У краіне стартаваў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў.
У абласных і мінскім гарадскім этапах прымуць удзел больш за 7500 навучэнцаў 8—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Навучэнцы прадэманструюць свае веды па 18 вучэбных прадметах: матэматыцы, рускай і беларускай мовах і літаратурах, хіміі, фізіцы і астраноміі, працоўным навучанні, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, біялогіі, фізічнай культуры і здароўі, замежных мовах і інфарматыцы.
Як і ў папярэднія гады, фарміраваннем заданняў займаўся Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў па аналогіі з распрацоўкай заданняў для цэнтралізаванага тэсціравання. Фельд’егерская служба даставіла іх да месцаў правядзення алімпіяды, а пасля яе завяршэння ўсе правераныя работы будуць адпраўлены ў інстытут кантролю ведаў у Мінск. Для захавання аб’ектыўнасці на ўсіх этапах алімпіяды настаўнікі, якія займаюцца з дзецьмі па вучэбных прадметах, не прыцягваюцца ў склад журы для ацэньвання работ і вызначэння пераможцаў.
Базамі для правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў стануць установы адукацыі рэгіянальнага і рэспубліканскага падпарадкавання.
Ацэньваць выкананне алімпіядных заданняў будзе журы. У яго складзе — спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук, выкладчыкі БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, БДУІР, БНТУ, МДЛУ і іншых УВА, а таксама педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталіцы і ўсіх абласцей.
Па выніках трэцяга этапу будуць вызначаны ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.