Калі пераступаеш парог кабінета, дзе праводзіць заняткі педагог Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Амелянчук, здаецца, трапляеш на выставу.
На сценах шмат работ, выкананых рукамі выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Аплікацыя саломкай” і самой Людмілы Сцяпанаўны. Сюжэты розныя, але на большасці карцін адлюстравана прырода роднага краю. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо Людміла Амелянчук вельмі любіць краявіды Маларытчыны і паказвае іх прыгажосць у сваіх работах, прывівае любоў да родных мясцін дзяўчынкам і хлопчыкам, якія з задавальненнем наведваюць заняткі аб’яднання па інтарэсах.
— Сюжэты запазычваю найперш у ваколіцах вёскі Ацяты, дзе нарадзілася і вырасла, і вёскі Дрочава, — гаворыць педагог. — Там неверагодныя, казачныя мясціны, якія падштурхоўваюць да творчасці. Родная зямля — невычэрпная крыніца натхнення.
Для аплікацыі (у залежнасці ад яе кампазіцыі) майстрыха выкарыстоўвае аўсяную, ячную і жытнёвую саломку, часта камбінуе іх, таму яны заўсёды атрымліваюцца прыгожымі.
Людміла Амелянчук яшчэ васьмікласніцай захапілася аплікацыяй саломкай. Цікавасць узнікла на ўроках абслугоўвай працы, а потым паступова перарасла ў захапленне і стала хобі. Дзяўчыне хацелася стаць майстрам у гэтай справе, але звязваць з ёй жыццё яна не збіралася: планавала стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Падала дакументы ў прыёмную камісію тагачаснага Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна. Але для таго, каб стаць студэнткай, не хапіла некалькіх балаў. Гэта засмуціла, але не адбіла ахвоту працаваць у школе. Дзяўчына ўладкавалася ў Дрочаўскую пачатковую школу, дзе адначасова выкладала ў 2—3 класах. На работу ішла з задавальненнем, штодзень з нецярпеннем чакала сустрэчы з выхаванцамі, а праз год завочна паступіла туды, куды першапачткова і хацела.
Пасля першага месца працы Людмілу Амелянчук перавялі настаўніцай пачатковых класаў у Замшанскую базавую школу. У вольны час педагог па-ранейшаму займалася аплікацыяй саломкай. Да гэтага занятку актыўна далучала вучняў пасля ўрокаў.
Неўзабаве Людміле Сцяпанаўне прапанавалі пасаду культарганізатара і кіраўніка гуртка “Аплікацыя саломкай” у тагачасным Доме піянераў. Шкада было пакідаць школу, якую вельмі любіла, але ж і прываблівала прапанова вучыць дзяцей любімай справе — аплікацыі саломкай. Пагадзілася. І з сакавіка 1985 года Людміла Амелянчук цалкам пераключылася на дэкаратыўна-прыкладную творчасць, пра што ні разу не пашкадавала. Тут раздолле для творчасці і ўвасаблення шматлікіх творчых задум. А галоўнае — яна па-ранейшаму працавала з дзецьмі.
Людміла Сцяпанаўна вучыла аплікацыі саломкай выхаванцаў і адначасова займалася самаўдасканаленнем: актыўна наведвала майстар-класы і семінары калег, паступова асвойваючы прыступку за прыступкай на шляху да дасканаласці.
Неўзабаве педагог пачала ўдзельнічаць у розных выставах. Яе прозвішча ўнесена ў базу майстроў народнай творчасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама і ў каталог “Майстры народнай творчасці” на сайце раённай бібліятэкі. У раёне не так і шмат тых, хто на прафесійным узроўні займаецца вырабамі з саломы.
У сваёй творчасці Людміла Амелянчук абапіраецца на багатыя мясцовыя традыцыі, творча іх развівае і працягвае, перадаючы вопыт і майстэрства вучням, укладваючы ў работы сваю душу, талент і ўменні. Майстрыха слухае сэрца, ідзе за сваёй фантазіяй і абуджае яе ў 12 дзяўчынках і хлопчыках.
Людміла Сцяпанаўна любіць тое, чым займаецца:
— У рабоце з саломкай свая магічная і прыцягальная сіла. Гэты цёплы прыродны матэрыял мае непаўторную прыгажосць, станоўча ўплывае на душэўны стан. Той, хто аднойчы паспрабаваў працаваць з саломкай, назаўсёды становіцца шчырым прыхільнікам гэтага рамяства. Прыродная прыгажосць саломкі дазваляе выконваць з яе адметныя вырабы.
З цягам часу ў Людмілы Амелянчук з’явіліся свае сакрэты нарыхтоўкi, апрацоўкi і падрыхтоўкi саломкi да работы. Па словах педагога, салому для аплікацыі трэба нарыхтоўваць у некалькі этапаў. Гэта дазваляе выкарыстоўваць для будучага вырабу саломку розных адценняў. Так, у перыяд красавання яна мае сіне-зялёнае адценне, а ў перыяд паспявання зерня становіцца больш залацістай. Завяршаць нарыхтоўку неабходна за два тыдні да паспявання збожжа. Калі не зловіш гэты момант, то сцябліны спелых збожжавых становяцца грубымі і набываюць брудна-шэрае адценне. Яны непрыдатныя для аплікацыі. Нарыхтоўвае саломку Людміла Сцяпанаўна ў сваіх родных у вёсцы Дрочава.
Высокая ацэнка і станоўчыя водзывы не раз гучалі ад наведвальнікаў шматлікіх выстаў, фестываляў і канферэнцый, дзе дэманстраваліся вырабы Людмілы Сцяпанаўны.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара