Навучэнцы і педагогі Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі штогод атрымліваюць дзясяткі дыпломаў рознага ўзроўню па выніках удзелу ў конкурсах і выставах, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Партрэт беларускага вучонага Мікалая Круцько, які выканала педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці Людміла Мішкевіч у нетрадыцыйнай тэхніцы ніткаграфія, быў удастоены дыплома ІІ ступені на абласным конкурсе «Нам засталася спадчына» ў намінацыі «Лепшая інсталяцыя».
— Спаборніцтва праводзілася з мэтай далучэння ўдзельнікаў да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, развіцця творчых здольнасцей сродкамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, — расказала в. а. дырэктара ўстановы Яніна Барбуцька. — У гэтай намінацыі прапаноўвалася выканаць партрэты знакамітых людзей свайго горада (раёна), якія праславілі Гомельшчыну і Беларусь, з розных матэрыялаў (тэкстыль, скура, пяро і інш.) і ў розных тэхніках (аплікацыя, ткацтва, дывановы выраб, вышыўка і інш.). Памер работы павінен быў складаць 70 см х 100 см.
Было вырашана зрабіць партрэт вучонага, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара хімічных навук, прафесара Мікалая Паўлавіча Круцько. Вучоны нарадзіўся 20 мая 1949 г. у вёсцы Ляскавічы Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці, вядомы ў галіне неарганічнай і калоіднай хіміі. Яго працы ўнеслі значны ўклад у развіццё ўяўленняў аб механізме працэсаў структураўтварэння ў дысперсіях солей і прыродных мінералаў і метадах кіравання імі. Мікалай Паўлавіч — аўтар больш як 430 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 80 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
— Партрэт выкананы спосабам аплікацыі ў нетрадыцыйнай тэхніцы ніткаграфія — выкладанне з дапамогай шнурка або тоўстай ніткі контурных малюнкаў розных прадметаў, г.зн. «маляванне» з дапамогай ніткі. Такія малюнкі адрозніваюцца мяккасцю форм, здаюцца аб’ёмнымі і жывымі ў параўнанні са звычайным контурным малюнкам. Менавіта гэтая тэхніка дала бязмежныя магчымасці для творчага самавыяўлення, — расказала Людміла Мішкевіч.
Педагог дадатковай адукацыі Алена Шайко вядзе ў цэнтры заняткі аб’яднання па інтарэсах «Мяккая цацка», дзе вучыць лепцы, вышыўцы, рабоце з прыродным матэрыялам, тэхніцы пап’е-машэ. Але асаблівае месца ў яе дзейнасці займаюць тэкстыльныя лялькі. Шмат сіл педагог укладае ў іх стварэнне. Лялькі выкананы па-майстэрску, у іх ёсць душа. З падручнага матэрыялу можа атрымацца ўнікальная рэч. Дзеці прыносяць з дому непатрэбныя рэчы: старыя хусткі, шалікі з воўны, спадніцы, сукенкі, кавалачкі льняных тканін. І ва ўмелых руках ажываюць казачныя персанажы. Вучні Алены Шайко паспяхова ўдзельнічаюць у акцыях, конкурсах, фестывалях, выставах. За апошнія гады атрыманы тры дыпломы на абласных этапах рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка», а таксама на абласных этапах рэспубліканскіх выстаў-конкурсаў «Я родным краем ганаруся» і «Пад небам сінім».
— Ідэі прыходзяць па-рознаму. Спачатку мы доўга любуемся выявамі работ на старонках часопісаў і прасторах інтэрнэту, потым вырашаем — трэба зрабіць тое, чаго мы яшчэ не бачылі, — дзеліцца педагог. — Кожны навучэнец уносіць свае прапановы, пасля ўсё абмяркоўваем і прыходзім да адзінай высновы. А ў працэсе творчасці дапаўняем выяву. Мы спрабуем у ляльцы паказаць увесь самабытны побыт, дух даўніны, народны беларускі фальклор. Атрымліваюцца цікавыя вобразы лялек, аздобленыя вышыўкай, аплікацыяй, ніткаграфіяй.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара