Марына Грэль з гімназіі № 1 Зэльвы ўпэўнена: пачатковая школа павінна дапамагчы маленькаму чамучку паверыць, што ён здольны на большае, чым можа сабе ўявіць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Галоўным на сваіх уроках Марына Грэль лічыць атмасферу даверу ўнутры дзіцячага калектыву і шчырую захопленасць дзяцей працэсам пазнання.
Адчуць атмасферу, якая пануе ў яе класе, удалося яшчэ да афіцыйнага знаёмства з педагогам. На перапынку чацвёртакласнікі Марыны Іванаўны дружна дапамагалі аднакласніцы з творчай работай, прычым так захоплена, што нават гасцей на парозе класа заўважылі не адразу.
— Што мы робім, калі да нас завіталі госці? — звярнула ўвагу вучняў на з’яўленне карэспандэнта Марына Грэль, і яны тут жа згуртаваліся і вымавілі: “Здра-вствуй-те!”
У гэтым годзе дзеці, якіх педагог з цеплынёй называе “мае”, стануць чарговым яе выпускам.
— Як жа хутка ляціць час! Вось на гэтым здымку — наша першая сустрэча ў 1 класе. Здаецца, было гэта літаральна ўчора, — звяртае ўвагу педагог на фота ў рамцы, дзе вучні трымаюць у руках кнігі — падарункі кіраўніка дзяржавы першакласнікам краіны.
— Мне пашанцавала: пачынала ў НДЦ “Зубраня”. Гэта быў цікавы вопыт работы, у тым ліку з высокаматываванымі дзецьмі, які зарадзіў мяне, здаецца, на ўсё жыццё, — успамінае настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Ва ўстановах адукацыі Зэльвы яна працавала і настаўнікам фізічнай культуры, і метадыстам у цэнтры пазашкольнай работы. Дванаццаты год штодзённае ўзаемадзеянне будуе выключна з вучнямі пачатковай школы і менавіта тут адчувае сябе сапраўды на сваім месцы:
— Не варта баяцца спрабаваць і шукаць сябе ў розных напрамках. Разнапланавы вопыт фарміруе ўніверсальныя кампетэнцыі педагога, вучыць быць гнуткім.

Марына Грэль узначальвае раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў, пастаянна ўдасканальвае прафесійныя веды і навыкі. І ўсё ж галоўнай крыніцай натхнення ў педагогіцы яна называе дзяцей:
— Я маладзею разам са сваімі вучнямі і вучуся ў іх быць шчырай і адкрытай свету. Нездарма тэатралы называюць маленькага гледача самым патрабавальным: яго не падманеш. Дзеці літаральна счытваюць настрой дарослага. А таму ў нашай прафесіі важна сапраўды любіць тое, што робіш. У захопленасці педагога бачу галоўны сакрэт умення трымаць увагу класа.
Марына Іванаўна пераканана, што пазнавальная цікавасць — аснова паспяховага развіцця асобы. Таму, фарміруючы гэтую цікавасць у малодшых школьнікаў, яна прытрымліваецца прынцыпу: чым меншы вучань, тым больш наглядным павінна быць навучанне і тым актыўней ён павінен удзельнічаць у працэсе. У ход ідуць індывідуальныя, парныя, групавыя формы работы, дыферэнцыраваны падыход, гульнявыя метады. Заданні і матэрыялы — даступныя, маляўнічыя, займальныя, з элементамі спаборніцтва. Вернымі памочнікамі ў рабоце Марыны Грэль з’яўляюцца схемы, табліцы, сігнальныя карткі і спецыяльна распрацаваныя рабочыя лісты.
Педагог актыўна выкарыстоўвае і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. На ўроках літаратурнага чытання нярэдка прапануе дзецям стварыць цікавыя прэзентацыі самастойна — намаляваць або зрабіць на камп’ютары пры дапамозе дарослых. Звычайна пасля першай прапановы жадаючых праявіць сябе ўсяго некалькі, але ўжо да наступнага ўрока такіх дзяцей становіцца значна больш.
