“Модны прысуд” на… спартыўным п’едэстале

- 12:25Адукацыйныя магчымасці

Да знаёмства з гэтымі дзяўчатамі, якія займаюцца, здавалася б, не тыповай для іх дзейнасцю — боксам, барацьбой, самба ці дзюдо, мне ўяўляўся вобраз дзяўчат-асілкаў са схаванымі ўнутры эмоцыямі і мужчынскай паходкай. Стэрэатыпны погляд разбіваюць студэнткі Марыя Кандрацьева, Наталля Самойленка і Ангеліна Пуціцкая. Калі размаўляеш з імі, узнікае ўражанне, што трапляеш у студыю прыгажосці ці, прынамсі, у лабараторыю па вырабе цудоўнага настрою і незгасальнай энергіі.

— Часта хочацца, каб у сутках было больш гадзін. Праўда, з часам прызвычайваешся да шчыльнага графіка: вучоба, трэніроўка, дома толькі ўвечары. Цяпер так нават больш падабаецца, бо за меншы час робіш больш, — пачынае сваю гісторыю студэнтка 2 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Наталля Самойленка. Дзяўчына выбрала дзюдо і не прагадала.

Дзяцінства няўседлівай Наталькі праходзіла насычана: сустрэчы з сябрамі, катанне на веласіпедзе, маляванне, чытанне кніг, цікавасць да якіх прывіла бабуля. А калі дзяўчынцы не сядзелася дома, яе цягнула на стадыён.

Першыя крокі ў спорце малая пачала рабіць у 2 класе, калі будучы трэнер школьніцы Мікалай Астанін запрасіў яе на трэніроўку. Дзяўчына прызнаецца, што першапачаткова вагалася, маўляў, гэта ўсё ж барацьба. Але пасля цікавостак, якія трэнер расказаў Натальцы пра гэты від спорту, больш не трэба было шукаць слоў.

— Штуршком стала і тое, што на трэніроўках мы займаліся не проста барацьбой. Яны праходзілі ў вясёлай, гульнявой форме — нам не хацелася выходзіць з залы. Спачатку, зразумела, былі цяжкасці: нешта не атрымлівалася ці падавалася вялікай нагрузка, — расказвае студэн­тка. — Але самае смешнае здарылася, калі пра маё хобі даведаліся мама і тата. Я паведаміла ім пра сваё жаданне, але яны зусім не абрадаваліся, думалі, што дзюдо — грубы спорт. Так мая цікавасць пачала змяншацца. Пазней бацькі ўбачылі, як праходзяць нашы заняткі, пераканаліся, што дзяўчат там столькі ж, колькі хлопцаў, і далі дазвол. А я што? Я ўжо адвыкла ад трэніровак. Разам з трэнерам ім удалося мяне пераканаць, што гэта ўсё ж мне патрэбна. Добра, што бацькі аказаліся больш настойлівымі, чым я, і дзюдо засталося са мной.

Наталля расказвае, што не памятае, каб на некага раўнялася: трэнер заўсёды гаварыў параўноўваць сябе не з некім, а з сабой учарашняй. Але гісторыі чэмпіёнаў і выбітных спартсменаў, па словах студэнткі, былі падчас добрай матывацыяй. 

— У маім відзе спорту важная не толькі сіла, але і дысцыплінаванасць. Я бачыла шмат моцных хлопцаў і дзяўчат, якія кідалі трэніроўкі, таму што нешта не атрымлівалася. Гэта сумна, бо ў іх былі шансы стаць чэмпіёнамі. Акрамя барацьбы, адпрацоўкі кідкоў, нас вучылі дысцыпліне. Азіраючыся назад, разумею, што трэніроўкі ўклалі ў мяне цярпенне, пачуццё адказнасці, імкненне да мэты, — падкрэслівае Наталля Самойленка.

Калі б не спорт, дзяўчына ўсё роўна выбрала б у якасці будучай прафесіі  нешта актыўнае, бо работа на месцы дакладна не для яе. Студэнтка пераканана, што змагла б рэалізаваць сябе ў творчасці ці ў сферы лінгвістыкі. 

— Самае запамінальнае ў спорце — гэта эмоцыі. Прытым як ад перамог, так і ад няўдач, якія дапамагаюць пераасэнсаваць памылкі. Сёння, калі бачу свае кубкі і граматы, разумею, што на іх больш прыемна глядзець бацькам, чым мне. Я больш рада таму, што дзюдо дапамагло мне знайсці сяброў, наведаць іншыя краіны, набыць прафесійны вопыт, — расказвае Наталля. — Пераканана, каб нечага дасягнуць, трэба старацца. Кожны раз, калі даю сабе палёгку ці лянуюся, кажу: “Не, трэба давесці справу да канца”. Трэнер робіць усё для таго, каб мы сталі лепшымі. Але без нашага асабістага жадання, імкнення да перамогі ўсе яго высілкі становяцца дарэмнымі.

