Мая яны прыбралі помнікі героям вайны. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ігар Петух заўсёды з валанцёрамі. Гісторык па адукацыі, ён знаёміць вучняў з гісторыяй мясцовых мемарыялаў і помнікаў. У планах — скласці маршрут міні-экскурсій па кожным месцы пахавання. Гэта стане своеасаблівым укладам у Год добраўпарадкавання і дазволіць папоўніць веды школьнікаў.
— У наш імклівы час тэхналогій, калі кожнае дзіця сядзіць адасоблена ў сваім кутку з мабільным тэлефонам, валанцёрства адкрывае шмат магчымасцей: раскрыцца, узаемадзейнічаць, праявіць сябе, расці адказнымі, чулымі людзьмі з шырокім кругаглядам і жаданнем зрабіць навакольны свет лепшым, — упэўнена К. Гайдучонак.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





