Людміла Жукавец: нашы выпускнікі актыўна выкарыстоўваюць магчымасці паступлення па мэтавым накіраванні

- 14:15Планерка

Набыткі і дасягненні мінулага каляндарнага года стануць падмуркам для новых пачынанняў, крэатыўных ідэй і амбіцыйных планаў, накіраваных на далейшае павышэнне якасці адукацыі, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Людміла Жукавец.

Мінулы год быў для сістэмы адукацыі раё­на выніковым. Мы ганарымся дасягненнямі як нашых педагогаў, так і навучэнцаў, бо без настаўніка не будзе і вучня. Раён павысіў вынікі цэнтралізаванага экзамену (мы ўзняліся ў абласным рэйтынгу на пяць пунк­таў). Па рускай мове навучэнка гімназіі Петрыкава атрымала стабальны вынік. Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём атрымалі сем выпускнікоў.

Паспяхова выступілі нашы вучні на рэс­публіканскай алімпія­дзе па вучэбных прадметах: шэсць дыпломаў атрымалі на трэцім этапе, тры дыпломы — на заключным (па гісторыі, грамадазнаўстве, рус­кай мове). Сёлета на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды петрыкаўскія школьнікі заваявалі пяць дыпломаў. Тры навучэнцы будуць прадстаўляць вобласць на заключным этапе. Пераможцаў падрыхтавалі педагогі гімназіі Петрыкава Людміла Мчэдлава, Ірына Рагалевіч, Алена Трухановіч.

Па выніках удзелу ў рэспуб­ліканскім конкурсе даследчых работ навучэнцаў два петрыкаўскія гімназісты былі ўдастоены дыплома ІІІ ступені ў секцыі “Інфарматыка. Робататэхніка” (кіраўнікі Аляксандр Дарошка, Ганна Урбанчык). Паспяховым быў ­удзел навучэнцаў раёна на абласных cпаборніц­твах.

Значнай падзеяй у мінулым годзе стала адкрыццё ваенна-пат­рыятычнага клуба “Граніт” на базе сярэдняй школы № 2 Петрыкава. У склад клуба ўвайшлі 23 навучэнцы 8—10 класаў. Работа клуба накіравана на выхаванне ў падлеткаў любові і павагі да Радзімы, свайго народа, падрыхтоўку да службы ў арміі, фарміраванне здаровага ладу жыцця. Сваю дзейнасць клуб ажыццяўляе ў цесным кантакце з саветам ветэранаў, Петрыкаўскім РАУС, РАНС, а таксама з іншымі клубамі вобласці.

Таксама мы вельмі рады за 21 педагога, які атрымаў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Асабліва выніковым быў снежань 2024 года: сем педагогаў паспяхова здалі экзамен.

— Што дазваляе настаўнікам раёна павышаць прафесійнае майстэрства?

Па-першае, інавацыйная дзейнасць. Калі настаўнік працуе ў інавацыйным рэжыме, ён увесь час займаецца самаадукацыяй, шукае, эксперыментуе, укараняе. І спыніцца ў яго ўжо не атрымліваецца. Яскравыя прыклады — Капаткевіцкая сярэдняя школа і гімназія Петрыкава. Летась гэтыя ўстановы адукацыі завяршылі рэалізацыю чарговага праекта і падвялі яго вынікі на семінары-практыкуме. На гэтым мерапрыемстве прысутнічалі намеснікі дырэктара ўсіх школ раёна, настаўнікі. І педагогі сапраўды натхніліся. Сёлета ў нас з’явіліся новыя інавацыйныя пляцоўкі. Так, калектыў Мышанскай сярэдняй школы рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай кампетэнтнасці навучэнцаў сродкамі фізічнай культуры з улікам асобасных характарыстык і дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу”. Педагогі даследуюць, як развіццё фізічных якасцей школьнікаў садзейнічае іх паспяховасці ў вучобе. Петрыкаўскі раённы ЦКРНіР прымае ўдзел у праекце “Укараненне методыкі фарміравання сацыяльна-камунікатыўных навыкаў у навучэнцаў з расстройствамі аўтыстычнага спектра на аснове выкарыстання сенсорнай інтэграцыі”. Наш раённы вучэбна-метадычны кабінет уключыўся ў інавацыю “Укараненне мадэлі кіравання развіццём прафесійнай кампетэнтнасці спецыялістаў арганізацый, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу на раённым узроўні”.

Па-другое, павышэнню майстэрства педагогаў спрыяе конкурсны рух. Удзел у конкурсах — не толькі шлях да прафесійнага прызнання, але і магчымасць для асобаснага росту і развіцця. Практыка свед­чыць, што тыя настаўнікі, якія прымаюць удзел у спаборніцтвах, ужо не могуць і не хочуць працаваць па-старому. Па выніках удзелу ў конкурсах у педагогаў ёсць магчымасць павысіць сваю кваліфікацыйную катэгорыю, рухацца па кар’ернай лесвіцы. Так, выхавальніца дашкольнай адукацыі Святлана Бурміч стала загадчыцай ясляў-сада № 2. Не за­стаецца па-за ўвагай і наша мо­ладзь. Пераможца раённага конкурсу маладых педагогаў Юлія Ліпская цяпер з’яўляецца старшынёй мала­дзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым савеце дэпутатаў, старшынёй камісіі па пытаннях экалогіі, валанцёрскім руху і ўстойлівым развіцці Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэс­публікі Беларусь.

Акрамя таго, павысіць прафесійны ўзровень педагогам дазваляе ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца метадычнай службай у міжкурсавы перыяд. Нашы педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна прымаюць актыўны ўдзел у абласной творчай лабараторыі педагагічнай АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі, атрымалі сертыфікаты цьютараў і праводзяць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Інфарматыка без разеткі”.

— Людміла Мікалаеўна, вы адзначылі, што ў раёне маладыя педагогі актыўна прыцягваюцца да шматлікіх мерапрыемстваў. Што робіцца для іх замацавання на рабочых месцах?

— Штогод наша педагагічная сям’я папаўняецца 20—30 маладымі спецыялістамі. Іх замацавальнасць на месцах складае каля 80%. Акрамя мер падтрымкі, прадугледжаных заканадаўствам, маладым спецыялістам у раёне прадастаўляецца жыллё: у гора­дзе — арэнднае альбо інтэрнат, на сяле вы­дзяляюцца дамы. А пры Камаровіцкай сярэдняй школе ёсць інтэрнат.

Практыка паказвае, што звычайна застаюцца працаваць педагогі, якія нарадзіліся і выраслі ў нашым раёне. Таму працягваем развіваць сетку профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці. Сёлета тры педагагічныя групы дзейнічаюць на базе гімназіі і сярэдняй школы № 1 Петрыкава. Група спартыўна-педагагічнай накіраванасці адкрыта на базе сярэдняй школы № 1. Выпускнікі актыўна выкарыстоўваюць магчымасці паступлення па мэтавым накіраванні. Так, у 2023 годзе было выдадзена восем накіраванняў, а летась — дванаццаць. І такую практыку плануем працяг­ваць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Ігара ГРЭЧКІ