Вясна — гэта цяпло за акном і ў душы, гэта абуджэнне прыроды, вера ў лепшае. Нарэшце, гэта вясновыя канікулы, якія ўжо не за гарамі. З якім настроем сустракае вясну сістэма адукацыі Свіслаччыны, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведаўся ад начальніка аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Людмілы Раманаўны Буяк.
— Людміла Раманаўна, дзякуй за магчымасць сустрэцца ў гэтыя першыя цёплыя дні. Дык з якім настроем вы і вашы калегі сустракаеце вясну?
— З рабочым. І гэта праўда. (Усміхаецца.) Сакавік жа з’яўляецца працягам навучальнага года. Канечне, на душы радасна, бо адчуваецца надыход цяпла, ды і жаночы дзень падарыў нам з калегамі шмат радасных момантаў і кветак. Скажу шчыра: мы, жанчыны, любім кветкі… А яшчэ як педагогі мы любім, калі вучні з радасцю ідуць у школу і з добрым настроем вяртаюцца дадому, калі іх бацькі з задавальненнем прыходзяць на бацькоўскія сходы. У нас усё гэта ёсць, таму лічу, што свіслацкія педагогі працуюць на выдатна.
— Вы адзначылі, што сакавік для сістэмы адукацыі — гэта ў першую чаргу працяг навучальнага года. Але ж гэта яшчэ і вясновыя канікулы…
— На жаль, так…
— Чаму “на жаль”? Здаецца, наадварот, трэба радавацца. Урокаў жа не будзе. Можна адпачыць як вучням, так і настаўнікам.
— Дзецям можна. А вось для настаўнікаў (а для мяне як начальніка аддзела адукацыі тым больш) вясновыя канікулы — адказны перыяд. Падчас вучэбнай чвэрці дзеці большую частку дня знаходзяцца ў школе, пад наглядам. А на канікулах іх цягне на вуліцу. А там прыхоўваецца небяспека: у першую чаргу на вадаёмах. Дзеці ж па сваёй натуры даследчыкі, іх нібыта магнітам цягне да рэчкі, возера, хочацца праверыць на трываласць апошні лёд. Таму значную ўвагу мы ўдзяляем пытанням бяспекі жыццядзейнасці. Да таго ж апошнім часам узнікла праблема нефармальных маладзёжных аб’яднанняў. У нас, дзякуй богу, яна не існуе. Можа, таму, што раён сельскі і дзецям, у адрозненне ад іх равеснікаў з вялікіх гарадоў, куды радасней правесці канікулы на свежым паветры, чым у смартфонах.
— Жаданне дзяцей даследаваць, вывучаць вы, канечне ж, скіроўваеце ў станоўчае рэчышча.
— Безумоўна. На вясновых канікулах арганізуюцца турыстычныя паходы, паездкі, экскурсіі, вучні працягваюць работу над конкурснымі работамі краязнаўчага, экалагічнага напрамку. Уся выхаваўчая работа ў нас пабудавана вакол тэмы любові да малой радзімы. Установамі адукацыі распрацавана 26 экскурсійных маршрутаў. Напрыклад, Свіслацкім цэнтрам турызму і краязнаўства падрыхтавана 18 экскурсій і экскурсійна-пазнавальных праграм для навучэнцаў любога ўзросту. Педагогі цэнтра прапануюць школьнікам на вясновых канікулах у рамках праекта “Тыдзень школьных музеяў: адкрый новае ў знаёмым” наведаць як мінімум 5 музеяў устаноў адукацыі раёна і стварыць сваю “Карту адкрыццяў”. А вось у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы на канікулах арганізуюцца заняткі ў раённай школе актыву для лідараў дзіцячых грамадскіх арганізацый, членаў маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, пройдзе дыялогавая пляцоўка “Год міру і стварэння”, заняткі з элементам трэнінгу “ПРА-лідарства”.
Шырока развіты пошукавы рух, нашы навучэнцы — актыўныя ўдзельнікі абласной краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, пераможцы і лаўрэаты абласных і рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсаў, канферэнцый. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем развіццю веласіпеднага турызму. Дзякуючы велапаходам і экспедыцыям, дзеці не толькі ўдасканальваюць фізічныя навыкі, але і пашыраюць кругагляд, вывучаюць гісторыю роднага краю. Ёсць і вынікі. У 2022 годзе ў конкурсе “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” ў нас 1-е месца на абласным этапе і 3-е на рэспубліканскім.
