На Полаччыне ствараюць унікальную электронную базу даных «Мірныя» — аб загінуўшых падчас вайны мірных жыхарах

- 9:00Витебская область, Главная, Новости

Педагогі і навучэнцы Полаччыны паставілі мэтай устанавіць максімальна поўныя звесткі пра мірных жыхароў, якія загінулі на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

База “Мірныя”

У ходзе рэалізацыі адукацыйнага гісторыка-патрыятычнага праекта “Памятаць, каб жыць” на аснове архіўных крыніц, даных па пахаваннях ахвяр нацысцкай палітыкі генацыду на тэрыторыі рэгіёна ствараецца ўнікальная электронная база даных “Мірныя”. Маштабная калектыўная справа нацэлена на ўключэнне навучэнцаў і педагогаў у пошукавую архіўна-даследчую дзейнасць, павышэнне ўзроўню каштоўнасных уяўленняў аб гістарычнай памяці беларускага народа.

Святлана ВАЛЮШКІНА: Вельмі важна знайсці і аддаць зямлі астанкі кожнага, хто склаў галаву за наша мірнае неба. Але не менш важна вярнуць з нябыту імёны і адшукаць жывых нашчадкаў, таму што тысячы людзей не ведаюць, дзе пахаваны іх продкі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ідэю праекта выказала намес­нік старшыні Полацкага райвыканкама Святлана Валюшкіна (якая, дарэчы, шмат гадоў аддала рабоце ў сістэме адукацыі і прайшла шлях ад настаўніцы да дырэктара гімназіі). А педагагічная грамадскасць раёна актыўна падтрымала і неўзабаве сумесна з сацыяльнымі парт­нёрамі ўзялася за ажыццяўленне. Старт праекту быў урачыста да­дзены 21 лістапада 2023 года ў базавай школе № 15. Менавіта тут вырашылі стварыць каардынацый­ны цэнтр па сістэматызацыі сабраных матэрыялаў і трансляцыі вопыту, у перспектыве — раённы рэсурсны цэнтр пошукавай архіўна-даследчай дзейнасці. Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Валерый благаславіў усіх прысутных на плённую працу.

— На жаль, у нашы дні нават неабвержныя гістарычныя факты часам намерана і публічна скажаюцца, каб дагадзіць палітычным амбіцыям, — патлумачыла актуаль­насць праекта намеснік дырэктара школы № 15 Марына Катлярова. — Выклікі, на якія мы не можам не адказаць, звязаны з адраджэннем нацысцкай ідэалогіі і спробамі перапісаць гісторыю. Аб’ектам небяспечнага знешняга ўздзеяння становяцца нашы каштоўнасці, ідэнтычнасць, гістарычнае права на суверэнітэт. Мы не маем права забыць пра тысячы расстраляных і закатаваных мірных жыхароў, якія загінулі ад рук акупантаў, іх памагатых-паліцаяў. Не маем права забыць трагедыю Хатыні, яе сясцёр з Полацкага раё­на — Царова, Арцейкавічы, Пагары, Токарава, Жарцы, Гарнаполле, Гара, Вішнева, Домнікі — і тысячы беларускіх вёсак з такім жа лёсам. Мы абавязаны шанаваць памяць бязвінна забітых, абараняць праўду пра вайну. Таму і ўзяліся працаваць, каб запоўніць невядомыя радкі на чорных старонках ваеннага мінулага нашай краіны, з’яд­наць агульнай гістарычнай повяззю розныя пакаленні. Галоўнае прызначэнне праекта набатам гучыць у яго назве.

Агульная справа

Як паведаміла начальнік упраў­лення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, асноў­нымі выканаўцамі ініцыятывы на першым этапе сталі пошукавадаследчыя атрады, сфарміраваныя з навучэнцаў і педагагічных работнікаў 10 сярэдніх і базавых школ. У далейшым падключацца ўсе ўстановы адукацыі рэгіёна. Партнёрамі выступаюць пракуратура Полацкага раёна, пошукавы атрад “Разведчыкі воінскай славы”, Полацкая епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, маладзёжныя і ветэранскія арганізацыі, Нацыя­нальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, занальны дзяржархіў, ваенны камісарыят Полацкага, Расонскага раёнаў і Наваполацка, ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, вайсковыя часці 2034 і 55719. Далучыцца і дапамагаць гатовы шэраг прадпрыемстваў і арганізацый Полаччыны і Наваполацка.

— У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, — працягвае тэму дырэктар школы № 15 Марыя Завадская. — Расследаванне накіравана на ўстанаўленне асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх памагатых, якім удалося пазбегнуць адказнасці за забойствы мірных жыхароў, здзекі і катаванні ў канцлагерах і гета, масавы згон грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства. Ра­зам з тым у рэспубліцы не ўстаноўлены больш за паўтара мільёна забітых і пахаваных у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Імёны каля 75% загінуўшых з ліку мірнага насельніцтва невядомыя. Мы можам дапамагчы ў гэтай справе, а значыць, наш абавязак гэта зрабіць.

