Як адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец, адным з найважнейшых нашых дасягненняў з’яўляецца комплексная сістэма суправаджэння дзяцей з АПФР ад нараджэння і да атрымання імі прафесійнай адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя. Набываецца спецыяльнае абсталяванне і тэхнічныя сродкі, выдаюцца ўнікальныя вучэбныя дапаможнікі, з якімі ўдзельнікі пасяджэння калегіі маглі азнаёміцца падчас выставы-прэзентацыі вучэбна-метадычнай літаратуры. Шырока рэалізуецца прынцып інклюзіі. Больш за 74% дзяцей з АПФР атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання.

У 2025 годзе ў адпаведнасці з загадам міністра адукацыі была вывучана дзейнасць спецыяльных школ-інтэрнатаў. Выяўлены як сістэмныя, так і лакальныя праблемы, якія патрабуюць выпрацоўкі адзіных падыходаў да іх вырашэння.
— У краіне функцыянуюць 33 спецыяльныя школы-інтэрнаты, дзе атрымліваюць адукацыю 3209 навучэнцаў з АПФР, што складае 1,8% ад агульнай колькасці дзяцей з АПФР, — адзначыла Ала Вераценнікава, начальнік аддзела адаптацыі і інтэграцыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Міністэрства адукацыі. — Абласное падпарадкаванне маюць 20 спецыяльных школ-інтэрнатаў, астатнія — раённае альбо гарадское. Аналіз іх дзейнасці паказаў, што для эфектыўнага вырашэння пытанняў камплектавання, забеспячэння педкадрамі, павышэння ўзроўню матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання мэтазгодна перагледзець падпарадкаванасць спецыяльных школ-інтэрнатаў — перавесці з раённага (гарадскога) падпарадкавання ў абласное. Кантролю патрабуе пытанне напаўняльнасці школ і рацыянальнага выкарыстання наяўных плошчаў.
У большасці спецыяльных школ-інтэрнатаў дасягнуты ўзровень частковай даступнасці: налічваецца больш за 6 элементаў даступнага асяроддзя.
— У Беларусі назіраецца значны рост колькасці дзяцей з РАС. У некаторых спецыяльных школах-інтэрнатах гэтая лічба дасягае 35% і больш, — працягнула спецыяліст. — Тым не менш гэта разнастайная група навучэнцаў, яны могуць займацца як па праграмах агульнай сярэдняй, так і спецыяльнай адукацыі. Таму неабходна абмеркаваць пытанне аб выпрацоўцы адзіных падыходаў да арганізацыі адукацыйнага працэсу для іх. Актуальнай застаецца задача павышэння прафесійных кампетэнцый педагогаў, якія працуюць з такімі дзецьмі, і распаўсюджвання лепшага адпаведнага вопыту. Дарэчы, у краіне на базе ўстаноў адукацыі функцыянуюць 12 рэсурсных цэнтраў па рабоце з дзецьмі з РАС.
У некаторых дырэктараў спецыяльных школ-інтэрнатаў і іх намеснікаў, а таксама ў педагогаў гэтых устаноў, якія працуюць з дзецьмі з АПФР, сёння адсутнічае спецыяльная (дэфекталагічная) адукацыя. Таму важна стымуляваць іх да перападрыхтоўкі. А тых, у каго ёсць адпаведная адукацыя, матываваць да павышэння кваліфікацыі і атрымання кваліфікацыйнай катэгорыі (атэстацыі).
У краіне 15 спецыяльных школ-інтэрнатаў з’яўляюцца рэсурснымі цэнтрамі па забеспячэнні метадычнага суправаджэння спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі. Так, у Пінскай спецыяльнай школе-інтэрнаце дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па пытаннях навучання дзяцей з парушэннем слыху, у тым ліку кампенсаваных кахлеарным імплантам. Кабінеты ў школе абсталяваны гукаўзмацняльнай апаратурай калектыўнага карыстання, што мае вялікае значэнне для развіцця маўлення і слыхавога ўспрымання навучэнцаў.
Прадстаўляючы вопыт арганізацыі работы з кадрамі ў спецыяльнай адукацыі, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык згадаў некаторыя цікавыя формы. Так, летась у рэгіёне была запушчана платформа “Цэнтр інклюзіі”, у рамках якой дзейнічае кансультацыйны пункт. Сайт кансалідуе актуальныя веды, матэрыялы, методыкі для педагогаў і бацькоў. Тут можна пакінуць заяўку на кансультацыю, зарэгістравацца на вэбінар.

Традыцыйна на базе Гродзенскага абласнога ІРА праходзіць летні адукацыйны інтэнсіў для настаўнікаў-дэфектолагаў са стажам работы да 3 гадоў ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Маладыя педагогі могуць на працягу трох дзён наведаць практычныя заняткі, майстар-класы вопытных спецыялістаў, у тым ліку абласныя рэсурсныя цэнтры, азнаёміцца з выставай дапаможнікаў і абсталявання.
У Віцебскай вобласці функцыянуе 29 устаноў спецадукацыі. І ў іх канцэнтруюцца матэрыяльныя, метадычныя, кадравыя і іншыя рэсурсы па рабоце з рознымі катэгорыямі дзяцей з АПФР. На іх базе працуюць 9 рэсурсных цэнтраў, у тым ліку 2 ў Віцебскім абласным ЦКРНіР. Пра гэта нагадаў Дзмітрый Хома, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. У апошнія гады іх дзейнасць актывізавалася праз анлайн-мерапрыемствы, якія праходзяць у рамках работы інтэрнэт-лабараторыі “Рэсурсныя цэнтры ўстаноў спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці”, праз метадычнае супрацоўніцтва з абласным ІРА, рэгіянальным рэсурсным цэнтрам інклюзіўнай адукацыі ВДУ імя П.М.Машэрава. За 2025 год педагогі рэсурсных цэнтраў правялі 96 мерапрыемстваў для больш чым 2,5 тысячы педагогаў.
— Прыярытэтнай задачай спецыяльных школ-інтэрнатаў застаецца падрыхтоўка вучняў да далейшага самастойнага жыцця, — адзначыла Таццяна Усава, начальнік рэспубліканскага каардынацыйнага цэнтра адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Акадэміі адукацыі. — Асабліва гэта актуальна для выпускнікоў з інтэлектуальнай недастатковасцю. З гэтай мэтай ва ўсіх школах-інтэрнатах вялікая ўвага ўдзяляецца працоўнаму навучанню. Асобна хочацца адзначыць Малоткавіцкую школу-інтэрнат, дзе створана база працоўнага і прафесійнага навучання: абсталяваны 11 майстэрань, кабінеты сельскагаспадарчай працы і пчалярства, ёсць цяпліца, вучэбна-доследны ўчастак, закладзены сад на 450 саджанцаў. Памяшканні аснашчаны неабходным сучасным абсталяваннем і самастойна вырабленай мэбляй.
У Раснянскай школе-інтэрнаце рэалізуюцца праекты “Школа-інтэрнат — як аснова фарміравання паспяховай мадэлі сельскага жыхара”, “Сельскі міні-падворак” і інш. Для гэтага ёсць вялікія сельскагаспадарчыя плошчы з цяплічным комплексам, сучасны мотаблок з навясным абсталяваннем, пчальнік, невялікая свінаферма, конь, козы, трусы. У Бялыніцкай, Гарадзейскай, Рудзенскай спецыяльных школах-інтэрнатах для навучання будаўнічым і іншым прафесіям выдзелены асобныя блокі, дзе створаны ўмовы, набліжаныя да рэальных. У школе-інтэрнаце Ваўкавыска падсобная гаспадарка ўключае сад з больш чым 100 фруктовымі дрэвамі, цялятнік, цяпліцы, аранжарэі і іншае.
— Адукацыйны працэс для дзяцей з РАС у школах-інтэрнатах арыентаваны на стварэнне спецыяльных, структураваных умоў, акцэнт робіцца на развіцці жыццёвых кампетэнцый, — заўважыла Алена Мазалоўская, дырэктар Магілёўскага абласнога ЦКРНіР, старшыня савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Размова перш за ўсё ідзе аб комплекснай адаптацыі асяроддзя, адукацыйных рэсурсах, праграмным забеспячэнні, падрыхтоўцы кадраў і персанальным суправаджэнні. Для дзяцей з РАС адукацыйнае асяроддзе выбудоўваецца як “тэрапеўтычная прастора”, якая кампенсуе дэфіцыты камунікацыі і сенсорнага ўспрымання. У класах і групах ствараюцца “куткі адзіноты” або сенсорныя пакоі, дзе дзіця можа адпачыць ад шуму. Выкарыстоўваецца візуальны расклад, карткі PECS, разметкі на падлозе і рабочых сталах. Для зніжэння сенсорнай нагрузкі рэгулюецца асвятленне, пры неабходнасці выкарыстоўваюцца шумапаглынальныя навушнікі. Індывідуальны вучэбны план дазваляе карэкціраваць колькасць гадзін па прадметах і адаптаваць сістэму ацэнкі ведаў.
Узаемадзеянне школ-інтэрнатаў з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі спрыяе пераходу выпускнікоў у аддзяленні і цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з АПФР у каледжах. Так, напрыклад, у Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прамыслова-тэхналагічным каледжы, акрамя вучэбнага цэнтра, дзе традыцыйна займаюцца дзеці з АПФР, адкрыліся новыя спецыяльнасці — “Аператар электронна-вылічальных машын” і “Фотапаслугі”. Тут на 2 курсе паспяхова вучыцца малады чалавек з РАС.
У Віцебскім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці і тэхналогіі з мэтай садзейнічання асобам з АПФР у сацыяльнай адаптацыі распрацавалі мабільны дадатак “Свет вакол нас”, які быў прэзентаваны падчас калегіі.
— Галоўная ідэя дадатку — дапамагчы адрозніваць функцыі сацыяльных аб’ектаў і правільна карыстацца паслугамі, — расказала дырэктар каледжа Алена Кучынская. — Для работы дадатку не трэба падключацца да інтэрнэту. У ім 10 раздзелаў з малюнкамі, якія адпавядаюць пэўным аб’ектам або службам, напрыклад, магазін або цырульня (навучэнцы са спецыльных груп дапамагалі іх маляваць). Пра аб’екты дадзена кароткая інфармацыя, правілы звароту да спецыяліста, заданні для самакантролю. Усё з улікам патрабаванняў “яснай мовы” і магчымасцю ўключыць галасавы памочнік. Дадатак можа быць выкарыстаны на занятках у ЦКРНіР, а таксама ў іншых установах адукацыі ў межах вучэбнага прадмета “Сацыяльнае арыентаванне”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





