Лічбавая трансфармацыя адукацыі, працоўнае выхаванне школьнікаў, кадравы патэнцыял: важныя акцэнты калегіі на Віцебшчыне

- 11:12Актуально

Павышэнне якасці падрыхтоўкі навучэнцаў у школах і каледжах Віцебшчыны наглядна ілюструюць перамогі на алімпіядах і конкурсах, у тым ліку прафесійнага майстэрства. На гэтым зрабілі акцэнт на выніковым пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

За мінулы год прадстаўнікі вобласці паказалі другі агульнакамандны вынік на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару і трэці — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, занялі 3-е месца на алімпія­дзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Дынаміка паспяховасці на ProfSkills Belarus таксама станоўчая: 14 узнагарод у 2021 годзе, 17 — у 2023-м, а летась — 24 медалі і 2-е месца ў краіне пасля Мінска.

Выступаючы на пасяджэнні, кіраўнік сістэмы адукацыі рэгіёна Дзмітрый Хома выказаў падзяку адміністрацыі і педагогам гімназіі № 2 Віцебска, гімназіі № 1, сярэдніх школ № 12 і № 14 Наваполацка, Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, Ушацкай сярэдняй школы і Віцебскага кадэцкага вучылішча, навучэнцы якіх прыўнеслі ў скарбонку Беларусі 9 медалёў міжнародных прадметных алімпіяд.

На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі вырашаны пытанні стварэння бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі, пашырэння сетак інжынерна-тэхнічных цэнтраў і класаў прафесійнай накіраванасці, суправаджэння адораных дзяцей. Дзмітрый Хома акцэнтаваў увагу на тым, што найважнейшай задачай застаецца прафарыентацыя школьнікаў ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў і ўстановамі прафадукацыі. Значная работа праве­дзена па матывацыі выпускнікоў 9 класаў на паступленне ў каледжы.

Па вобласці ахоп профільным навучаннем склаў 90%, а ў Віцебскім, Шумілінскім раёнах і Наваполацку дасягнуў 100%.

Разам з тым неабходна павысіць эфектыўнасць работы аграрных, педагагічных, спартыўна-педагагічных класаў, каб не менш за палову іх выпускнікоў паступалі па выбраным профілі. На пастаянным кантролі павінны быць пытанні ўкаранення ў адукацыйны працэс штучнага інтэлекту, гатоўнасці да работы ва ўмовах лічбавых трансфармацый, умацавання кадравага патэнцыялу, удасканалення працоўнага выхавання школьнікаў і далучэння іх да грамадска карыснай дзейнасці.

Сярод устойлівых тэндэнцый у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — рост цікавасці да заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах тэхнічнай творчасці. У Аршанскім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім, Расонскім, Ушацкім і Чашніцкім раёнах ахоп такімі аб’яднаннямі перавышае 20%. Актуальны і перспектыўны напрамак — выяўленне і падтрымка юных талентаў праз супрацоўніцтва з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам, дзе за 2025 год прайшлі навучанне 227 прадстаўнікоў Віцебшчыны. Лідарамі тут з’яўляюцца Наваполацк, Глыбоцкі і Полацкі раёны, відавочны прагрэс назіраецца ў Першамайскім раёне Віцебска, Лепельскім, Пастаўскім і Расонскім раёнах.

У сістэме прафадукацыі пастаянна ўдасканальваецца структура падрыхтоўкі ў адпаведнасці з запытамі рынку працы, адкрыццём новых высокатэхналагічных вытворчасцей. Больш за палову выпускнікоў рабочых спецыяльнасцей маюць кваліфікацыю ад 4-га разрада і вышэйшую, на працягу 2025 года было адкрыта восем вытворчых участкаў на прадпрыемствах. Практыка паказвае: вучэбны клас на вытворчасці неабходны кожнаму каледжу, паколькі падрыхтоўка кадраў у асноўным арыентавана на рэгіянальныя патрэбы і да 90% выпускнікоў размяркоўваюцца і застаюцца на малой радзіме.

У 7 цэнтрах кампетэнцый сканцэнтраваны новая тэхніка і абсталяванне. Цяпер на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа ствараецца новы цэнтр па аўтамабільных тэхналогіях, істотна даабсталяваны рэсурсны цэнтр па сельскагаспадарчым профілі Аршанскага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

Дзмітрый Хома падкрэсліў: стратэгічным напрамкам, на якім грунтуецца дзейнасць устаноў адукацыі, з’яўляецца выхаванне падрастаючага пакалення. Мерапрыемствы патрыятычнай тэматыкі сталі арганічнай часткай адукацыйнага працэсу. У гэтую работу актыўна ўключаны кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, сілавыя структуры, ветэранскія арганізацыі, кадэцкія вучылішчы, ваенна-патрыятычныя клубы і класы, Саветы дэпу­татаў, грамадскія аб’яднанні. Каб кожны навучэнец мог азнаёміцца з гісторыямі людзей, якімі ганарыцца ўся краіна, у школах і каледжах адкрываюцца стэнды “Героі Беларусі”.

Важны вектар развіцця — рост прысутнасці ў СМІ, Telegram-каналах і месенджарах: сістэме трэба ўзмацняць пазітыўны кантэнт, выкарыстоўваю­чы сацсеткі, запатрабаваныя ў маладзёжным асяроддзі, гадаваць сваіх блогераў і лідараў, здольных прафесійна даносіць да моладзі аб’ектыўную інфармацыю.

За год была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Завершана будаў­ніцтва 2 дзіцячых садоў у Віцебску, па адным у Наваполацку і Оршы, дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Глыбоцкім раёне.

Сёлета запланаваны завяршэнне будаўніцтва дзіцячага сада ў Лепелі, працяг рэканструкцыі будынка гімназіі № 1 імя Ж.І.Алфёрава і ўзвядзенне дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Віцебску.

На пасяджэнні калегіі лідарам сістэмы адукацыі Віцебшчыны ўручылі ўзнагароды — ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі і Віцебскага аблвыканкама, падзякі міністра адукацыі і старшыні Віцебскага аблвыканкама, ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Начальнік аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама Павел Трава атрымаў ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і грашовы сертыфікат на суму 20 тысяч рублёў за перамогу ў намінацыі “Лепшае структурнае падраз­дзяленне гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі”. Супольнасць выдатнікаў адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь папоўнілі настаўнік працоўнага навучання і чарчэння сярэдняй школы № 8 Оршы Андрэй Паўлаў і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Азярэцкай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Зоя Рубніковіч.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара