15 верасня ў спартыўным комплексе “Чыжоўка-Арэна” адбылося ўрачыстае адкрыццё ІV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “WorldSkills Belarus — 2020”.
У адкрыцці чэмпіянату прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра краіны І.В.Петрышэнка, міністр адукацыі І.В.Карпенка.
Конкурс працягнецца да 18 верасня. Ён праводзіцца на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Напярэдадні праходзілі адборы на ўзроўні навучальных устаноў, рэгіянальныя чэмпіянаты. У выніку для ўдзелу ў нацыянальным этапе сфарміраваны каманды ад кожнай вобласці. Канкурсанты прадэманструюць сваё майстэрства ў галіне будаўнічых, вытворчых, інжынерных, інфармацыйных і камунікатыўных тэхналогій, транспарту і лагістыкі, сацыяльных і персанальных паслуг, творчых прафесій і моды. Падчас рэспубліканскага спаборніцтва адбудзецца конкурс па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills.
“Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus дазваляе моладзі паказаць свае здольнасці і навыкі”, — заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка перад цырымоніяй урачыстага адкрыцця конкурсу.
“Самая галоўная задача для нас — далучыць моладзь да прафесійнага конкурснага руху. Канкурсанты атрымліваюць магчымасць паказаць свае веды, уменні, здольнасці, навыкі. Спаборніцтвы садзейнічаюць прафесійнаму станаўленню моладзі. Гэта вельмі важна для розных галін эканомікі нашай краіны: прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, архітэктуры, лагістыкі, транспарту”, — сказаў Ігар Петрышэнка. Ён адзначыў, што гэта ўжо чацвёрты фінал конкурсу з таго часу, як Беларусь далучылася да міжнароднага руху WorldSkills. “У гэтым годзе каля 330 канкурсантаў прадэманструюць сваё майстэрства па 47 кампетэнцыях. А пачыналі мы калісьці са 150 чалавек, так што прырастаем з кожным годам. Акрамя таго, праводзяцца спаборніцтвы для юніёраў 10—17 гадоў”, — звярнуў увагу віцэ-прэм’ер.
“Спадзяёмся, што яркія прадстаўнікі сваіх рэгіёнаў з годнасцю выступяць на спаборніцтвах. Самыя лепшыя паедуць на міжнародны конкурс у Шанхаі. Мы ставім для сябе задачу ўвайсці ў дзясятку, а затым і ў пяцёрку наймацнейшых каманд на гэтым міжнародным спаборніцтве”, — рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.
Фота БелТА.
Падрабязна пра конкурсныя выпрабаванні чытайце ў спецыяльным дадатку да “Настаўніцкай газеты” 22 верасня.