Кожны год вучні, бацькі і педагогі абмяркоўваюць, якім будзе выпускны вечар у школе. І гэта не проста фармальнасць, а творчы працэс, дзе кожны ўносіць свае ідэі, каб свята запомнілася назаўжды. Карэспандэнты “Настаўніцкай газеты” даведаліся, што плануюць уключыць у праграму мерапрыемства розныя ўстановы адукацыі Беларусі.

Прыгожае свята
— Першым крокам становіцца выбар стылю і колеравай гамы, якія задаюць тон усяму мерапрыемству, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 р.п. Рэчыца Столінскага раёна Таццяна Аркадзьеўна Казубоўская. — Напрыклад, сёлета ў нас будуць пераважаць пастэльныя тоны як сімвал гармоніі і яркія акцэнты — зялёны колер — для дынамікі маладосці. Але выпускны — гэта не толькі эстэтыка. Штогод ён адлюстроўвае важныя для краіны тэмы. У Год добраўпарадкавання мы падкрэслім уклад дзяцей ва ўпрыгожванне школьнай прасторы. Цяперашнія выпускнікі сталі першымі, хто пасадзіў алею бацькоўскай любові ў мясцовым дэндрапарку. А 80-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне надасць урачыстасці: будзе мінута маўчання і прагучыць пранікнёная песня, якая нагадае пра цану свабоды.
Звычайна нашы выпускныя вечары як падарожжа ў часе, якое ўяўляе сабой усе этапы школьнага жыцця дзяцей: ад першых дзён да выпускнога. Наш школьны двор становіцца месцам цёплых сустрэч і непадробленай радасці. Маладых людзей прыходзяць падтрымаць не толькі бацькі, але і бабулі і дзядулі, хросныя, суседзі і знаёмыя — увесь мікрараён збіраецца!
Кожны год мы даказваем: свята можна правесці прыгожа. Тут няма развітанняў — толькі падзяка. Настаўнікам — за цярпенне, бацькам — за любоў, навучэнцам — за тое, што зрабілі школу часткай сваёй душы.
Чырвоная дарожка — абавязковы атрыбут свята як сімвал пераходу з мінулага ў будучыню. Пад апладысменты гасцей гучаць імёны юнакоў і дзяўчат, а разам з імі — кароткія, але яркія гісторыі аб іх школьных перамогах. Для бацькоў гэтыя хвіліны як старонкі альбома: яны бачаць, якімі выраслі іх дзеці, і не могуць стрымаць радасці і гордасці.
Традыцыя пераемнасці таксама жывая: першакласнікі дораць выпускнікам сюрпрыз — танец або песню, словы пажаданняў. А “другія мамы” — настаўніцы пачатковых класаў — уручаюць асаблівыя падарункі дзецям. Гэта “капсулы часу”: відэа з першай лінейкі, відэа- і аўдыязапісы з іх дзіцячымі марамі: “Хачу стаць касманаўтам!” ці “Навучуся лічыць да тысячы!” Зала замірае ў гэтыя моманты, на вачах у многіх блішчаць слёзы.
Не менш кранальны момант падзякі, калі выпускнікі дораць настаўнікам песні, а класным кіраўнікам — пажаданні і сімвалічныя падарункі. Рыхтуюць яны і сюрпрызы. Напрыклад, у гэтым годзе ад кожнага вучня класным кіраўнікам уручаць альбомы з гісторыямі, дзе будуць пазначаны адрасы і нумары тэлефонаў.
Традыцыйны момант — падзяка бацькам. Вучні выконваюць для іх песню. На экране мільгаюць фота з сямейных свят, школьных сходаў і бяссонных начэй перад экзаменамі. Бацькі, у сваю чаргу, прамаўляюць словы падзякі калектыву школы і з асаблівым трапятаннем выконваюць песню-падарунак для сваіх дзяцей. Самы эмацыянальны момант — вальс бацькоў і дзяцей, дзе няма месца словам: толькі позіркі, усмешкі і моцныя абдымкі.
На свяце заўсёды прысутнічае ганаровы госць. Часцей за ўсё гэта старшыня Рэчыцкага сельвыканкама, які звяртаецца да выпускнікоў з віншаваннямі і пажаданнямі: “Памятайце: вашы ідэі могуць змяніць наш пасёлак. Вяртайцеся, каб ствараць гісторыю тут”.
Разам з атэстатамі выпускнікам уручаюцца граматы за дасягненні ў спорце, вучобе і актыўную жыццёвую пазіцыю, а бацькам — падзячныя лісты. Неад’емная частка выпускнога — развітальны вальс як адлюстраванне школьнага жыцця, у якім закружаць 32 нашы выпускнікі. Паўгода трэніровак дзеля трох хвілін! Але гэта таго варта!
Фінал вечара — момант, калі сум змешваецца з надзеяй на светлую будучыню, і запуск шароў. Нягледзячы на экалагічныя дыскусіі, традыцыя жывая: маладыя людзі, трымаючыся за рукі, адпускаюць у неба шарыкі з запіскамі-марамі. Пад апладысменты яны развітваюцца са школай, а школа — з імі.
Выпускны — гэта не кропка, а шматкроп’е. І пакуль у сценах нашай школы звініць смех першакласнікаў, а выпускнікі прыходзяць да нас у госці, традыцыі жывуць. Бо школа — гэта не будынак, гэта людзі, якія захоўваюць яе цяпло ў сэрцах.
Сімвал дарослага жыцця
Як праходзіць выпускны баль у Юрацішкаўскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна, расказала дырэктар установы Вольга Часноўская:
— Святкаванне выпускнога вечара ў нашай школе даўно стала добрай традыцыяй, якая бударажыць розумы выпускнікоў, іх бацькоў, педагогаў задоўга да самой падзеі. Гэта прадмет захаплення і натхнення для новых выпускных класаў.
Да свята пачынаем рыхтавацца загадзя, бо гэты вечар павінен стаць асаблівым. Класны кіраўнік, бацькі, адміністрацыя ўстановы адукацыі задзейнічаны ў напісанні сцэнарыя. Распрацоўваецца маршрут усяго мерапрыемства, пралічваецца ўсё да дробязей. Дзеці і настаўнікі многае робяць сваімі рукамі. Самі афармляюць фотазону, упрыгожваюць сцэну. Вось і зараз да свята рыхтуецца ўсё неабходнае: паветраныя шары, гірлянды, плакаты, атрыбутыка. Сцэнарый вечароў заўсёды мае ідэалагічную аснову. Такія тэмы, як 80-годдзе Вялікай Перамогі, Год добраўпарадкавання, абавязкова знойдуць сваё адлюстраванне ў сёлетнім свяце. Па добрай традыцыі алея выпускнікоў папоўніцца яшчэ адной туяй. У гэтым годзе яе высадка прымеркавана і да свята Перамогі.
Урачыстасць пачынаецца са службы ў храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца нашага пасёлка. У царкве разам з выпускнікамі прысутнічаюць іх бацькі і класны кіраўнік. Настаяцель храма протаіерэй Сяргей Казачок праводзіць службу, прысвечаную благаславенню выпускнікоў на дарослае шчаслівае жыццё. Пасля службы выпускнікі з класным кіраўніком накіроўваюцца да брацкай магілы 79 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне Юрацішак, каб ускласці кветкі. 
Далей усе ідуць у родную школу. Гучаць фанфары! Выпускнікі ўваходзяць у актавую залу ўстановы адукацыі. Ад парога да сцэны іх сустракаюць бацькі, педагогі, госці мерапрыемства і апладзіруюць. Сёлета, напрыклад, плануем правесці ўрачыстую цырымонію “11 гадоў #УМоманце” з уручэннем навучэнцам атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі і ўзнагарод за перамогі ў пэўных намінацыях. Хтосьці праявіў сябе ў вучобе, хтосьці — у грамадскай дзейнасці, хтосьці — у творчасці, інтэлектуальных конкурсах, спорце. Сёлета ў нас выпускаюцца 13 навучэнцаў, адзін з якіх прэтэндуе на залаты медаль. У алімпіядным руху праявіла сябе Анжаліка Каспяровіч. Дзяўчына, дарэчы, з’яўляецца дэпутатам маладзёжнага парламента. Прызавыя месцы па лёгкай атлетыцы з году ў год заваёўваюць адзінаццацікласнікі Дар’я Дударэвіч і Яраслаў Байса. Урачыстасць будзе суправаджацца віншаваннямі ад кіраўніка ўстановы адукацыі, педагогаў і бацькоў у адрас кожнага дзіцяці. У ліку намінаваных, акрамя школьнікаў, будуць педагогі, адміністрацыя. Школьны капуснік, падрыхтаваны намаганнямі вучняў, настаўнікаў і бацькоў, дазволіць прыгадаць яркія старонкі школьнага жыцця. Плануецца, што выпускнікі напішуць пісьмы ў будучыню — пісьмы самім сабе, у якіх раскрыюць свае мары, чаканні і пажаданні. А потым вызначаць, праз колькі гадоў прачытаюць напісанае.
