Навучанне ў гуртку можа быць модным i трэндавым, калі яго кiраўнiк ідзе ў нагу з часам.
Алена Аляксееўна Амелька, педагог дадатковай адукацыі пры Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці, у адзін цудоўны дзень сказала сабе: “Прыйшоў час адкрыцца новым ведам!”
Так у яе жыццё ўвайшоў спачатку скетчынг, затым летэрынг, а пасля і маляванне 3D-ручкай. Менавiта гэтыя дысцыплiны яна выкладае ў сваім аб’яднанні па інтарэсах “Скетчмайстар”.
— Гэта ўсё я вывучыла для сябе, самастойна. Мне хацелася засвоiць эксклюзiўныя веды, займацца сучаснымi вiдамi мастацтва. Па драбнiцах збiрала iнфармацыю: глядзела майстар-класы, чытала кнiгi, наведвала курсы… Аднак гэтага было недастаткова — трэба было прывесці назапашаныя веды ў сiстэму i перадаць iх дзецям, — расказвае педагог. — Урокi ў iнтэрнэце часта пабудаваны так, каб пакiнуць вучня крыху галодным. Я наадварот, стараюся даць дзецям больш інфармацыі, прыдумаць ім заданне с зорачкай, каб навучэнцам цiкава было рухацца наперад, з бляскам у вачах i прагай ведаў.
Ад хуткага эскiза да iмклiвай лiтары
Новы час патрабуе хуткiх рэакцый: сучасныя напрамкi мастацтва разлiчаны на спрошчаны падыход i хуткi вынiк. Для скетчынгу характэрны маленькi фармат, лёгкая неахайнасць i тэхнiчная разняволенасць. Па сутнасцi, ён дазваляе стварыць малюнак “на каленях” — за пару мінут у рэжыме “тут i зараз”.
— Няма строгiх крытэрыяў i канонаў, мастак сам вырашае, калi яму спынiцца. Ён можа стварыць скетч за некалькi мінут простым алоўкам на шклянцы з-пад кавы. Цi праявiць стараннасць, гадзiнамi змешваючы чыстыя акварэльныя фарбы. Нездарма самы любімы iнструмент скетчараў — маркер — дазваляе мастаку лоўка балансаваць памiж графiкай i жывапiсам, — расказвае педагог. — У дадатак да скетча мы з вучнямi знаёмiмся з паняццем летэрынгу — мастацтвам малявання лiтар.
Многiя блытаюць яго з калiграфiяй, аднак тут важна памятаць, што калiграфiя патрабуе правiльнага, кананiчнага, разборлiвага пiсьма, з iдэальным нахiлам i суразмернасцю кожнай лiтары ў радку.
— У летэрынгу мы не пiшам, а менавiта малюем. Заключаем лiтары ў фiгуры цi складваем фiгуры з лiтар, аздабляем iх завiтушкамi, дадаём эфекты, фарбуем, мяняем шрыфт, памер i напрамак радка. Як педагог я ацэньваю, у першую чаргу, гарманiчнасць кампазiцыi i адпаведнасць стылiстычнага рашэння значэнню фразы, — расказвае Алена Аляксееўна.
Кожны надпiс у летэрынгу эксклюзiўны, ён з’яўляецца формай самавыяўлення творцы i часта жыве нядоўга. Адзiн з самых вядомых вiдаў летэрынгу — крэйдавы — гэта прыгожыя меню на чорных дошках пры ўваходах у кавярнi. Летэрынг сёння актыўна ўпрыгожвае шыльды i лагатыпы, становiцца вiзiтнай карткай брэндаў цi канкрэтнай асобы. Татуiроўкi з эксклюзiўнымi надпiсамi — таксама вiд летэрынгу.
— I хаця кожны творца — сам сабе гаспадар, ёсць тэорыя, база, якую павiнны ведаць дзецi, — тлумачыць Алена Аляксееўна. — Структура лiтар, папулярныя шрыфты i рознiца памiж iмi: анціква i гратэск, брусковы і рукапісны. Навучанне звычайна пачынаюць з пропiсяў.