— Так фарміруецца вучнёўская актыўнасць, якая вельмі дарэчы яшчэ і для ўдзелу ў розных анлайн-алімпіядах і дыстанцыйных конкурсах, — адзначае Марына Грэль. — Заўсёды папярэджваю дзяцей, што няўдалых спроб тут няма, а таму “Буслік”, “Кенгуру”, “Каласок” — мерапрыемствы, дзе мы заўсёды прадстаўлены вялікім складам. Гэта адзін з першых крокаў на шляху да перамог рэальных, а не віртуальных. Не раз мае вучні былі ў ліку лепшых у раённых алімпіядах па матэматыцы і беларускай мове сярод малодшых школьнікаў.
На занятках настаўніца імкнецца браць на сябе ролю дырыжора. Яна пачынае ўрок з праблемнай сітуацыі ці пытання, адказы на якія дзеці шукаюць самі, кіруючыся падказкамі настаўніка.
— Высновы, якія дзіця зрабіла само, становяцца доўгатэрміновымі ведамі, трывалымі і гнуткімі. У пачатковай школе з рашэннем матэматычных задач можа дапамагчы дарослы, але для педагога вельмі важна, каб з дамашнім заданнем школьнік справіўся самастойна. Часам пасля заняткаў прашу затрымацца тых дзяцей, хто за 45 мінут так і не змог сказаць сабе: “Я зразумеў, тут няма нічога складанага”. Стараюся, каб яны прыходзілі да гэтага менавіта праз уласнае адкрыццё і разуменне ўсяго алгарытму, напрыклад, рашэння пэўнага тыпу задач, — працягвае суразмоўніца.
Прычына выкарыстання такога падыходу для педагога відавочная: як дом будуецца з падмурка, так і стаўленне да вучобы і ведаў фарміруецца ў пачатковай школе.
— Галоўнае ў першыя чатыры гады навучання — каб дзіця захацела вучыцца і зразумела, што для гэтага неабходна. Мне вельмі дапамагае ў гэтым стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага дзіцяці. Прычым звяртаюся не толькі да дыферэнцыраванага падыходу ў навучанні. Нават калі вучань стараўся, але не дасягнуў поспеху, я заўсёды знайду, за што яго пахваліць. Вера дарослага — гэта пачатак веры дзіцяці ў сябе і важная частка матывацыі на паспяховую вучобу ў далейшым, — падсумоўвае Марына Грэль.
Галоўным на сваіх уроках Марына Грэль лічыць атмасферу даверу ўнутры дзіцячага калектыву і шчырую захопленасць дзяцей працэсам пазнання.
Які клас у пачатковай школе самы цяжкі?
— Першы. Прычым для абодвух бакоў. Педагог пасля выпуску зноў пачынае інтэнсіўны марафон. Не адну сотню кругоў, бывае, наматаеш за адзін вучэбны дзень, праглядваючы, як у каго лічба атрымалася або элемент літары. Для вучня ж гэта той час, калі ён вучыцца слухаць настаўніка і быць школьнікам. Не менш важна і тое, каб ён заўсёды быў пачуты педагогам, таму імкнуся максімальна цікавіцца пазакласным жыццём кожнага дзіцяці.
Якая ваша любімая адзнака?
— Не сустракала калег, якія любяць двойкі з тройкамі (усміхаецца). Вядома, гэта дзявяткі і дзясяткі. У пачатковай школе мы гаворым пра адзнакі толькі з трэцяга класа. Але бывае, што мае вучні і ў другім заводзяць дзённікі і просяць “намаляваць” там адзнакі. Для іх гэта важны элемент вучобы.
Цытата, якая адлюстроўвае вашы адносіны да прафесіі.
— Я чалавек пазітыўны і вельмі аптымістычна настроены, таму гэта цытата Юрыя Нікуліна: “Шчасце — гэта калі раніцай вельмі хочацца ісці на работу, а пасля работы вельмі хочацца ісці дадому”. Я заўсёды спяшаюся ў школу, каб радаваць сваіх вучняў новымі ведамі. Імкнуся гэты працэс рабіць цікавым не толькі для іх, але і для сябе.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