Студэнтка чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марыя Кандрацьева ў малодшым школьным узросце займалася плаваннем, цягнула малую і ў біятлон. На змену гэтым заняткам прыйшла вольная барацьба. Паколькі не было групы з яе вагавой катэгорыяй, дзяўчынку накіравалі да трэнера па дзюдо.

Калі Марыйка прыйшла на заняткі па вольнай барацьбе, трэнер займаўся з “грэкарымлянамі”, сярод якіх былі адны мужчыны. “А дзе дзяўчаты, я не зразумела”, — прамільгнула ў галаве. А дзяўчаты, як высветлілася пазней, сабраліся ў камандзе дзюдо.

На першыя спаборніцтвы Маша адправілася праз 2 месяцы пасля пачатку трэніровак і стала другой на рэспубліканскім узроўні. Але, як ні пятляў спартыўны лёс Марыі Кандрацьевай, трывала замацавацца ёй было суджана ў самба.

— Самба — гэта такі від спорту, у якім, калі ты хочаш нечага дасягнуць, павінен быць працавітым і цярплівым. Гэта больш чым хобі, бо займае 80% майго жыцця. Усе пытаюцца, а чым бы я займалася, калі б не спорт. А чым бы я займалася? Уявіць сабе не магу, як гэта можна не трэніравацца, — паціскаючы плячыма, усміхаецца дзяўчына.

На рахунку Машы шмат перамог. Але самая запамінальная гісторыя ў яе склалася з апошняй. Чэмпіянат свету сярод юніёраў — 2017 павінен быў быць апошнім буйным турнірам гэтай катэгорыі ў кар’еры Марыі. Тры гады запар яна была сярэбраным прызёрам, таму на апошні юніёрскі “свет” дзяўчына ехала з канкрэтнай устаноўкай: перамагчы. З такім жа настроем (“прызёраў шмат, а пераможца адзін”) выходзіла на кавёр. У выніку перамаг­ла. Студэнтка пераканана, што тры сярэбраныя медалі сталі лепшым штуршком да чэмпіёнства.

Аднак юніёрскія перамогі Марыя пакідае за спінай, кажа, што ўсё гэта ў мінулым: дзяўчына накіравана на новыя, ужо “дарослыя” перамогі. Зараз яна рыхтуецца да чэмпіянату свету сярод жанчын, які ў лістападзе бу­дзе праходзіць у Карэі.

Рашучай у дачыненні да спорту Марыя Кандрацьева была заўсёды. Нават тады, калі пасля 8 класа прыйшла да маці і сказала: “Я збіраюся на зборы ў вучылішча алімпійскага рэзерву”.

— Матуля вельмі мной ганарыцца. Прыязджаеш да яе на работу ў паліклініку — кроку незаўважанай не ступіш, бо ўсе ведаюць. Кажу: “Матулечка, ты толькі плакатаў не вешай”. Яна ва ўсім і заўсёды падтрымлівае мяне. Але калі атрымаю траўму, можа пажартаваць: “Ну навошта табе гэты спорт?”. Часам больш хвалюецца, чым я сама.

У Віцебску (там дзяўчына вучылася да 11 класа) спартсменка займалася ў Ганны Залецкай, якая сумяшчала спартыўную кар’еру з трэнерскай; у Мінску прыйшла да заслужанага трэнера краіны Вячаслава Ката і заслужанага майст­ра спорту сяміразовай чэмпіёнкі свету Веранікі Казлоўскай. На прыклады з іх спартыўнай кар’еры дзяўчына гля­дзіць заўсёды, гаворыць, што да ўзроў­ню Ганны Уладзіміраўны, Вячаслава Сцяпанавіча і Веранікі Дзмітрыеўны дацягнуцца няпроста, але раўняцца неабходна. Яны для Марыі — непарушны эталон.

Студэнтка расказвае, што ў камандзе таксама ёсць шмат людзей, на якіх хочацца не толькі раўняцца, але і пераўзыходзіць іх дасягненні.

— Трохразовая чэмпіёнка свету і двухразовая чэмпіёнка Еўропы па самба Насця Архіпава нарадзіла двух дзяцей і вярнулася ў спорт. У мяне толькі дзве трэніроўкі на дні, вучоба, дробныя справы. У яе ж — трэніроўка, дзеці, сям’я. І як я магу гаварыць, што стамляюся? Ды я ж зусім не стамляюся, — разважае Маша. — Часта ў нас пытаюцца: “Дзеля чаго вы, спартсмены, столькі церпіце? Дзеля таго, каб па­стаяць на п’едэстале? Але ж гэта ўсяго некалькі хвілін”. Ведаеце, якія там эмоцыі! Калі сыходзіш адтуль — унутры спустошанасць, ты гаворыш сабе: “Ага, я ж хачу яшчэ!” Калі ты аднойчы пастаяў на п’едэстале, абавязкова захочаш вярнуцца. Спорт — лепшая прафесія.

Ангеліна Пуціцкая злева.

