Знамянальная падзея адбылася ў Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гісторыя ўстановы адукацыі знітавана з падзеямі жыцця легендарнага партызанскага камбрыга. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сённяшняе Вярхоўе — мікрараён за больш чым 20 кіламетраў ад цэнтра па трасе — параўнальна нядаўна ўвайшло ў межы горада. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлі дзейнічала партызанская брыгада пад кіраўніцтвам Міхаіла Біруліна. Разам з баявымі сябрамі ён часта наведваў школу, цяперашні двухпавярховы будынак якой упершыню расчыніў дзверы ў 1954 годзе. А ў 1964 годзе па сумеснай ініцыятыве настаўніка гісторыі Анатоля Ганчарова і былых партызан, пры актыўным удзеле іх камандзіра тут адкрылі музейны пакой.
Перададзеныя ветэранамі асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі беражліва захоўваюцца з таго часу і нязменна прыцягваюць увагу школьнікаў і гасцей установы падчас экскурсій. Сярод самых каштоўных экспанатаў — камісарскі дзённік баявых дзеянняў атрада № 3, партызанская лямпа, нацельная кашуля і гадзіннік, кнігі з “лясной школы” і боты камандзіра брыгады народных мсціўцаў. Сімвалічна, што ўрачыстасць з нагоды прысваення школе імя ганаровага грамадзяніна Віцебска Міхаіла Біруліна адбылася ў Дзень горада. Свята адзначаецца 26 чэрвеня — гэта дата вызвалення абласнога цэнтра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе.
— Прысваенне імя школе — гордасць для калектыву, сімвал пераемнасці пакаленняў і вынік сур’ёзнай пошукава-даследчай, краязнаўчай работы, — пракаменціравала дырэктар школы Вікторыя Доўгаль. — Гэта важна для нас і нашых вучняў, бо прыклад Міхаіла Біруліна — высокі ўзор мужнасці і патрыятызму, самаадданага служэння Радзіме ў ваенны і мірны час.
Міхаіл Бірулін (1912—1999) быў удзельнікам вызвалення Заходняй Беларусі і савецка-фінскай вайны, адным з заснавальнікаў партызанскага руху ў Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, камандзірам 1-й Віцебскай партызанскай брыгады. Пасля вайны ўзначальваў выканкам Віцебскага раённага Савета дэпутатаў рабочых, Чыгуначны райвыканкам Віцебска, многа часу аддаваў ваенна-патрыятычнай рабоце з дзецьмі і моладдзю. За баявыя і працоўныя подзвігі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ступені, “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, многімі медалямі. Імем героя названа вуліца ў Віцебску.
— Калі завяршылася вайна, многія з партызан засталіся жыць у Вярхоўі і блізкіх ад яго вёсках, — расказала настаўніца Вераніка Філімонава. — У гэтай школе вучыліся іх дзеці і ўнукі, зараз вучацца праўнукі. У тым, што барацьба з фашыстамі была сапраўды народнай, нашы вучні пераконваюцца ўвачавідкі: практычна ў кожным сямейным радаводзе ёсць людзі, якія змагаліся з гітлераўскімі акупантамі ў складзе партызанскіх злучэнняў і падпольных груп, на франтах. Заўсёды кранальна, калі ў музейным пакоі школьнікі пазнаюць на фотаздымках сваіх родных, даведваюцца пра іх лёсы. Падобныя моманты моцна матывуюць. Дзеці загараюцца пошукам, да якога потым падключаюць сем’і — і нярэдка ў выніку адкрываюцца раней невядомыя старонкі мінулага. Мы атрымліваем дадатковую інфармацыю, а музейны фонд папаўняюць новыя экспанаты.
Вераніка Дзмітрыеўна з першых дзён у школе не толькі выкладае гісторыю і грамадазнаўства, але і адказвае за музейную справу. У тым ліку разам з вучнямі яна даследуе баявы шлях 1-й Віцебскай партызанскай брыгады, лёсы яе байцоў і камандзіраў. Юныя экскурсаводы цікава і дэталёва расказваюць наведвальнікам музейнага пакоя пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны і партызанскі рух у раёне, уключаючы дзейнасць партызанскай групы І.Д.Буцьянава, атрада і брыгады пад камандаваннем М.Ф.Біруліна, маладзёжнай падпольнай групы ў вёсцы Каралёва, падпольных райкамаў партыі і камсамола, а таксама пра знакамітую “Віцебскую браму”, зверствы акупантаў і генацыд мірнага насельніцтва, вызваленне Беларусі, работу Мікалаеўскага сельсавета і яго адзінаццаці калгасаў.
— У музейным пакоі праходзяць урокі памяці, на яго базе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Музеязнаўства”, — паведаміла Вераніка Філімонава. — Тэматычныя экскурсіі мы адаптуем пад наведвальнікаў у адпаведнасці з іх запытамі і ўзростам. Напрыклад, на рэгулярнай аснове прымаем у сябе выхаванцаў дзіцячага сада № 5, прычым заняткі праводзяць нашы школьнікі. У актыве аб’яднання па інтарэсах 10 маіх памочнікаў — дасведчаных і спрактыкаваных экскурсаводаў. Аднак я стараюся, каб у гэтай ролі паспрабаваў сябе кожны вучань, бо гэта дапамагае дзіцяці сэрцам адчуць гістарычную праўду і выразней усвядоміць уласную далучанасць да гісторыі.
Цесны кантакт школьныя энтузіясты наладзілі з роднымі Міхаіла Біруліна, якія ахвотна падзяліліся ўспамінамі, дакументамі і фота з сямейнага архіва. Сын героя Віктар працягвае традыцыю бацькі: прыязджае і выступае перад вучнямі на мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці, дыялогавых пляцоўках. Ва ўрачыстасці з нагоды прысваення ўстанове імя Міхаіла Біруліна ён удзельнічаў у якасці ганаровага госця. Між тым работа на базе заснаванага партызанскім камбрыгам музейнага пакоя ідзе няспынна. Зараз тут працуюць над аднаўленнем музейнай экспазіцыі пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У планах на перспектыву — арганізацыя паходу па мясцінах партызанскай славы. Таксама зроблены праект і плануецца 17 верасня ўрачыста адкрыць у фае асобны стэнд, прысвечаны Міхаілу Біруліну.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 9 Віцебска імя М.Ф.Біруліна