На мерапрыемства традыцыйна запрашаюцца прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, вядомыя дзеячы. За апошнія гады ганаровымі гасцямі нашых выпускных вечароў былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Міхаіл Мірончык, начальнік аддзела адукацыі Іўеўскага райвыканкама Алена Хомка і інш. Да таго ж на ўрачыстасці заўсёды прысутнічаюць жыхары Юрацішак, людзі, якія ведаюць нашых выпускнікоў і ганарацца іх поспехамі.
Звычайна на сцэну запрашаецца першы настаўнік, які вяртае выпускнікоў у пачатак іх школьнага жыцця. На адным з вечароў першая настаўніца ветэран педагагічнай працы Галіна Жышко, звяртаючыся да выпускнікоў, адзначыла: “Здаецца, зусім нядаўна вы нясмела садзіліся за першую парту, няўпэўнена выводзілі літары ў пропісях, а сёння вы такія дарослыя, прыгожыя, упэўненыя ў сабе. Заўсёды здаецца, што такіх цудоўных дзяцей у школе ўжо не будзе. Як цяжка развітвацца з вамі, бо з кожным выпускам сыходзіць часцінка і нашага настаўніцкага жыцця, і мы раптам заўважаем, што пастарэлі яшчэ на адно пакаленне. І так хочацца верыць, што наша праца не прапала дарма, што разумнае, добрае, вечнае ўсё ж такі пасеяна ў вашых душах, што яно прарасце ў самастойным жыцці і дасць добры плён”.
Бацькі рыхтуюць для сваіх дзяцей сюрпрызы, якія ствараюць душэўную, цёплую атмасферу, — песні, вершы, торт з фотаздымкамі дзяцей. Выпускнікі дзякуюць свайму класнаму кіраўніку і дораць яму музычна-танцавальны нумар. Абыякавых людзей у зале няма. На вачах кожнага — слёзы шчасця, захаплення і гордасці за нашых выхаванцаў.
Пасля ўрачыстага мерапрыемства ўсе выходзяць на прышкольную тэрыторыю і танцуюць вальс. Прычым танцуюць усе без выключэння. І рэпеціраваць пачынаюць з пачатку навучальнага года. У пастаноўцы нумара звычайна прымаюць удзел настаўнік музыкі і класны кіраўнік. Абавязковай часткай мерапрыемства з’яўляецца танец з бацькамі: таты кружацца з дочкамі, а мамы — з сынамі. Заключным акордам выпускнога з’яўляецца сустрэча світання ў суправаджэнні класнага кіраўніка. Спадзяёмся, што сёлетні выпускны баль стане для нашых выпускнікоў запамінальнай падзеяй, сімвалам новага этапу іх жыцця.
З радасцю і гонарам
Па якім плане пройдзе выпускны вечар у гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля, расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алеся Матусевіч:
— Наша гімназія мае свае традыцыі правядзення выпускных вечароў, але штогод новы выпуск робіць свой адметны ўклад у іх. Канечне, такое важнае мерапрыемства плануецца загадзя і дасканала шліфуецца не адзін месяц, каб усё атрымалася найлепшым чынам. Яго рыхтуюць бацькі, настаўнікі і самі адзінаццацікласнікі.
Выпускнікоў школ краіны сёлета аб’ядноўваюць святкаванне 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ўшанаванне памяці герояў. Не будзе выключэннем і наша ўстанова. З гэтай нагоды ў гімназіі абнавілі таблічкі на сімвалічным мемарыяльным знаку “Тры дубочкі”, што знаходзіцца на тэрыторыі гімназіі. Тры дубы ў гонар Перамогі некалі пасадзілі тры настаўнікі-франтавікі, якія працавалі ў нашай установе. Сёння дрэвы нагадваюць нам пра тых, хто ваяваў і аддаў жыццё дзеля мірнага неба для нашчадкаў. Сімвалічна, што ў дзень выпускнога навучэнцы ўскладуць кветкі да мемарыяльнага знака гімназіі.