Чацвёртакурсніца БДУФК Ангеліна Пуціцкая таксама займалася ў розных секцыях: па плаванні, валейболе, захаплялася бегам і нават вучылася ў мадэльнай школе. Але, як жартуе студэнтка, нешта пайшло не так. Пасля 9 класа яна паступіла ў архітэктурна-будаўнічы каледж, аднак пасля двух гадоў навучання дзяўчына вырашыла перапаступіць у БДУФК. Спорт узяў сваё. 

Сяброўскія адносіны з боксам пачаліся, калі дзяўчыне было 13. Праўда, перад вачыма з дзяцінства быў прыклад таты-спартсмена: дома вісеў баксёрскі мяшок, на якім ён трэніраваўся. Ангеліна прызнаецца, што ў секцыю бокса запісалася выпадкова. Паколькі ў маленькім горадзе займацца амаль не было чым, а ў групу па боксе якраз набіралі дзяўчат, яны з сяброўкай вырашылі выпрабаваць сябе.

— Я зусім не збіралася займацца гэтым прафесійна, так, хутчэй для сябе. А пасля трэнер выставіў на спаборніцтвы. Я стала першай на вобласці, — адзначае дзяўчына. — Ды і баць­кі напачатку думалі, што я ў секцыю па валейболе ха­джу. А калі пайшлі медалі, нешта замоўчваць не мела сэнсу. Зараз ужо і не памятаю сябе без бокса. Як казаў мой трэнер: “Бокс — гэта жыццё, жыццё — гэта бокс”.

За 7 гадоў у боксе сур’ёзна дзяўчына займаецца 4 гады — з часу паступлення ва ўніверсітэт. У 2017 годзе, дэбютным для яе на “дарослым” рынгу, стала чэмпіёнкай Кубка Рэспублікі, выканаўшы нарматыў кандыдата ў майстры спорту.

Некалькі разоў на год Ангеліна разам з камандай выязджае на міжнародныя рынгі. Па словах дзяўчыны, у краінах Прыбалтыкі моцная баксёрская школа, удзельнікі такіх спаборніцтваў атрымліваюць у баях вопыт. Ангеліна лічыць, што, як і ў любым відзе спорту, у баксёра павінен быць дух байца, спартыўная злосць, чаго ёй самой, на яе думку, не хапае.

— Аднойчы, калі я была не ў настроі ісці на трэніроўку, мне сказалі: “Лянота забівае ў табе чэмпіёна”. Гэта дастаткова было пачуць аднойчы, — дзеліцца студэнтка. — З узростам я навучылася расстаўляць прыярытэты. Таму, калі хочацца ўсё кінуць, я трымаю ў галаве сваю фразу і ўспамінаю, дзеля чаго ўсё пачыналася і ці буду я шчаслівая, калі апушчу рукі і здамся.

Галоўныя балельшчыкі Ангеліны, якія заўсёды перажываюць за яе, — бацькі. Тата, калі спаборніцтвы праходзяць у Беларусі, стараецца не прапускаць ніводныя. А матуля пабойваецца: пасля першага міжнароднага турніру з удзелам дачкі сказала, што больш не рызыкне. Яшчэ два важныя чалавекі ў жыцці дзяўчыны — трэнеры Віктар Юцкевіч і Аляксандр Стрыжак.

— Трэнеры — гэта ж сям’я, яны як бацькі. Я не лічу, што да дзяўчат патрэбен асаблівы падыход, але нас трэба ўмець адчуваць. Тым больш калі нас група, — адзначае спартсменка. — Калі каму-небудзь дастанецца больш увагі, то ўсё, лічы, больш няма калектыву. Здорава кантактаваць з трэнерам на адным узроўні, як з сябрам, але ён заўсёды павінен ставіць сябе так, каб спартсмены ведалі, хто галоўны. Бо найважнейшую ролю ва ўзаемадзеянні адыгрывае павага. Толькі ў такім выпадку і калектыў складзецца, і добрыя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць.


Гераіні матэрыялу вельмі розныя. Але іх аб’ядноўвае смеласць у сваім выбары, адказнасць і вернасць яму. 

— Хто прыдумаў, што самба, дзюдо і бокс — мужчын­скія віды спорту? Гэта як і думка, што гімнастыка — жаночы від. Можа, яно і так, калі не браць пад увагу, што дзяўчаты там працуюць так, як мужчыны не працуюць. Зрэшты, усё спасцігаецца праз параўнанне, — заўважыла падчас размовы адна са спартсменак. — Думаеце, сярод нас шмат “пацанак”? Зайдзіце ў раздзявалку: у нас там такі “Модны прысуд” — “закачаешся”! Паспрабуй апрані джынсы ці кашулю не таго колеру!

Сыходзяцца ў галоўным і погляды дзяўчат: на пытанне “Што такое шчасце?” усе яны, не раздумваючы, адказва­юць: здароўе — сваё і родных.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва герояў.