Актуальныя пытанні арганізацыі вучэбнага працэсу карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з начальнікам аддзела адукацыі Кармянскага райвыканкама Гомельскай вобласці Іванам Ігнаценкам.
— Раскажыце, як прайшлі першыя месяцы навучальнага года. Чым яны адметныя?
— І педагогі, і вучні новы навучальны год пачалі з рабочым настроем. Напэўна, таму першыя месяцы вучобы прайшлі на добрым арганізацыйным узроўні. А што асабліва парадавала, дык гэта папаўненне нашай скарбонкі дасягненняў. За першую чвэрць у яе дабавілася сем дыпломаў конкурсаў абласнога ўзроўню. Мы ганарымся перамогамі (дыпломы ІІ, ІІІ ступеней) Кармянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Кароцькаўскай сярэдняй школы на абласным этапе рэпубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”.

Акрамя таго, восенню былі падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер, дзе ў нас таксама дыплом ІІІ ступені. Яго заваявалі прадстаўнікі Барсукоўскай сярэдняй школы, якія паказалі дастойны метадычны матэрыял.
І юнымі спартсменамі мы таксама ганарымся. У гэтым кірунку ў нас два дыпломы — ІІ і ІІІ ступеней. Адзін з іх каманда раёна заваявала ў спаборніцтве па баскетболе (3х3), а другі — па настольным тэнісе.
Асобна хочацца сказаць пра дзяцей, якія дэманструюць добрыя вынікі ў алімпіядным руху.
У школьным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах удзельнічала больш за тысячу дзяцей. Пераможцамі сталі каля 200 вучняў.
Па выніках раённага этапу было вызначана 99 пераможцаў. На сёння сфарміравана каманда з 12 навучэнцаў, якія будуць прадстаўляць раён на алімпіядзе па беларускай і рускай мовах, хіміі, біялогіі, матэматыцы, працоўным навучанні.
— А як наладжана падрыхтоўка да конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”?
— У снежні будзем праводзіць раённы этап конкурсу. Мы крыху змянілі падыходы. Загадзя хочам правесці раённы этап, каб потым лепшых педагогаў на працягу месяца сумеснымі намаганнямі якасна падрыхтаваць да абласнога этапу. Работа ідзе.
— Іван Уладзіміравіч, школьнае харчаванне па-ранейшаму застаецца тэмай нумар адзін у грамадстве. Вашым дзецям падабаецца, як іх кормяць у школьных сталовых?
— У нас з арганізацыяй школьнага харчавання няма пытанняў. Яно прадастаўляецца ўсім навучэнцам, а гэта 1680 чалавек.
Харчаванне арганізоўвае Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Кармянскага раёна (яны праводзяць закупкі). Пастаўка прадуктаў ажыццяўляецца штотыдзень. Гатуецца ежа на школьных харчаблоках, яны ў нас практычна ўсе новыя. У мінулым годзе быў праведзены рамонт харчаблока ў 1-й школе. Сёлета зрабілі капітальны рамонт харчаблока ў гімназіі Кармы.
Але самае галоўнае — дзеці ядуць. Не вельмі любяць, напрыклад, рыбныя катлеты, таму імкнёмся карэкціраваць меню. У асноўным жа вучням усё падабаецца, асабліва запяканкі, сырнікі, бліны. Рацыён у дзяцей разнастайны, з садавіной, дэсертамі. Яны атрымліваюць збалансаваны комплекс у адпаведнасці з натуральнымі нормамі. Кухары ў школах ведаюць сваю справу і гатуюць смачна.
Праводзім тыдні здаровага харчавання, арганізоўваем гутаркі з бацькамі, ладзім для іх дэгустацыі страў, каб не было неабгрунтаваных скаргаў накшталт “гэта халоднае або недаваранае, а гэта салёнае”. Вядзём планамерную работу і з навучэнцамі, і з іх законнымі прадстаўнікамі.
— З 1 верасня школа стала тэрыторыяй без гаджэтаў. Як вашы вучні ўспрынялі новаўвядзенне? Чым займаюцца на перапынках?
— Успрынялі абсалютна нармальна. А на перапынках гуляюць у настольныя гульні — шашкі, шахматы, даміно, крыжыкі-нулікі. Прыносяць размалёўкі, крыжаванкі. Арганізоўваюцца і рухальныя перапынкі з танцамі, гульнямі. Дзецям падабаецца.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