Так, у рускай мове ёсць папулярная фраза-панграма, якая ўтрымлiвае ўсе лiтары алфавiту: “Съешь же еще этих мягких французских булок, да выпей чаю!». У англiйскай мове свой аналаг: The quick brown fox jumps over the lazy dog (хуткая карычневая лiса пераскоквае праз лянiвага сабаку). Такiя фразы звычайна выкарыстоўваюць падчас прэзентацыi шрыфтоў i для калiграфiчнай практыкi.
Маляванне ў паветры
— Дзецям цiкава вывучаць сучасныя рэчы, тое, чым могуць пахвалiцца ў сацсетках, што бачаць у iнтэрнэце. А мы, дарослыя, на што толькi ні пойдзем, каб адцягнуць iх ад гаджэтаў, — прызнаецца педагог. — Але часам i нам карысна прыслухоўвацца да дзяцей i iсцi iм насустрач. Напрыклад, мая дачка вельмi хацела 3D-ручку i атрымала яе ў падарунак на дзень нараджэння. А я з чыстай цiкаўнасцi паспрабавала: што з гэтага можа атрымацца?
Увогуле маляванне 3D-ручкай — гэта стварэнне аб’ёмных трохмерных выяў пластыкавым стрыжнем. Пластык пры гэтым выкарыстоўваецца розны. Напрыклад, PLA — зроблены на аснове кукурузнага крухмалу. Разагрэты матэрыял не таксiчны, выдзяляе характэрны саладкаваты пах, аднак вырабы з яго маюць канечны тэрмiн захоўвання.
— Некаторыя работы з PLA, якiя я стварыла некалькi гадоў назад, ужо сталі крохкiмi i пачынаюць ламацца, — расказвае Алена Аляксееўна.
АВS-пластык — трывалы палiмер, менавiта яго выкарыстоўваюць у дэтальках LEGО. Галоўны мiнус — пры награваннi моцна i непрыемна пахне i можа выдзяляць у атмасферу шкодныя для здароўя рэчывы.
— Розныя вiды пластыку маюць адпаведную тэмпературу плаўлення: загрузiўшы ў 3D-ручку не той стрыжань, лёгка зламаць не самы танны iнструмент. Увогуле, знаёмства з 3D-ручкай пачынаю з правiл карыстання i тэхнiкi бяспекi. Мы маем справу з прыборам, якi падключаецца да сеткi, яго керамiчны наканечнiк даволi моцна награваецца. Таму дзецям раю надзяваць падчас работы спецыяльныя сiлiконавыя напальчнiкi, якiя выкарыстоўваюцца для iгры на гiтары, каб ненаўмысна не апячы пальцы, — расказвае педагог.
У руках майстра нават самы капрызны прыбор ператвараецца ў iнструмент для стварэння шэдэўраў. Трэба толькi прызвычаіцца да яго i набiць руку. Першыя крокi на гэтым шляху — маляванне лiнiй i простых геаметрычных фiгур.
— Потым мы пераходзiм да 3D- “залiўкi” — чыстага i акуратнага заштрыхоўвання атрыманых фiгур — без зазораў i прасветаў. У двухмернай прасторы можна эксперыментаваць доўга — ствараць яркiя плоскасныя пано i не складаныя ўпрыгажэннi (бірулькі, падвескi, кулоны). Гнуткасць PLA-пластыку дазваляе вырабляць нават просценькiя бранзалеты, — дзелiцца Алена Аляксееўна. — Напрактыкаваўшыся, пераходзiм да работы з аб’ёмам. Да стварэння трохмерных фiгур можна iсцi рознымi шляхамi. Адзiн са спосабаў — склейваць дэталi памiж сабой. Другi — наслойваць пластыкавую нiтку, накручваючы яе вакол загатоўкi.
Уцягнуўшыся ў работу, можна навучыцца ствараць пераходы колеру, прыдаваць пластыкавай паверхнi розную фактуру, ад гладкай, нібы шкло, да рэльефнай.
— Я навучылася рабiць гэта з дапамогай спецыяльных насадак для выпальвання па дрэве. Маляванне ў паветры — даволi новы вiд творчасцi, гэты напрамак пакуль толькi развiваецца, i тым цiкавей, што кожны майстар можа праявiць кемлiвасць i выдумаць свае аўтарскiя хiтрыкi, вынаходнiцтвы i сакрэты, — падагульняе Алена Аляксееўна.
Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