Як інтэграваць штучны інтэлект у адукацыйны працэс, чаму праваслаўнае краязнаўства з’яўляецца важным напрамкам выхавання і што дапамагае трымаць кваліфікацыю педагогаў на высокім узроўні — пра гэта і не толькі расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Людміла Буяк.

— Тэма выкарыстання АІ-тэхналогій актыўна абмяркоўваецца ў педагагічнай грамадскасці. Як вы арганізавалі работу ў раёне, каб калегі не баяліся, а пачалі прымяняць штучны інтэлект на практыцы?
— Калі мы пачалі абмяркоўваць гэты напрамак, прыйшлі да відавочнай высновы: не варта чытаць лекцыі, трэба паказаць рэальны вопыт. Такой пляцоўкай у раёне стала гімназія № 1 імя П.Васіленкі — абласны цэнтр эфектыўных практык па арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння.
У лістападзе педагогі гэтай гімназіі дзяліліся з калегамі вобласці цікавым вопытам выкарыстання штучнага інтэлекту пры фарміраванні функцыянальнай адукаванасці. Двое педагогаў установы ў мінулым годзе сталі фіналістамі рэспубліканскага конкурсу па праектаванні сучасных урокаў з выкарыстаннем АІ-тэхналогій. Трансліраваць перадавы педагагічны вопыт працягнем праз арганізацыю серыі вэбінараў, семінараў-практыкумаў.
Працягваючы размову ў тэхналагічным ключы, хачу адзначыць дзейнасць інжынерна-тэхнічнага цэнтра на базе сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава. Эфектыўнасць яго работы ў 2025 годзе была пацверджана дыпломам I ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічных праектаў “ПраТэхна”. Вучні 2-й школы паспяхова праходзяць навучанне ў НДТ. Плануем актывізаваць дзейнасць па раннім выяўленні адораных вучняў, развіцці іх інжынерных кампетэнцый праз арганізацыю даследчай і праектнай дзейнасці па прадметах “Матэматыка”, “Фізіка”.
— Тэхналогіі развіваюць інтэлект. Але не менш важна развіваць яшчэ і маральныя якасці вучняў.
— Гэта сапраўды так. Напрыканцы 2025 года калектыў педагогаў Дабравольскай сярэдняй школы быў адзначаны абласной прэміяй імя мітрапаліта Філарэта за работу па праваслаўным краязнаўстве.
Гэтая ўзнагарода — вялікая гордасць для нас і пацвярджэнне таго, што патрыятычнае выхаванне можа і павінна быць глыбокім, асэнсаваным. Ужо рыхтуемся ў красавіку правесці на базе школы вялікі абласны семінар, каб падзяліцца цікавым вопытам.
— Ад глабальных рэчаў — да не менш важных, але больш адрасных. У чым, на ваш погляд, сакрэт эфектыўнай работы з дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі?
— Сакрэт у людзях і ў тэхналогіях, якія яны выкарыстоўваюць. Мы ніколі не лічылі інклюзію асобным напрамкам. Гэта частка нашай звычайнай працы. У раёне стварылі сетку рэсурсных цэнтраў, дзе педагогі абменьваюцца вопытам, атрымліваюць кансультацыі, бачаць рэальныя прыклады работы.
І тут таксама ёсць свае героі. Двое педагогаў раёна сталі фіналістамі IX Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Напрыклад, праца настаўніка-дэфектолага з Вердаміцкай сярэдняй школы Ірыны Грунюшкінай — выдатны прыклад таго, як інфармацыйныя тэхналогіі могуць стаць важным інструментам у карэкцыйнай рабоце. Гэта не гульні дзеля гульняў, а структураваныя праграмы, якія дапамагаюць дзіцяці пераадольваць цяжкасці ў займальнай форме.
— Вы шмат гаворыце пра педагогаў. Але ж сістэма не можа развівацца, калі не гадаваць будучых лідараў. Ведаю, у вас ёсць цікавы праект па падрыхтоўцы кіраўніцкіх кадраў.
