Начальнік аддзела па адукацыі Бялыніцкага райвыканкама – пра падрыхтоўку да цэнтралізаванага экзамену

- 10:20Планерка

Начальнік аддзела па адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Жанна Звягіна расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра падрыхтоўку да цэнтралізаванага экзамену і летняй аздараўленчай кампаніі.

— Жанна Анатольеўна,  зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да новаўвядзення бягучага навучальнага года — цэнтралізаванага экзамену. Чакаю ад вас падрабязнасцей…

— Ва ўстановах адукацыі Бялыніцкага раёна аформлены стэнды “Выпускніку-2023”, дзе размешчана ўся неабходная інфармацыя. Цэнтралізаваны экзамен у нас пройдзе на базе сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага, падрыхтоўка да яго ідзе ў адпаведнасці з планам. 84 працэнты навучэнцаў першым экзаменам будуць здаваць рускую мову. Другім экзаменам навучэнцы выбіраюць для здачы англійскую мову, грамадазнаўства, біялогію, матэматыку і г.д. Выпускнікі рыхтуюцца да іспытаў на факультатыўных і стымулюючых занятках, а таксама праз індывідуальную работу, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. На базе шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” Бялыніч арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах па падрыхтоўцы да ЦЭ па рускай, англійскай мовах і біялогіі.

Я падтрымліваю ўвядзенне ЦЭ, таму што гэта знімае псіхалагічную нагрузку на выпускніка. Акрамя таго, цэнтралізаваны экзамен дае дзіцяці магчымасць раней вызначыцца з выбарам прафесіі.

— На выбар якіх прафесій вы арыентуеце вашых выпускнікоў?

— У нас ідзе актыўная прафарыентацыйная работа з улікам патрэб раёна ў пэўных спецыялістах. Робім акцэнт на пад­рыхтоўцы выпускнікоў да атрымання сельскагаспадарчых, педагагічных і медыцынскіх прафесій. На базе гарадской сярэдняй школы № 1 на працягу многіх гадоў працуюць педкласы. Тут мы актыўна супрацоўнічаем з МДУ імя А.А.Куляшова, право­дзім з выкладчыкамі сумесныя мерапрыемствы, нашы навучэнцы ўдзельніча­юць ва ўніверсітэцкіх алімпіядах. І ёсць плён: у мінулым годзе 18 бялыніцкіх выпускнікоў выбралі для сябе педагагічныя спецыяльнасці.

Мясцовыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — заказчыкі кадраў заключаюць мэтавыя дагаворы, каб маладыя спецыялісты вярнуліся працаваць на малую радзіму. А каб зацікавіць моладзь сельскагаспадарчымі спецыяльнасцямі, мы паказваем дзецям лепшыя гаспадаркі ў раёне. Так, у аграгарадку Вішоў працуе вядомы на ўсю краіну калгас “Радзіма”, якім 40 гадоў кіраваў легендарны чалавек — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў. Зараз “Радзімай” кіруе яго сын — Алег Аляксандравіч Лапацентаў. Менавіта на чалавека працы мы заклікаем раўняцца нашых навучэнцаў. У Вішоўскай сярэдняй школе на працягу многіх гадоў функцыянуюць агракласы, навучэнцы якіх з экскурсіямі наведваюць малочнатаварную ферму, машынны двор, зернесушыльны комплекс калгаса “Радзіма”. Таксама з вішоўскімі школьнікамі дзеляцца вопытам выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, а для педагогаў, якія працуюць у агракласах, яны праводзяць вучэбныя семінары.

Нашы навучэнцы бяруць актыўны ўдзел у інавацыйнай дзейнасці. Так, у Іскраўскай базавай школе ажыццяўляецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай дасведчанасці ў навучэнцаў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, у Вішоўскай сярэдняй школе — інавацыйны праект “Укараненне мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый  на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа” і г.д.

— Ці ёсць праблемы з замацавальнасцю маладых спецыялістаў у сістэме адукацыі раёна?

— У бягучым навучальным годзе ў раён на работу прыбыў 21 малады спецыяліст па 8 спецыяльнасцях (9 — па мэтавых накіраваннях). Замацавальнасць маладых спецыялістаў у нас крыху больш за 50 працэнтаў. Зразумела, гэта недастаткова высокі паказчык, нам ёсць над чым працаваць. Асноўная прычына — у блізкім размяшчэнні да Магілёва. Часта да нас на першае рабочае месца размяркоўваюць жыхароў абласнога цэнтра, і многія з іх, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, вяртаюцца дадому. Мы са свайго боку прадастаўляем маладым спецыялістам усе сацыяльныя гарантыі, у тым ліку месца ў інтэрнаце пры неабходнасці.

— Хутка лета. Як плануеце арганізоўваць аздараўленчую кампанію?

— Пра лета мы пачынаем думаць са студзеня. Штогод адкрываем 17 лагераў розных тыпаў, у тым ліку кругласутачны і прышкольныя летнікі, лагер працы і адпачынку, палатачны лагер і інш. Падабаецца нашым дзецям адпачываць і ў ваенна-патрыятычным лагеры на базе вайсковай часці “Пашкава”. Прычым калі спачатку мы прапаноўвалі такі адпачынак дзецям, якія знаходзяцца на рознага віду ўліках, то летам бягучага года ў ваенна-патрыятычны лагер хочуць трапіць навучэнцы, якія ў будучыні плануюць атрымаць ваенныя спецыяльнасці, каб паглыбіцца ў атмасферу вайсковай службы.

Лагер “Інтэлектуал” традыцыйна арганізуем для адораных і высокаматываваных навучэнцаў, спартыўны лагер — для аматараў лёгкай атлетыкі. Таксама дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у рабоце працоўных брыгад і студэнцкіх атрадаў, што дае ім магчымасць зарабіць грошы. Паспяхова рэалізуецца марафон “Праводжу лета з карысцю”, а яшчэ абласны праект
“#Мая_Зямля_Прыдняпроўе” — цікавы не толькі дзецям, але і педагогам. У мінулым годзе мы далі старт міжведамаснай прафілактычнай акцыі “Аўтацягнік “Мары нараджаюцца — мары спраўджваюцца”. Яе сутнасць у тым, што мы разам з сацыяльнымі партнёрамі наведваем з прафілактычнымі мерапрыемствамі навучэнцаў, якія пражываюць у аддаленых вёсках. Мінулым летам у нас было 17 такіх сумесных выездаў. Дзецям гэта вельмі падабаецца, таму сёлета будзем пашыраць такую работу. 

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара