Кацярына Міхнёнак: «Арыентуем выпускнікоў на спецыяльнасці, запатрабаваныя ў раёне»

- 12:23Планерка

Набліжаецца да завяршэння навучальны год. Пра планы на лета карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама Віцебскай вобласці Кацярына Міхнёнак.

Падрыхтоўка да новага навучальнага года ў раёне ўжо пачалася. Былі створаны спецыяльныя камісіі, якія зрабілі аб’езд і прааналізавалі стан будынкаў і тэрыторый устаноў адукацыі. У выніку былі вызначаны слабыя моманты і складзены план далейшай работы. Пераканана, што своечасовы алгарытм маніторынгу стану ўстаноў дасць магчымасць забяспечыць гатоўнасць школ і дзіцячых садзікаў да 1 верасня на самым высокім узроўні.

Гэтым летам ва ўстановах адукацыі раёна пройдуць бягучыя рамонты. На іх Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам выдаткаваны грашовыя сродкі. Для стварэння сучаснай і ўтульнай атмасферы для выхаванцаў у дзіцячым садзе № 3 Шаркаўшчыны плануецца рэканструкцыя веранд. Ва ўсіх школах і дашкольных установах касметычныя рамонты будуць праведзены сіламі педагогаў і тэхнічных работнікаў.

На летніх канікулах запланавана аздараўленне 260 навучэнцаў у прышкольных лагерах і лагерах працы і адпачынку: першая змена будзе арганізавана ў 5 установах адукацыі, другая — у 3 установах адукацыі і трэцяя — у 2. Аздараўленчая кампанія павінна прайсці арганізавана і максімальна бяспечна. І зараз мы над гэтым працуем. Бяспека тычыцца арганізацыі харчавання, спартыўных мерапрыемстваў, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўвагі педагогаў. Праграма знаходжання дзяцей у лагерах павінна быць такая, каб выхаванцам было цікава, пазнавальна і карысна. Для школьнікаў прадугледжваецца шмат разнастайных захапляльных заняткаў — адукацыйных, забаўляльных, спартыўных. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу мерапрыемстваў. У праграме знойдуць адлюстраванне і 80-годдзе Вялікай Перамогі, і Год добраўпарадкавання, і пяцігодка якасці.

Традыцыйна летам педагагічную сям’ю раёна папаўняюць маладыя спецыялісты. Сёлета мы чакаем настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, які заканчвае БДПУ. Увогуле вялікая работа праводзіцца па забеспячэнні ўстаноў адукацыі кадрамі. Робім стаўку на прыцягненне мэтавікаў. Пачынаем з навучэнца, выходзім на бацькоў і арыентуем іх на тыя спецыяльнасці, якія запатрабаваны ў раёне. На сёння ў нашых установах адукацыі вакансій няма, але мы разумеем, што кадры старэюць і трэба іх абнаўляць. Павялічваецца колькасць дзяцей, якім неабходна дапамога педагогаў-дэфектолагаў. Будуць запатрабаваны ў хуткім часе педагогі-псіхолагі і настаўнікі матэматыкі і фізікі.

Мы імкнёмся са школьнай лаўкі фарміраваць у вучняў цікавасць да настаўніцкай справы. На базе сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны працуе профільная група педагагічнай накіраванасці. Дзеці вывучаюць факультатыўны курс «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Спадзяюся, што сістэмны падыход у арганізацыі гэтай работы пасадзейнічае таму, што ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыйдуць матываваныя абітурыенты, якія потым вернуцца працаваць на малую радзіму.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара