Прызнаюся, што ніколі не бачыла сапраўдны пернікавы домік да паездкі ў Шчучынскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Памочнікам выхавальніка тут працуе Наталля Аліхвер — чалавек вельмі шчыры, крэатыўны і творчы. У Наталлі Парфір’еўны ёсць талент радаваць людзей — яна гэта робіць у сваёй сям’і, у родным горадзе і, канечне, на рабочым месцы. Напрыклад, падчас маёй камандзіроўкі ў Шчучын Наталля Аліхвер зладзіла неверагодны майстар-клас для асаблівых навучэнцаў мясцовага ЦКРНіР па вырабе калядных пернікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пернікавы цуд
Спачатку дзеці на майстар-класе ўспаміналі, з якіх прадуктаў замешваецца цеста на пернікі, як з дапамогай формачак выразаць будучае печыва і як яго выпякаць. Пасля азнаёміліся з двума відамі глазуры: контурнай і залівачнай — для запаўнення дэталей. А потым надышоў час для ўпрыгожвання пернікаў. Супрацоўнікі цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі настаўніца Таццяна Іосіфаўна Ярошык і выхавальніца Людміла Паўлаўна Яцэвіч дапамагалі ім. А Наталля Парфір’еўна, якая праводзіла майстар-клас, дзялілася сваім вопытам у гэтай салодкай справе.
— Асаблівым дзецям вельмі падабаецца працаваць з цестам, яны адразу ўключыліся ў працэс вырабу калядных пернікаў. Раю калегам з устаноў спецыяльнай адукацыі скарыстаць мой вопыт у рабоце са сваімі выхаванцамі. Што да пернікавых домікаў — я пачала рабіць іх у самотны перыяд свайго жыцця, калі страціла самага блізкага і роднага чалавека — матулю. Калі для мяне ўсё пацямнела навокал, я вырашыла, што калі запалю святло хоць у гэтых мініяцюрных доміках, то будзе лягчэй мне і прыемна чалавеку, якому я падару свой выраб. У мяне ўсё атрымалася, я літаральна ажыла і паверыла ва ўласныя сілы, — расказвае Наталля Аліхвер.

Яна вучылася ствараць пернікавыя домікі па роліках у інтэрнэце. Жанчына прызнаецца, што любіць гатаваць, асабліва займацца выпечкай. Задума зрабіць пернікавы домік узнікае, калі набліжаецца свята. Наталля Парфір’еўна абдумвае, якім ён будзе, заказвае формачкі для выпечкі на адным з маркетплэйсаў і на кожнае свята сваімі залатымі рукамі стварае шэдэўры. Упрыгожвае яна пернікавы домік заўсёды па-рознаму — гэта залежыць ад настрою.
— Працэс стварэння пернікавага доміка вельмі захапляльны і абсалютна нескладаны, — працягвае майстрыха. — Гэтая справа расслабляе і дорыць пазітыўныя эмоцыі. Лічу, што любы чалавек пры жаданні здольны стварыць свой пернікавы домік. У мяне няма мастацкай адукацыі, я настаўнік абслуговай працы, аднак лёгка асвоіла гэтую тэхналогію.
Рэцэпт шчасця
У Наталлі Аліхвер ёсць уласны рэцэпт цеста для пернікаў, які яна не мяняе. Педагог упэўнена: той, хто каштаваў яе пернічкі, задаволены іх смакам. Галоўнае — рабіць ласункі з душой і любоўю. І, зразумела, выкарыстоўваць толькі якасныя, натуральныя прадукты. Дарэчы, нічога сакрэтнага ў рэцэпце няма і Наталля Парфір’еўна дзеліцца ім з усімі жадаючымі.
— У склад пернікаў уваходзяць мёд, сметанковае масла, курынае яйка, мука, цукар і харчовая сода. Спачатку я растопліваю мёд і сметанковае масла, дабаўляю да іх цукар, каб ён растварыўся, пасля — соду. Яна адразу пачынае працаваць: з’яўляецца пена. Цеста павінна крыху астыць, пасля чаго я ўводжу ў яго ўзбітае яйка і муку. Замешваю цеста і пакідаю яго “адпачыць” у халадзільніку завернутым у поліэтыленавы пакет ці сіліконавы дыванок, на якім я вельмі люблю працаваць з цестам. Звычайна пакідаю цеста ў халадзільніку на ноч, тады яно становіцца шчыльным і яго лёгка раскачваць. Выразаю загатоўкі пры дапамозе спецыяльных формачак і выпякаю часткі пернікавага доміка пры тэмпературы 180 градусаў. Як толькі загатоўкі астынуць, можна іх упрыгожваць, каб пасля сабраць з іх домік, — падрабязна расказвае Наталля Аліхвер.

Важна, што для доміка яна спачатку поўнасцю рыхтуе ўсе дэталі — яны павінны быць пакрыты глазурай. Акенцы запаўняюцца кандытарскім цукрам (ізамальтам), які можна афарбоўваць і які хутка застывае, ператвараючыся ў “шкло” ў пернікавым доміку. У склад глазуры ўваходзяць 30 г бялка курынага яйка і 200 г цукровай пудры. Для адцення смаку варта дабавіць крышку лімоннай кіслаты і араматызатары па сваім жаданні. Для дэкору выкарыстоўваюцца цукровыя карцінкі, кандытарская пасыпка і пацеркі.
— Збіраю ўсе дэталі будучага доміка вельмі асцярожна: яны крохкія і далікатныя. Для іх змацавання выкарыстоўваю айсінг густой кансістэнцыі. У гэтым працэсе галоўнае не спяшацца, па адной дабаўляць дэталі. Ну і важна сцены прыклеіць адна да адной роўненька, каб пернікавы домік не атрымаўся перакошаным. Пасля мацую дах з комінам. У сабраным доміку запаўняю глазурай вуглы пры дапамозе насадкі, раблю канёк на даху, канчаткова ўсё ўпрыгожваю. І вельмі люблю ў доміку запальваць святло: змяшчаю яго на падарункавую падстаўку і ўкладваю ўнутр святлодыёдную гірлянду, якую можна ўключаць і выключаць, — працягвае аповед памочнік выхавальніка.
Падарунак храму
Педагог робіць свае домікі для падарункаў — не на продаж. Напярэдадні свята жанчына прыкідвае, з кім можа сустрэцца, да каго пайсці ў госці, дзе ёсць дзеткі, якія вераць у цуды, — і робіць для іх домікі. Яе шэдэўрам заўсёды рады, Наталлю Парфір’еўну шчыра чакаюць у госці, асабліва малыя. Самае складанае ў гэтым працэсе… з’есці пернікавы домік. Многія людзі, якім майстрыха падарыла домікі, не здолелі іх разламаць і пакаштаваць, а пакінулі на добрую памяць.
Жадаю чытачам “Настаўніцкай газеты”, усім маім калегам, каб у 2026 годзе ўсё ў жыцці склейвалася гэтак жа лёгка, як дэталі пернікавага доміка! Няхай жыццё будзе ў меру вострым, вельмі салодкім і заўсёды найвышэйшага гатунку! Жадаю вам таленавітых вучняў і як мага больш падстаў для салодкіх перамен!
— Прызнаюся вам, што сама не каштавала зроблены мной пернікавы домік ніводнага разу, — усміхаецца Наталля Аліхвер.
— А колькі вы іх зрабілі за сваё жыццё? — цікаўлюся ў педагога.
— Думаю, што больш за тысячу!
— Які домік марыце зрабіць?
— Пернікавы домік мары для мяне — гэта салодкая копія храма, які ў найбліжэйшы час будзе пабудаваны побач з нашым домам. Калі мара стане рэальнасцю, я з гордасцю і вялікім задавальненнем зраблю падарунак нашай царкве. Яшчэ ў планах — вырабіць казачны палац, які асабліва спадабаецца дзяўчынкам. І, магчыма, зрабіць пернікавы домік Дзеда Мароза, — дзеліцца планамі Наталля Парфір’еўна і працягвае: — Жадаю чытачам “Настаўніцкай газеты”, усім маім калегам, каб у 2026 годзе ўсё ў жыцці склейвалася гэтак жа лёгка, як дэталі пернікавага доміка! Няхай жыццё будзе ў меру вострым, вельмі салодкім і заўсёды найвышэйшага гатунку! Жадаю вам таленавітых вучняў і як мага больш падстаў для салодкіх перамен!
— А я вам жадаю, дарагая Наталля Парфір’еўна, знайсці ў сабе сілы зрабіць пернікавы домік для сябе. І абавязкова пакаштуйце гэты салодкі цуд разам з самымі роднымі людзьмі!
***
Лічыцца, што пернікавыя домікі прыдумалі ў Германіі ў пачатку XVIII стагоддзя. Іх з’яўленне звязваюць з творчасцю братоў Грым: менавіта ў пернікавым доміку жыла злая ведзьма ў казцы пра Гензеля і Грэтэль. Як мы памятаем, гэта жахлівая гісторыя, але з добрым фіналам.

…У галодны год злая мачыха прымусіла бацьку Грэтэль і Гензеля адвесці іх у лес, каб яны заблудзіліся і загінулі. Заблукаўшы, дзеці сустрэлі ведзьму-людаедку, якая жыла ў доміку з пернікаў, з вокнамі з цукровай глазуры. Яна хацела засмажыць і з’есці брата і сястру, але дзеці перахітрылі ліхадзейку. У выніку ведзьма згарэла ў печцы, а Гензель і Грэтэль вярнуліся дадому. Мачыха за час іх адсутнасці памерла. Прабачыўшы бацьку здраду, дзеткі зажылі з ім у міры і згодзе. А дзякуючы скарбам ведзьмы, гэтай сям’і больш не прыйшлося галадаць.
Пасля выхаду кнігі братоў Грым нямецкія пекары пачалі рабіць размаляваныя імбірныя пернікі ў выглядзе казачных домікаў. Такая выпечка стала асабліва папулярнай падчас Каляд. У нарвежскім Бергене кожны год у снежні будуецца самы вялікі ў свеце пернікавы гарадок, які штогод наведваюць каля 100 000 чалавек. Яго ствараюць сем’і, школы і прадпрыемствы, якія пастаўляюць у горад мініяцюрныя пернікавыя домікі і будынкі.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара і з архіва Н.П.Аліхвер





