Пра аздараўленне і працаўладкаванне школьнікаў на канікулах, падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Аляксандр Момлік.

— Аздараўленню школьнікаў у раёне ўдзяляецца самая вялікая ўвага, таму і рыхтавацца да летняга сезона пачалі загадзя. Вельмі важна, каб нашы навучэнцы правялі летнія канікулы цікава, пазнавальна і з карысцю. Хочацца, каб яны адпачылі, набраліся сіл, зарадзіліся новымі эмоцыямі і ўражаннямі, — адзначае Аляксандр Канстанцінавіч. — Сёлета лагеры дзённага знаходжання арганізаваны на базе ўсіх 22 школ раёна. Тут плануецца аздаравіць каля 800 дзяцей. У прышкольных лагерах складзены планы выхаваўча-аздараўленчай работы, накіраваныя на ўсебаковае развіццё дзяцей. Праграмай прадугледжаны культурна-забаўляльныя, адукацыйныя, спартыўныя мерапрыемствы, вандроўкі і экскурсіі. З намі актыўна працуе раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, які знаёміць дзяцей з нюансамі работы ратавальніка.
610 дзяцей прыме гэтым летам стацыянарны аздараўленчы лагер “Дубок”, які размяшчаецца ў хваёвым лесе. Дзякуючы інвестыцыйнай праграме Брэсцкага аблвыканкама, сёлета тут пабудаваны сучасны санітарны блок.
З 3 чэрвеня стартавала першая змена. Усяго ж іх прадугледжана пяць, і кожная мае свой тэматычны напрамак. Так, напрыклад, першая змена арганізавана з акцэнтам на грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў, трэцяя — на развіцці і самаразвіцці асобы кожнага дзіцяці, пятая будзе мець спартыўны ўхіл. Дарэчы, наш “Дубок” карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дзяцей і іх бацькоў. Попыт на месца ў лагеры перавышае прапанаванне амаль у тры разы!
Акрамя таго, на базе цэнтра юнацкага турызму ў аграгарадку Руднікі адкрываем лагер пад назвай “Юны турыст”. Ён будзе працаваць 4 змены. У лагеры аздаровяцца больш за 100 дзяцей. Школьнікі загадзя імкнуцца запісацца ў яго. Турыстычная спецыялізацыя дае ім магчымасць адпраўляцца ў паходы як пешшу, так і на веласіпедах, працаваць з турыстычным рыштункам.
У раёне таксама будуць адкрыты спартыўна-аздараўленчыя летнікі на базе ДЮСШ. У цэлым за гэтае лета плануем аздаравіць каля 1900 дзяцей (гэта прыкладна 40% школьнікаў раёна).
Для ўсіх жадаючых
— У летні перыяд многія падлеткі хочуць не толькі адпачыць, але і падзарабіць грошай. Ці ёсць такая магчымасць у навучэнцаў Пружаншчыны?
— Працаўладкаванне летам, асабліва для школьнікаў, — цудоўная магчымасць заработку і набыцця вопыту. Падлеткам, якія выказваюць жаданне працаўладкавацца, мы прапануем некалькі варыянтаў. Першы — работа ў студэнцкіх атрадах. Апошнія два гады больш за 300 школьнікаў і навучэнцаў Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа змаглі працаўладкавацца праз раённы камітэт БРСМ. Сёлета ў нас адзін атрад ужо закончыў работу: навучэнцы каледжа працавалі ў Пружанскім лясгасе на высадцы маладых хвой. У цяперашні час навучэнцы працуюць у мясцовых гаспадарках — ААТ “Жураўлінае”, Брэсцкай абласной праектна-разведвальнай станцыі хімізацыі сельскай гаспадаркі і інш. У летні перыяд пружанскае КУВП “Камунальнік” праводзіць набор школьнікаў горада на работы па яго добраўпарадкаванні. Як правіла, арганізоўваюцца тры атрады па 25 вучняў.
Другі варыянт працаўладкавання — гэта лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем, якія арганізоўваюцца на базе ўстаноў адукацыі. Так, сёлета плануецца адкрыць 6 лагераў працы і адпачынку агульнай напаўняльнасцю 50 чалавек. У гэтыя лагеры прыходзяць навучэнцы з 14 гадоў. Звычайна яны працуюць на тэрыторыі школы: прыбіраюць пакошаную траву, полюць, паліваюць грады на прышкольным доследным участку, клумбы.
Трэці варыянт — занятасць навучэнцаў, арганізаваная праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Наймальнікі прапаноўваюць падсобныя работы ў лясгасе, цяпліцах, зернятоках, праполку і збор ягад і г.д. У гэтым годзе ў раёне былі праведзены тры кірмашы вакансій, дзе навучэнцы азнаёміліся з магчымасцямі працаўладкавання, сустрэліся з наймальнікамі.
Працоўнай занятасцю мы імкнёмся ахапіць усіх жадаючых навучэнцаў, а таксама школьнікаў, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, падлеткаў з мнагадзетных, маламаёмных сем’яў. Працатэрапія дае магчымасць дзецям адчуць каштоўнасць працы і грошай.
Рамонты — касметычныя
— Аляксандр Канстанцінавіч, ці пачаліся ва ўстановах адукацыі работы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года?
— Гэтым летам ва ўстановах адукацыі раёна сур’ёзных рамонтаў не плануецца. Асобныя віды работ па замене акон мы ўжо правялі ў дзіцячым садзе № 4 і ў сярэдняй школе № 3 Пружан. Зараз вядуцца работы ў Магілявецкай сярэдняй школе. Ва ўсіх установах адукацыі раёна будуць праводзіцца касметычныя рамонты сіламі тэхнічных і педагагічных работнікаў.
Папаўняем і матэрыяльна-тэхнічную базу нашых устаноў. У школы закупляюцца і ўстанаўліваюцца шафы для захоўвання мабільных тэлефонаў. У нас ужо існавала практыка абмежавання выкарыстання мабільных прылад падчас вучэбнага працэсу. Адзначу, што такія меры ніколі не будуць адназначна ўспрымацца дзецьмі і іх бацькамі. Аднак сёння большасць бацькоў самі гавораць пра неабходнасць максімальна абмяжоўваць дзяцей ад мабільных тэлефонаў. Вялікая растлумачальная работа з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі ўжо праведзена. І 1 верасня мы будзем падрыхтаваны да аб’яўлення школ тэрыторыяй, свабоднай ад мабільных тэлефонаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Лізаветы МІЦКЕВІЧ





