Куды звяртацца, калі сустрэўся фішынгавы сайт і як засцерагчы сябе ад кібермахляроў?

- 16:07Новости, Школа управления

Куды звяртацца, калі сустрэўся фішынгавы сайт? Як засцерагчы сябе ад махляроў і як адбываецца закрыццё доступу да фальшывых сайтаў, калі ён знаходзіцца ў замежнай даменнай зоне? На гэтыя і іншыя пытанні адказала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыйных паслуг і сувязей з грамадскасцю Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Вольга Шыбко, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

“У выпадку выяўлення шкоднага праграмнага забеспячэння або падазронага інтэрнэт-рэсурсу, які знаходзіцца ў нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт, неабходна звярнуцца ў Нацыянальны цэнтр рэагавання на камп’ютарныя інцыдэнты Рэспублікі Беларусь (cert.by)”, — адзначыла спецыяліст.

Зрабіць гэта можна, накіраваўшы пісьмо на адрас support@cert.by з тэмай “СПАМ”. Таксама можна звярнуцца праз форму “паведаміць пра інцыдэнт” на сайт cert.by. Ён ажыццяўляе збор, захоўванне і апрацоўку статыстычных даных, звязаных з распаўсюджваннем шкодных праграм і сеткавых нападаў на тэрыторыі Беларусі.

“Калі вы сталі ахвярай кібермахляроў, неабходна аператыўна звяртацца ў права­ахоўныя органы”, — падкрэсліла намеснік начальніка.

Спецыяліст засяродзіла ўвагу на мерах бяспекі ў інтэрнэце. “Кожны можа пры­няць шэраг мер, каб абараніцца ад фішынгавых рэсурсаў. Так, пры атрыманні падазроных паведамленняў або пераходзе па спасылках будзьце ўважлівымі. Звяртайце ўвагу на граматычныя памылкі, скажоныя назвы даменаў, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, або неабгрунтаваныя запыты асабістай інфармацыі. Перад уводам асабістых даных пераканайцеся, што сайт выкарыстоўвае абароненае злучэнне (HTTPS). Звярніце ўвагу на значок замка у адрасным радку браўзера”, — падзялілася Вольга Шыбко.

Яна параіла выкарыстоўваць ліцэнзійнае антывіруснае праграмнае забеспячэнне, а таксама не адкрываць падазроныя спасылкі з пісьмаў, асабліва калі яны прыйшлі ад невядомых адпраўнікоў і калі яны тычацца любых фінансавых аперацый, выплат, выйгрышаў і г.д.

“Некаторыя фішынгавыя атакі могуць прыходзіць праз шкодныя ўкладанні ў пісьмах. Не спампоўвайце і не адкрывайце файлы, калі вы не ўпэўнены ў іх сапраўднасці і (або) надзейнасці адпраўніка”, — адзначыла Вольга Шыбко.

 Яшчэ адна мера засцярогі — не пакідаць свае персанальныя даныя на ненадзейных сайтах. “Калі ў вас ёсць сумненні адносна сапраўднасці сайта або паведамлення, звяжыцеся з арганізацыяй напрамую праз афіцыйныя кантакты”, — параіла спецыяліст.

Па матэрыялах сайта НЦАПД падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з сайта pixabay.com