— Так, добры настаўнік — гэта падмурак. А добры дырэктар — гэта стратэг, які вядзе за сабой усю школу. На базе дзвюх устаноў — сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава і гімназіі № 1 імя П.Васіленкі — сёння працягваецца рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання гатоўнасці педагога да кіраўніцкай дзейнасці ва ўстанове адукацыі”. Рыхтуем педагогаў з рэзерву кадраў да кіраўніцкай дзейнасці. Гэта не проста курсы. Гэта паглыбленне ў рэальныя задачы, пачынаючы з фінансавага планавання і заканчваючы пабудовай камунікацыі ў калектыве. Падкрэсліваю, што гэта магчымасць, якой трэба карыстацца з максімальнай карысцю. Калі я пачынала свой шлях у педагогіцы, пра такія практычныя веды не магла нават і марыць.
— Самі даўно ўзначальваеце сістэму адукацыі раёна?
— Кіраўніком з’яўляюся ўжо больш за 10 гадоў. Рухалася да гэтай вышыні, не прапускаючы ніводнай прыступкі. Спачатку працавала піянерважатай у школе-інтэрнаце, настаўніцай гісторыі, 12 гадоў метадыстам, пасля — галоўным спецыялістам і намеснікам начальніка аддзела адукацыі. Сёння, бывае, чую ад моладзі, што праз 5 гадоў трэба мяняць месца працы. Атрымліваецца, не ў трэндзе я ўсё жыццё. (Усміхаецца.) Але каб у мяне была магчымасць перапісаць сваю прафесійную гісторыю, не спланавала б яе інакш.
— Педагагічная каманда раёна сёння — гэта…
— Нас няшмат, але гэта сапраўды каманда прафесіяналаў. 83,6% педагогаў нашага раёна маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Заўсёды падтрымліваем калег у прафесійным росце і ствараем умовы, каб яны самі хацелі расці. У нас добра наладжана сістэма настаўніцтва. У пяці ўстановах раёна рэалізуецца 7 інавацыйных праектаў па актуальных напрамках — ад духоўна-маральнага выхавання да настаўніцтва і фізкультурна-аздараўленчай работы.
Ганарымся, што ў раёне працуюць 2 педагогі са званнем “Выдатнік адукацыі”, 3 фіналісты рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Яны з’яўляюцца яркім прыкладам для маладых спецыялістаў.
— У чым, на ваш погляд, галоўная задача сучаснага настаўніка?
— Я заўсёды кажу калегам: раней мы былі захавальнікамі ведаў, таму што інфармацыя была абмежавана. Зараз кожнае дзіця можа знайсці любую інфармацыю ў інтэрнэце менш чым за хвіліну. Таму і задача наша кардынальна змянілася. Сёння мы павінны навучыць дзіця выбіраць надзейныя крыніцы, аналізаваць інфармацыю, выкарыстоўваць яе на практыцы. Іншымі словамі — навучыць вучыцца.
Гэта не значыць, што трэба адмаўляцца ад правераных дзесяцігоддзямі метадаў. Гэта значыць, што трэба адаптаваць іх пад новыя рэаліі. Напрыклад, акрамя тлумачэння новай тэмы на ўроку, можна прапанаваць вучням сабраць інфармацыю самастойна, абмеркаваць яе ў групе, падрыхтаваць прэзентацыю. Гэта развівае крытычнае мысленне, якое зараз так важна для кожнага чалавека.
Да таго ж настаўнік сам не павінен спыняцца ў развіцці. Без сістэматычнага навучання, без асваення новых тэхналогій немагчыма адпавядаць запытам сучасных дзяцей.
— Што з планаў лічыце самым важным для педагогаў і навучэнцаў у 2026 годзе?
— Задача нумар адзін для нас — будаўніцтва басейна на тэрыторыі сярэдняй школы № 2. Гэта не проста спартыўны праект — гэта праект стварэння сацыякультурнага цэнтра раёна.
Не менш важная задача — захаваць атмасферу ўзаемнай падтрымкі ў педагагічным асяроддзі, калі калегі дапамагаюць адно аднаму, дзеляцца вопытам, не баяцца спрабаваць новае. Гэта адлюстроўваецца на выніках работы з дзецьмі.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





