На генным узроўні

- 10:00Авторские колонки, Мнение

Чарговай сталіцай Дня беларускага пісьменства, які будзе адзначацца ў нашай краіне ўжо 32-­і раз, сёлета стане Ліда — старажытны горад на Гродзеншчыне.

Іван ЖДАНОВІЧ

Штогод блізка адзін да аднаго Дзень ведаў і рухомы Дзень беларускага пісьменства (у першыя выхадныя восені). А бывалі гады, што дні супадалі: калі галоўныя імпрэзы рухомага свята праходзілі ў Міры (2002), Быхаве (2013) і Слоніме (2019).

Канцэпцыя свята пісьменства прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларус­кага народа, адлюст­раванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі, таму відавочна, што і асвет­ніцтва, і традыцыі школьніц­тва з пісьменствам у жыцці паяднаныя. Бо гэта ж аксіёма: кніга — крыніца ведаў.

Асветніцтва супольна з друкарствам і паклікалі свята беларускага пісьменства ў Рэс­публіку Беларусь, якая толькі сцвярджалася ў статусе незалежнасці. Вядомы факт: першае свята прайшло, вядома ж, у Полацку, і тое было ў жніўні 1994-га, і прымеркавалі яго да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі, якая пабачыла свет 6 жніўня 1517-га. Свята ў Лідзе скарынаўска-­асветніцкую традыцыю ўшануе і прадоўжыць. Пройдзе яно пад знакам 80-годдзя Вялікай Перамогі, юбілеяў вядомых дзеячаў айчыннай лі­таратуры і 500-годдзя выхаду (Вільня, сакавік 1525-га) скарынаўскай кнігі “Апостал”.

Сам Францыск Скарына назваў тую кнігу так: “Книга деания и послания апостольская, зовемая Апостал”. І Віленская друкарня Скарыны, якую першадрукар і асветнік заснаваў у пачатку 1520-х, заслугоўвае згадкі: першая ж друкарня на тэрыторыі Усходняй Еўропы! Як бачым, нашы продкі ў духоўна-культурным развіцці актыўна праяўляліся. Тое важна ўсведамляць сёння, і на такіх асветніцкіх традыцыях у тым ліку засяроджваць увагу школьнікаў.

“Відаць, у беларусаў на генным узроўні закладзены свое­асаблівы код, які трэба крыху падвару­шыць, каб ён абудзіўся і каб мы пачалі паводзіць сябе ў адпаведнасці з традыцыя­мі. Асабліва ў апошнія гады зразумелі мы, як важна быць пат­рыётамі сваёй краіны”. Такое цікавае назіранне агучыла начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк на экспертнай пляцоўцы, якая ладзі­лася ў Выдавецкім доме “Педагагічная прэса”. Журналісты з педагогамі гаварылі на важную тэму “Як жывецца роднай мове ў дзіцячым са­дзе і ў школе. Набыткі. Вопыт. Перспектывы”. Дык яшчэ ў сакавіку, напярэдадні Дня роднай мовы, казала Вольга Зыгмундаўна, дадзены старт падрыхтоўчым імпрэзам да Дня беларускага пісьменства: распачыналіся на Лідчыне інтэрактыўныя літаратурныя, рэбусныя і гульнявыя пляцоў­кі, літаратурныя квесты, літаратурна-інтэлектуальныя батлы, буккросінг, арт-гадзіны… Ствара­ліся тэматычныя фота­зоны, інфармацыйна-літаратурныя прыпынкі: адзін з іх будзе рас­казваць пра былога міністра асветы Міхаіла Гаўрыла­віча Мінкевіча, дзяржаўная дзейнасць якога некаторы час была звязана з Лідай.

У плане падрыхтоўкі да свята пад назвай “Дзяцінства з кнігай”, распрацаванага ў раённай сістэме адукацыі, значыцца 16 разнастайных пазіцый. Задзейнічаны практычна ўсе ўстановы адукацыі. Дню беларускага пісьменства, а таксама Году добраўпарадкавання сёлета прысвечана цікавая намінацыя “Жывая кніга прыроды” раён­нага конкурсу па азеляненні “Квітней, любімы горад!”. Установы адукацыі распрацавалі, а потым рэалізавалі свае дызайн-праекты.

Займальнай падзеяй для самых юных чытачоў стане прэзентацыя ў 26-м дзіцячым садзе горада кнігі “З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі” — з удзелам названых вобразаў-персанажаў, хлопчыка і дзяўчынкі. Гэтая кніга пра Лідчыну, яна стане падарункам для ўсіх чытачоў-першакласнікаў горада і раёна. З яе галоўнымі персанажамі дзеці змогуць здзейс­ніць ванд­роўкі, шмат даведацца пра родны край, яго людзей, гісторыю, культуру, прамысло­васць, прыроду.

Фота БелТА

Важным бачыцца мне і сам факт ушанавання ў плыні Дня беларускага пісьменства памяці пра згаданага ўжо Міхаіла Мінкевіча — не пісьменніка, які пакінуў пасля сябе на Лідчыне добры след. У 1-й школе Ліды адкрыецца выставачная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці Міхаіла Гаўрылавіча. Дарэчы, у пачатку 1960-х ён, будучы першым сакратаром Лідскага райкама партыі, паспрыяў таму, каб у горадзе жыла памяць пра Валянціна Таўлая — у Лідзе помнік паэту і патрыёту ў святочны дзень адкрыюць. Дык абодва яны вартыя ўдзячнай памяці! “Для мяне жыцці-подзвігі Міхаіла Мінкевіча і Валянціна Таўлая — узоры служэння Айчыне,” — пісала пра іх Наталля Гарбачова, дзіця вайны і выдатнік асветы СССР, якая з Міхаілам Гаўрылавічам была добра знаёма.

Па сутнасці, на прыкладзе Лідчыны мы бачым, як творча можна выкарыстоўваць фармат Дня беларускага пісьменства для таго, каб абуджаць у дзецях цікавасць да кнігі, роднай гісторыі, вядомых людзей раёна, горада.

Вядома ж, Ліда можа ганарыцца і тым, што народны настаўнік Беларусі Альфрэд Антонавіч Ладыка — яе жыхар. А можа, варта яшчэ на хвалі такой увагі да роднага слова ўшанаваць і мясцовых настаўнікаў пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры, якія сёння вядуць урокі на роднай мове і якія ўжо на заслужаным адпачынку. Шануючы такіх людзей, мы прадоўжым традыцыі паважлівага стаўлення да самой асветы і да роднага слова.

…Як у далёкія часы, калі яшчэ з 1320-х гадоў знакамі­ты Лідскі замак стаў часткай абароны Вялікага Княства Літоўскага ад ваяўнічых крыжакоў, так і сёння беларускае пісьменства трымае абарону: супраць невуцтва, цемрашальства, непісьменнасці, бездухоўнасці…