Увогуле, святочнае мерапрыемства развітання з роднай гімназіяй пройдзе па традыцыйнай схеме. Яно будзе складацца з дзвюх частак: урачыста-афіцыйнай і святочна-забаўляльнай. Другі год, у адпаведнасці з заканадаўствам, выпускныя вечары будуць праходзіць у сценах школ. На мой погляд, гэта выдатна: трапяткі момант развітання з настаўнікамі і дзяцінствам адбудзецца там, дзе прайшлі гады вучобы і станаўлення нашых дзяцей. Радасна, што гэтая добрая традыцыя, якая існавала ў школах на працягу многіх дзесяцігоддзяў, зноў вярнулася.
Прыгожыя і такія дарослыя выпускнікі, іх бацькі і педагогі школы, якія хвалююцца не менш за асноўных герояў свята. Ва ўрачыстай атмасферы ў прыгожай актавай зале ўручаюцца атэстаты аб заканчэнні 11 класаў. Гэтая цырымонія аб’ядноўвае пакаленні і застаецца асновай свята, бо менавіта атрыманне атэстатаў — той самы момант, калі выпускнікі афіцыйна становяцца абітурыентамі. Пасля ўручаюцца лісты падзякі самым паспяховым гімназістам за актыўны ўдзел у навуковым, спартыўным і грамадскім жыцці школы. Спадзяюся, што сёлета па выніках цэнтралізаваных экзаменаў мы зможам павіншаваць і новых 100-бальнікаў гімназіі.
Выпускны вечар — гэта яркі фінал школьнага шляху, таму свята павінна адбыцца і запомніцца як самае значнае на парозе дарослага жыцця. Сцэна ажыве дзякуючы канцэрту, падрыхтаванаму навучэнцамі: будуць песні, танцы, тэатральныя пастаноўкі і відэавіншаванні. Асаблівым, кранальным момантам стане выступленне бацькоў, якія здзівяць дзяцей жартоўнымі нумарамі і цёплымі ўспамінамі. Класныя кіраўнікі завершаць афіцыйную частку шчырымі пажаданнямі, а таксама прыгадаюць значныя моманты са школьнага жыцця. Леташнія адзінаццацікласнікі заклалі сімвалічную капсулу памяці пра выпуск-2024: запісалі свае мары і пажаданні гімназіі перад яе заканчэннем. Капсулу вырашылі адкрыць на вечары сустрэчы праз 10 гадоў. Сёлетнія выпускнікі працягнуць гэтую традыцыю.
Атмасферу свята дапоўняць тэматычныя фотазоны, дыскатэка, квізы і абавязкова феерверкі. Важны атрыбут — салодкі стол, які дапаможа падтрымаць сілы да раніцы. Выпускны вечар — гэта не проста свята, а сімвал пераходу ў дарослае жыццё, дзе традыцыі служаць мостам паміж мінулым і будучыняй. Спадзяюся, што дзякуючы агульным намаганням гэты вечар запомніцца выпускнікам як пачатак новых перамог! Галоўнае — захаваць баланс паміж радасцю і адказнасцю.
11 гадоў разам
Сёлета ў 24 установах адукацыі Салігорскага раёна апошні званок празвініць для 729 выпускнікоў. У іх ліку — 16 навучэнцаў вячэрніх класаў Старобінскай сярэдняй школы, а таксама 9 выпускнікоў, якія праходзяць выніковую атэстацыю ў парадку экстэрнату.
— У 2025 годзе 96 выпускнікоў раёна прэтэндуюць на атрыманне атэстата асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым ці сярэбраным медалём, — адзначыў начальнік упраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама Ігар Цыбулька. — А ўжо 13 чэрвеня маладыя людзі развітаюцца са сваімі навучальнымі ўстановамі.
У сістэме адукацыі Салігорскага раёна існуе шэраг традыцый, якія адпавядаюць менталітэту жыхароў горада і знайшлі станоўчы водгук у грамадстве. Выпускнікі ўсіх школ традыцыйна збяруцца на агульнае ўрачыстае мерапрыемства, апошняе ў іх школьным жыцці. На цэнтральнай плошчы горада пройдзе свята, якое заўсёды атрымліваецца яркім і прыгожым, цёплым і душэўным.