Нельга забыць

Праект разлічаны на 3 этапы. Падрыхтоўчы завяршыўся ў мінулым лістападзе, калі былі сфарміраваны рабочыя групы і заданні для ўдзельнікаў. Падчас рэалізацыі асноўнага этапу (па 30 красавіка 2026 года) школьныя пошукавыя атрады пад кіраўніцтвам педагогаў праводзяць зверку спісаў па зарэгістраваных пахаваннях і выяўляюць неадпаведнасці інфармацыі, збіраюць матэрыялы для інтэрнэт-праекта “Мірныя”. Педагогаў запрашаюць на архіўныя і музейныя заняткі, сустрэчы са спецыялістамі і вопытнымі пошукавікамі, бо многія зацікаўленыя не маюць гістарычнай адукацыі і не знаёмы са спецыфікай работы ў архівах. Потым настаўнікі дзеляцца набытымі ведамі з вучнямі.

Кацярына ЖУРАЎЛЁВА: Гісторыя цыклічная. Як толькі мы забываем, узнікае пагроза жахлівага вяртання. Каб гэтага пазбегнуць, неабходна помніць і ўмець браць урокі з падзей мінулага.

У планах — далейшая работа ў архівах, музеях, бібліятэках Беларусі і Расіі, правядзенне і ўдзел у грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах, злёт пошукавых атрадаў “Помнім. Ганарымся. Захоўваем”, збор успамінаў сваякоў і відавочцаў трагічных падзей, інфармацыі пра месцы гібелі мірных грамадзян і іх прымусовага ўтрымання ў гады вайны, а таксама пошук іншых магчымых месцаў няўлічаных пахаванняў мірных жыхароў. Варта адзначыць, што палачане аднавілі добрую традыцыю савецкага часу: для навучэнцаў — удзельнікаў праекта на базе школы № 15 арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах “Чырвоныя следапыты”.

— На сайце Генпракуратуры выкладзены алічбаваныя матэрыя­лы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых і ўчыненага імі ўрону грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР, уключаючы ксеракопіі актаў, пратаколы допытаў сведак, — далучылася да размовы педагог-арганізатар школы № 15 Кацярына Жураўлёва. — Нашы вучні прызнаюцца: чытаць страшна, слёз не стрымаць, калі асэнсоўваеш скупыя радкі. Аднак і не чытаць для нас немагчыма. Бяром акты, якія тычацца Полацка і Полацкага раёна. У названых справах больш за 700 лістоў. Запі­сы ў дакументах часта зроблены ад рукі, алоўкам напісаны, месцамі складана разабраць. Тым не менш стараемся расшыфраваць, суадносім з кнігай “Памяць”, усімі даступнымі нам крыніцамі, непасрэдна працуем з пашпартамі пахаванняў, каб прасачыць, пазначаны там канкрэтныя людзі ці не. Здараецца, па факце месца пахавання ёсць, але прозвішчы не нанесены і нідзе не лічацца. Сутык­нуліся мы і з сітуацыяй, калі адзін і той жа чалавек, забіты ў вёсцы Барсукі, лічыцца пахаваным у Дом­ніках (гэта побач з нашымі Гаранамі) і ў Обалі Шумілінскага раёна — неабходна ўносіць карэктывы. Або імя занатавана ў акце надзвычайнай камісіі, аднак адсутнічае на помніку. Напрыклад, калі працавалі з дакументамі па ўрочышчы Пяскі, дзе знаходзіўся Дулаг-125, то адшукалі інфармацыю пра некалькі чалавек, якія там пахаваны, пры гэтым на стэле мемарыяльнага комплексу іх прозвішчаў няма. Думаю, неўзабаве з’явяцца. Хаця Пяскі больш вядомыя, а вось што бліжэй да нашай школы, у Баравусе, быў Дулаг-155, яўрэйскае гета і месца масавага расстрэлу мірнага насельніцтва — далёка не кожны дарослы мясцовы жыхар раскажа. Скажу з уласнага вопыту: у школьныя гады мы зусім не ведалі, што на Полаччыне былі канцлагеры. У найбліжэйшыя дні атрады пач­нуць планамерныя агляды з выездамі на месцы пахавання мірных жыхароў у вёскі. Найперш ставім мэту дапамагчы з веснавым добра­ўпарадкаваннем помнікаў, а калі такіх няма, то будзем выходзіць на райвыканкам, каб увекавечыць памяць бязвінна забітых. Правераныя даныя заносім у электронную табліцу. Толькі атрадам нашай школы дакладна прапрацавана 50 імёнаў загінуўшых, астатнія пакуль у рабоце.

Прэзентацыю работы пошукавых атрадаў, аўтарскай друкаванай прадукцыі, раённага рэсурснага цэнтра па вядзенні архіўна-даследчай дзейнасці і электроннай базы “Мірныя” палачане плануюць у маі — чэрвені 2026 года на заключным этапе праекта.

Такім чынам, праект дазволіць стварыць сістэму, аналагічную знакамітым АБД “Мемарыял”, “Памяці народа”, праектам “Партызаны Беларусі” і “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэта значыць, кожны зможа ўвесці ў пошукавік пэўнае прозвішча, імя і паглядзець, ці значыцца чалавек у спісах, дзе ён пахаваны, магчыма, узяць дадатковыя звесткі. Адметнасць полацкай ініцыятывы ў тым, што падобнай базы даных менавіта па мірных жыхарах на цяперашні час нідзе больш не існуе.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлены базавай школай № 15 Полацка