У жыцці кожнага чалавека ёсць святы, да якіх ён ставіцца з найбольшым хваляваннем, самыя значныя і дарагія сэрцу. Для большасці гэта ў першую чаргу розныя сямейныя ўрачыстасці, падзеі і даты. Але ў настаўніка ёсць яшчэ некалькі хвалюючых і чаканых дзён у календары. Вядома ж, гэта 1 верасня, Дзень настаўніка і апошні званок.
У маім жыцці ўжо было 37 апошніх, безумоўна, уключаючы тыя, калі я яшчэ сама хадзіла ў школу. Здавалася б, заўсёды пры першых нотах знаёмых школьных мелодый, што нязменна суправаджаюць з самай раніцы мітусню падрыхтоўкі да лінейкі, аднолькава на вочы наварочваюцца слёзы, адчуваюцца асаблівая ўрачыстасць і бясконцая радасць ад завяршэння нечага значнага, ад усведамлення, што заваявана чарговая вяршыня, але… такія розныя пачуцці пры гэтым у розныя гады напаўнялі сэрца.
Лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года, калі я была яшчэ вучаніцай, чакала з нецярпеннем, таму што на кожнай з іх мне сам дырэктар ціснуў руку і ўручаў пахвальны ліст за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны. Вядома ж, я ганарылася сваімі дасягненнямі. Але ўсё ж найбольшую радасць прыносіла тое, што гэта быў дзень, калі мае бацькі вельмі ганарыліся мной. Мне здаецца, так важна ў жыцці апраўдаць надзеі сваіх бацькоў. Для мяне заўсёды мае поспехі — гэта свайго роду падзяка бацькам за ўсё тое, што яны мне далі.
А далей апошнія званкі майго настаўніцтва, якія вельмі адрозніваліся адзін ад аднаго. На першым з іх не верылася — я ўжо цэлы год у прафесіі, а на лінейцы стаяць мае вучні, для якіх менавіта я была правадніком у краіне ведаў. І з таго часу кожны год напярэдадні лета на гэтым свяце, што падводзіць рысу навучальнаму году, я гляджу на дзяцей і стараюся адказаць для сябе на пытанні: ці ўсё было зроблена так, як трэба; ці правільна былі выбраны падыходы; ці ўдалося дастукацца і абудзіць цікавасць да прадмета; ці можна было вывесці дзяцей на больш высокія вынікі?
Бясспрэчна, да ліку асаблівых апошніх званкоў можна аднесці тыя, на якіх выпускаліся ў дарослае жыццё дзеці, якіх я вучыла. Не перастаю здзіўляцца, прыгадваю, якімі маленькімі зусім нядаўна былі тыя, у каго зараз вочы гараць і хто гатовы адправіцца заваёўваць свет. Безумоўна, перажываю за іх і спадзяюся, што дала ім усё, што было ў маіх сілах, і ў іх усё абавязкова атрымаецца.
Новыя эмоцыі дабавіліся, калі я стала класным кіраўніком. Тры месяцы летніх канікул могуць вельмі моцна змяніць як знешнасць, так і характар. Кожны апошні званок, калі я была ў ролі класнай мамы, несумненна, суправаджаўся думкамі аб тым, наколькі пасталеюць за лета мае падапечныя, якімі прыйдуць у новы навучальны год. І, вядома, галоўныя пытанні: як арганізаваць у гэтым годзе работу, каб максімальна ўнесці ўклад у іх выхаванне, каб выгадаваць у першую чаргу добрых людзей? Двум выпускам я ўжо дала пуцёўку ў жыццё як класны кіраўнік. І апошнія званкі, калі мае дзеці развітваліся са школай, — гэта асаблівы феерверк эмоцый! Захапленне і зачараванне і ў той жа час неймаверная горыч развітання. Як жа цяжка адпускаць тых, хто за многія гады стаў бясконца дарагі!
А самымі хвалюючымі і кранальнымі былі для мяне апошнія званкі маіх уласных дзяцей! Сэрца разрывалася на часткі ад думкі, што мае малышы сталі дарослымі і больш не будуць звяртацца да мяне на перапынку, не будуць прасіць дапамагчы выканаць дамашняе заданне… І паляцяць, пакінуўшы замест сябе перажыванні, трывогі і чаканні. І гэтыя слёзы на вачах не параўнаць ні з якімі іншымі! Гэтыя гордасць, радасць і смутак былі мацнейшыя ў сто тысяч разоў, чым ва ўсе астатнія апошнія званкі!
Зноў канец мая і зноў трэлі званочка пакажуць правільную дарогу ўсім тым, хто гатовы рухацца далей, і натхняць кожнага, хто пачуў іх, выключна на добрыя справы падчас адпачынку!
Алена ПРАТАСЕВІЧ,
настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына Брэсцкай вобласці,
настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”.