— Святочнае мерапрыемства не абыдзецца без элегантных вальсаў і драйвовых танцавальных флэшмобаў саміх выпускнікоў, — дадаў Ігар Аляксандравіч. — Адметнасцю раённага выпускнога вечара стане выступленне артыста беларускай эстрады, якое для выпускнікоў будзе сюрпрызам. Сёлета ўсе выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў будуць арганізаваны ў сценах родных школ і гімназій. Урачыстая частка выпускнога вечара ва ўстановах адукацыі традыцыйна суправаджаецца віншаваннямі і наказамі на будучыню ад кіраўніцтва райвыканкама, Салігорскага раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў райвыканкама, педагогаў і бацькоў.
Гэты падыход яшчэ раз падкрэслівае важнасць такога мерапрыемства, як школьны выпускны, на якім учарашнія школьнікі атрымліваюць пуцёўку ў дарослае жыццё.
Для выпускнікоў устаноў адукацыі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, выпускны баль другі год запар будзе арганізаваны ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Пралогам мерапрыемства стане ўрачыстая сустрэча выпускнікоў, якія пройдуць па чырвонай дывановай дарожцы.
Педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі арыентаваны на тое, каб сцэнарыі вечароў мелі ідэалагічную аснову. Такія тэмы, як 80-годдзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Год добраўпарадкавання, знойдуць сваё адлюстраванне ў свяце.
Дзякуючы прафесіяналізму і творчаму патэнцыялу педагагічных работнікаў, выпускнікоў і іх бацькоў, выпускны вечар у кожнай школе і гімназіі будзе цікавым, адметным і запамінальным. Арганізуючы свята, калектывы перш за ўсё арыентуюцца на традыцыі, якія паспелі скласціся. Такі падыход дапаможа падрыхтаваць мерапрыемства, якое застанецца ў памяці кожнага яго ўдзельніка надоўга.
Напрыклад, у сярэдняй школе № 10 Салігорска выпускны будзе праведзены ў форме прэзентацыі кінафільма, у якім будуць паказаны ўсе этапы сталення навучэнца: пачатковая школа, роля бацькоў у жыцці выпускніка, роля настаўнікаў, самыя значныя моманты школьнага жыцця, любоў да Радзімы. Музычныя нумары будуць прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. Кожны этап выпускнога ў школе будзе суправаджацца тэматычным відэаролікам. У завяршэнне вечара прысутныя змогуць паглядзець агульны выпускны кінафільм.
У гімназіі № 3 Салігорска выпускны вечар арганізуюць у фармаце цырымоніі ўзнагароджання “11 гадоў #УМоманце”. Мерапрыемства падзелена на тры блокі. Першы блок прысвечаны патрыятычнаму выхаванню. Падчас яго будуць выкананы гімн краіны, вакальны нумар “Хата бацькоў”, прачытаны дыялогі пра любоў да Радзімы. У гэтай частцы свята будзе расказана і пра заслугі выпускнікоў, а таксама пра знакавыя падзеі 2025 года, 80-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Год добраўпарадкавання.
Другі блок выпускнога — урачысты. Ён будзе ўключаць у сябе выступленне ганаровых гасцей, дырэктара гімназіі, уручэнне атэстатаў, падзячных лістоў. Прагучаць і словы падзякі класным кіраўнікам, першым настаўнікам, усяму педагагічнаму калектыву.
Трэці блок — творчы капуснік, які складуць вакальныя нумары, тэатральныя пастаноўкі, відэанумары, цырымонія ўзнагароджання настаўнікаў прэміяй “11 гадоў #УМоманце”, творчыя нумары бацькоў, словы падзякі бацькам ад выпускнікоў.
— У сярэдняй школе № 14 Салігорска запланавана правядзенне ўрачыстага мерапрыемства, якое пройдзе ў форме выпускнога круізу “Па хвалях школьнага жыцця”, — прывёў яшчэ адзін прыклад начальнік упраўлення. — У Старобінскай сярэдняй школе таксама вызначаны фармат правядзення мерапрыемства — “Выпускнік ТБ”. У школу прыедзе ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці Мікалай Захаравіч Ашэйчык.
Бліжэй да світання завершацца забаўляльныя, танцавальныя праграмы ва ўстановах адукацыі. Па добрай традыцыі выпускнікі выйдуць сустрэць світанне.
— Гэта прыгожая, добрая традыцыя, ад якой установы адукацыі Салігорскага раёна не адмаўляюцца, — падагульніў Ігар Цыбулька.
Надзея ЦЕРАХАВА, Наталля КАЛЯДЗІЧ
Таццяна ЛАПАЦІНА, Наталля САХНО
Фота з архіва ўстаноў адукацыі





