Настаўнік, педагог — гэта не прафесія, а хутчэй прызванне.
Не кожны можа стаць геніяльным мастаком, музыкантам ці акцёрам. Не кожнаму дадзена стаць сапраўдным настаўнікам.
Настаўніка часта параўноўваюць са скульптарам ці мастаком. Але чалавечае дзіця не гліна, з якой можна вылепіць усё, што хочаш, і нават не мармур, які супрацьпастаўляе намаганням майстра сваю непадатлівасць. Педагога можна хутчэй параўнаць са скульптарам па дрэве, які ажыццяўляе сваю творчую задуму не наперакор матэрыялу, а выяўляючы яго магчымасці. Убачыць у сукаватай галінцы галаву старога ці аленя, які бяжыць, і сваім намаганнем рэалізаваць гэты вобраз — вось задача майстра. Такая ж і задача выхавальніка. Яна патрабуе не толькі настойлівасці, але і душэўнай шырыні. Задача настаўніка — убачыць у маленькім чалавеку індывідуальнасць, знайсці асаблівы падыход да кожнага вучня.
Прафесія настаўніка прыцягвае мяне перш за ўсё сваёй гуманнасцю і высакароднасцю. Я думаю, каб стаць добрым настаўнікам, трэба многа працаваць над сабой, самаўдасканальвацца. Мне падабаецца выказванне аўстрыйскага пісьменніка Карла Клауса: “Што засвоілі настаўнікі, тым харчуюцца вучні”. Бесперапыннасць педагагічнай самаадукацыі — неабходная ўмова прафесійнага станаўлення і ўдасканалення.
Адзін з галоўных фактараў пазнавальнай цікавасці дзіцяці — любоў да прадмета, які выкладаеш. Настаўнік павінен быць пастаянна ў курсе новых даследаванняў, адкрыццяў і гіпотэз, усведамляць блізкія і далёкія перспектывы свайго прадмета. Для вучняў настаўнік — гэта жывая энцыклапедыя. Ён павінен ведаць адказ на любое пытанне ці, прынамсі, крыніцу, дзе можна атрымаць жаданую інфармацыю.
Настаўнік павінен валодаць педагагічным тактам. Узаемаадносіны настаўніка з калегамі, бацькамі і дзецьмі, заснаваныя на ўсведамленні прафесійнага абавязку і пачуцці адказнасці, складаюць сутнасць педагагічнага такту. Тактыка паводзін настаўніка ў тым, каб выбраць адпаведны стыль, тон і час педагагічнага дзеяння. Педагагічны такт шмат у чым залежыць ад асабістых якасцей педагога, яго кругагляду, культуры, волі, грамадзянскай пазіцыі, майстэрства. Ён з’яўляецца той асновай, на якой вырастаюць даверлівыя адносіны паміж настаўнікам і навучэнцамі.
Педагагічная справядлівасць — своеасаблівая мерка аб’ектыўнасці настаўніка, узроўню яго маральнай выхаванасці. Чалавек жорсткі, уладарны, эгаістычны не можа быць настаўнікам. Таксама ім не можа быць і сухі, пасіўны, замкнуты толькі на сябе, на сваіх інтарэсах чалавек. Быць настаўнікам для мяне — значыць быць чалавекам творчым, валодаць індывідуальнасцю, багатым унутраным светам і невынішчальнай жыццёвай энергіяй.
Любімым настаўнікам можа быць толькі чалавек, які любіць. Пры гэтым трэба разумець, што адносіны паміж настаўнікам і вучнем ніколі не бываюць роўнымі — уплываюць і ўзроставыя адрозненні, і неаднолькавасць жыццёвага вопыту. Але ў адным роўнасць паміж імі абавязковая — у ступені шчырасці. Дзіця шукае ў педагогу старэйшага сябра і настаўніка. Я стараюся пабудаваць адносіны з вучнямі на ўзаемаразуменні, бо, раскрываючыся насустрач дзіцяці і атрымліваючы доступ у яго ўнутраны свет, настаўнік пашырае межы і ўзбагачае змест уласнага “Я”.
Майстэрству душэўнага кантакту нельга навучыцца па падручніку ці звесці да нейкай сумы правіл. Яго найважнейшая перадумова — чуласць і душэўная адкрытасць самога выхавальніка, гатоўнасць зразумець і прыняць нешта новае і нязвыклае, убачыць іншага, як сябе, і сябе, як іншага.
Роля настаўніка ў развіцці грамадства заўсёды была надзвычай важнай, таму што настаўнікі былі носьбітамі ведаў, якія перадаваліся наступным пакаленням. Задача настаўніка не змянілася і зараз. Ён, як і тысячагоддзе назад, павінен несці вучням веды, фарміраваць уменні, выхоўваць іх свядомымі паспяховымі членамі грамадства.
Прафесія педагога — самая цікавая, добразычлівая, рознабаковая, талерантная. Увогуле — самая-самая!
Свет пастаянна мяняецца, з’яўляюцца новыя павевы, паняцці, тэрміны. Настаўнік павінен быць на падхваце і ўмець арыентавацца ў зменлівых умовах. Толькі ў гэтым выпадку можна гаварыць пра прафесійны рост. І адзінае, чаго б мне хацелася, каб праз гады пра мяне сказалі: “Яна была на сваім месцы!”
Вельмі спадзяюся, што мой артыкул дапаможа хаця б аднаму дзіцяці сарыентавацца ў выбары прафесіі. Канечне, прэстыж настаўніка ўжо не той, што быў раней: ніхто ўжо не знімае шапку пры сустрэчы і няма таго піетэту, што быў некалькі пакаленняў назад. Хаця, здавалася б, глабальных змен не адбылося. Мы, настаўнікі, па-ранейшаму аддаём сэрцы чужым дзецям, часам забываючы пра ўласных.
Прафесія настаўніка была і будзе адной з самых высакародных, і мне хочацца, каб па гэтым складаным шляху пайшлі тыя, хто гатоў несці ў свет вечныя каштоўнасці, на якіх трымаецца свет. Калі ты, выпускнік, адчуваеш у сабе сілы адкрыць усе таямніцы гэтага свету новаму пакаленню, сардэчна запрашаем у нашу дзівосную педагагічную прафесію!
Вераніка КРЭЧЫК,
настаўніца Велікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы
Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.