— У кожнага куточка Беларусі свая адметнасць. Калі паглядзець на фізічную карту Свіслацкага раёна, то нельга не заўважыць, што значная яго частка занята лясамі, Белавежскай пушчай. Гэта, напэўна, уплывае і на выхаваўчую работу ва ўстановах адукацыі?
— Так. 42 працэнты плошчы раёна займае Белавежская пушча, таму дзве нашы школы маюць статус “зялёнай школы” (Навадворская сярэдняя школа і сярэдняя школа № 2 імя Н.П.Масонава Свіслачы). А вось у Дабравольскай сярэдняй школе дзейнічае вельмі цікавы музей лесу, распрацаваны сеткавы рэсурс “Музей для сяброў”, інсталяцыі “Міфічны свет продкаў”, “Здабытае страчанае”. Дзякуючы блізкаму размяшчэнню пушчы, у нашых школах ва ўсе часы існавала традыцыя вясновай пасадкі лесу. Працягваецца яна і цяпер. Акрамя таго, практычна ў кожнай школе ёсць сад. Нашы настаўнікі заўсёды збіралі багаты ўраджай, здавалі садавіну і атрымлівалі грошы, якія потым укладвалі ў развіццё школы. Сельскія школы — яны ж працаўнікі, і такія раёны, як наш, Свіслацкі, таксама працаўнікі. Мы прывыклі да працы, прывыклі жыць у такім тэмпе. Таму вясна для нас — гэта яшчэ і пачатак працоўнага сезона.
— Вы з такой цеплынёй расказваеце пра школы, асабліва сельскія, адзначаеце працавітасць педагогаў, што складваецца ўражанне, што сістэма адукацыі раёна — гэта дружная працавітая сям’я.
— Так і ёсць. Наш раён невялікі. У дзвюх гарадскіх і васьмі сельскіх школах займаецца 1380 навучэнцаў. Да таго ж настаўнікі вельмі адказныя, творчыя, яны не ператварыліся выключна ва ўрокадаўцаў. Яны па-бацькоўску перажываюць за кожнае дзіця, бачаць не толькі іх поспехі ў вучобе, але і ўнутраны свет. Калі ў класе 5, 8 або 12 вучняў, па-іншаму быць не можа.
Сельскія школы — яны ж працаўнікі, і такія раёны, як наш, Свіслацкі, таксама працаўнікі. Мы прывыклі да працы, прывыклі жыць у такім тэмпе. Таму вясна для нас — гэта яшчэ і пачатак працоўнага сезона.
Асабліва хочацца сказаць пра Корнадскую базавую школу. У ёй толькі 36 вучняў. Але калі яны выйдуць на раённую сцэну… Уся зала слухае іх выступленні з замілаваннем. Там усе (і педагогі, і вучні) таленавітыя. Усё ідзе, лічу, ад кіраўніка. Дырэктар школы Вольга Аляксандраўна Лысевіч сама па сабе чалавек апантаны. Яна, дарэчы, стваральнік і кіраўнік унікальнага музея ручніка. Я і не чула, каб недзе ў Беларусі быў такі музей. У 2022 годзе музей “Млын часу” Поразаўскай сярэдняй школы атрымаў статус народнага, а музей ручніка рыхтуецца да прысваення гэтага статусу.
— У пачатку нашай размовы вы адзначылі, што ўсе таты і мамы вашых вучняў з задавальненнем прыходзяць на бацькоўскія сходы. Няўжо гэта праўда?
— Праўда. У той жа Корнадскай школе на бацькоўскіх сходах заўсёды поўная актавая зала. Тут бацькоўскія сходы — сапраўднае сямейнае свята. Гавораць пра кожную сям’ю, адзначаюць таленты кожнага дзіцяці. Той вышывае, той малюе, той цудоўна спявае, той выразна чытае вершы. Там усё па-сямейнаму, нават калі заходзіш у харчаблок, то адчуваеш пах не сталовай, а дамашняй ежы. Калі старшыня райвыканкама Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі (дарэчы, педагог па адукацыі) наведаў аднойчы гэтую школу, то быў настолькі ўражаны працавітасцю, прафесіяналізмам калектыву, што паабяцаў усяляк падтрымліваць установу. А корнадскія настаўнікі і не чакаюць дапамогі, яны актыўна працуюць, у іх вялікі школьны агарод, вялікі сад. Апрацоўваюць зямлю, збіраюць ураджай, здаюць яго. Малайцы, берагуць грошы дзяржавы і свае зарабляюць.
— Сапраўды, цудоўны прыклад для пераймання. Дзякуй, Людміла Раманаўна, за цікавае знаёмства са Свіслацкім раёнам і за вясновы настрой.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара