Настаўнік Павел Дзенісенка падзяліўся меркаваннем пра лепшы спосаб выхавання патрыятызму

- 9:00Главная, Новости

Калі выхаванцы ў свае 13—15 гадоў дапамагаюць даведацца пра лёс зніклых без вестак салдат, а потым сустракаюцца з іх дзецьмі, унукамі, праўнукамі, лепшага спосабу выхаваць патрыятызм, напэўна, не існуе. Так лічыць чалавек года Гомельшчыны настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Гомельскага кадэцкага вучылішча Павел Дзенісенка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На варце гістарычнай памяці

— Пачуць навіну аб прысуджэнні такога высокага звання вельмі нечакана і ганарова, — прызнаецца Павел Ула­дзіміравіч. — Я просты настаўнік, выкладаю для кадэтаў гісторыю і грамадазнаўства, а вольны ад заняткаў час прысвячаю рабоце пошукавага клуба “Пунсовыя пагоны”. Разам з вучнямі на працягу апошніх 10 гадоў займаемся пошукам зніклых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны чырвонаармейцаў, ездзім на раскопкі, вывучаем архіўныя матэрыялы, даведваемся пра лёсы і подзвігі загінуўшых.

— З чаго пачалася гісторыя “Пунсовых пагонаў”?

— У 2014 годзе на парозе кадэцкага вучылішча з’явілася журналіст Таццяна Якіменка, якая прыйшла да нас ва ўстанову і расказала пра тое, што існуе такі напрамак дзейнасці, як пошукавая работа. Тады, у студзені 2014 года, мы з хлопцамі ўпершыню трапілі на перапахаванне лётчыка, які нарадзіўся ў вёсцы Заспа Рэчыцкага раёна, загінуў пад Ленінградам, а праз 70 гадоў знайшлі яго самалёт і астанкі перадалі для перапахавання. Гэта быў першы наш вопыт судакранання з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны не на ўроку, а ў рэальным жыцці. Мы бачылі сваякоў гэтага героя, пазнаёміліся з пошукавікамі — мужчынамі і жанчынамі, якія праехалі сотні кіламетраў для таго, каб аддаць даніну памяці чалавеку, які здзейсніў подзвіг, ахвяраваўшы самым каштоўным, што ў яго было, — жыццём.

— Раскажыце пра дзей­насць пошукавага клуба падрабязней.

— Развіваемся ў шасці кірунках. Шмат часу ўдзяляем рабоце з архіўнымі дакументамі, якая дае станоўчы вынік. Калі навучэнцы 8 класа робяць першыя крокі ў кадэцкім жыцці, прапаноўваем ім даведацца больш аб іх продках. Многія, вывучаючы дакументальную інфармацыю, ро­бяць вялікія адкрыцці. Вядома, ёсць сем’і, дзе шануюць памяць родных, якія абаранялі Радзіму. Але, на жаль, не ўсе дзеці нават ведаюць імёны сваіх прадзедаў. Таму для большасці нашых навучэнцаў пошукавая работа становіцца калектыўнай творчай справай, да якой далучаюцца бацькі, бабулі і дзядулі.

Яшчэ адзін кірунак дзейнасці клуба — наладжванне сувязей са сваякамі тых загінуўшых, месца пахавання якіх нам удалося знайсці альбо ўстанавіць. На сёння такіх сустрэч з блізкімі герояў было ўжо дзесяць. Геаграфія шырокая, лю­дзі прыязджалі як з Гомельскай вобласці, так і з Мурманска, Першаўральска Свярдлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Таксама мы займаемся верыфікацыяй — супастаўленнем сучасных дакументаў з дакументамі часоў Вялікай Айчыннай вайны. У населеных пунктах Беларусі ёсць брацкія і адзіночныя пахаванні, мемарыяльныя комплексы. Верыфікацыя дазваляе параў­наць даныя, якія ёсць на пашпарце брацкай магілы, з дакументамі ваеннага перыяду, і з дапамогай гэтай зверкі ўдаецца знайсці некаторых зніклых без вестак. На сёння кадэтамі адпрацаваны дакументы па трох раёнах горада Гомеля, застаўся апошні — Цэнтральны. Такім чынам, па Гомелі адшукалі каля 200 раней не ўлічаных чалавек.

За перыяд дзейнасці клуба выхаванцы ўстанавілі асобы больш як паўтары тысячы чалавек, прычым з розных раёнаў Гомельшчыны, а таксама з блізкага замежжа.

Не забываем і пра міжнароднае супрацоўніцтва, якое дае магчымасць усвядоміць, што ў сваіх добрых памкненнях мы не адны. Па-сапраўднаму захапляе даследчая дзейнасць — чарговы кірунак работы “Пунсовых пагонаў”. Мы вывучаем архіўныя дакументы, збіраем інфармацыю для даследчых работ, з якімі ў далейшым прымаем удзел у конкурсах, канферэнцыях, семінарах — як рэгіянальных, так і абласных, рэспубліканскіх. Акрамя таго, на ўзроўні вышэйшых навучальных устаноў сілавога блока Расійскай Федэрацыі мы былі адзначаны ўзнагародамі ў Санкт-Пецярбургу і Маскве.

Супрацоўнічаем таксама з грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі. У першую чаргу гэта ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, якому падпарадкоўваецца 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён (ён адзіны ў краіне мае права займацца палявымі пошукавымі работамі). З 2016 года нашы клубаўцы атрымалі дазвол удзельнічаць у сумеснай рабоце з гэтым фарміраваннем: адпраўляемся на раскопкі, устанаўліваем імёны салдат, знаходзім іх сваякоў, якія прыязджаюць для перапахавання. Дарэчы, у Гомельскай вобласці гэтым напрамкам дзейнасці ва ўстановах адукацыі больш ніхто не займаецца.

— Напэўна, прымаючы ўдзел у такой рабоце, дзеці пра многае задумваюцца, лепш усведамляюць, які подзвіг здзейснілі нашы продкі?

Навучэнцы гатовы ехаць на раскопкі нават на канікулах. Калі ў Гомельскім раёне было ўстаноўлена месца пахавання мірных жыхароў (у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа), пошукавы клуб “Пунсовыя пагоны” таксама прыняў удзел у гэтай рабоце. Дарэчы, да таго часу ў нас ужо быў шасцігадовы вопыт дзейнасці ў гэтым напрамку. З кастрычніка 2021 па чэрвень 2023 года мы разам са следчай групай, у якую ўваходзілі прадстаўнікі пракуратуры і Следчага камітэта, эксперты, пошукавы 52-і батальён, правялі 76 дзённых выездаў, а летам 2022 і 2023 гадоў пабывалі ў пяцідзённым кругласутачным палатачным лагеры. Бацькі выхаванцаў разумеюць, што іх дзеці заняты важнай справай. Яны гатовы прадастаўляць транспарт і аказваць любую пасільную дапамогу, больш за тое, часта самі дарослыя далучаюцца да пошукавага руху. Такім чынам, атрымліваецца эфектыўны трохвугольнік “настаўнік — вучні — бацькі”, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў дзеля дасягнення агульнай мэты.

Часта вынікам работы з’яўляюцца ўнікальныя праекты. Напрыклад, адзін з такіх — “Героі вуліцы Катоўскага”. Вучні высветлілі, што на вуліцы Катоўскага ў Гомелі пражывалі 23 чалавекі, якія адправіліся на фронт, некаторыя з іх лічыліся зніклымі. Выхаванцам удалося ўстанавіць імёны загінуўшых і тых, хто ўсё ж вярнуўся з вайны. Як аказалася, адзін з іх паўтарыў подзвіг Мікалая Гастэлы, другі загінуў у палаючым танку ў лютым 1945 года на тэрыторыі Германіі (дарэчы, гэты баец жыў па адрасе Катоўскага, 57, а зараз тут размешчана кадэцкае вучылішча). Быў сярод мясцовых жыхароў начальнік партызанскага штаба. Нягледзячы на тое, што навучэнцам усяго па 13 гадоў, яны займаюцца вельмі сур’ёзнай даследчай работай, узнімаюць вялікі пласт гістарычных падзей.

— Якімі пошукамі і знаходкамі было адзначана гэтае лета?

У чэрвені мы ўстанавілі імя лётчыка, які загінуў у 1941 годзе і быў пахаваны на вясковых могілках. Нам удалося знайсці дакументы, якія пацвярджаюць, што гэта Іван Уласенка.

Таксама ў першы летні месяц адзначалася 80-годдзе наступальнай аперацыі “Баграціён”, мы выстаўлялі сваю экспазіцыю на мемарыяльным комплексе ў Светлагорскім раёне. Прадстаўлялі Гомельшчыну і ў складзе дэлегацыі на міжнародным фестывалі “Славянскае адзінства” ў Бранску, дзе расказвалі пра свой вопыт работы.

У жніўні будзем працаваць на трох пошукавых аб’ектах на тэрыторыі Гомельскай вобласці — у Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім і Добрушскім раёнах. Прычым у Добрушскім раёне на працягу 5 гадоў шукалі — і нарэшце знайшлі — месца пахавання чырвонаармейцаў.

Удзельнічаючы ў такой рабоце, дзеці па-іншаму глядзяць на гісторыю, падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У будучыні яны свядома робяць выбар і, каму дазваляе здароўе, становяцца афіцэрамі розных сілавых структур, нехта ідзе ў МНС, органы ўнутраных спраў, Інстытут пагранічнай службы. Так ці інакш яны выбіраюць шлях абаронцы Радзімы тут і зараз.

Больш чым гісторык

— Захопленасць пошукавай дзейнасцю дапамагае ў адукацыйным працэсе?

Мае педагагічныя прыёмы часта пераклікаюцца з пошукавай дзейнасцю. Стараемся ўсё тое, што напісана ў падручніку, суадносіць з уласным жыццём: з месцам, дзе навучэнцы жы­вуць, з іх роднымі, якія ваявалі. Ёсць гісторыя пра кадэта, які, прыйшоўшы ў 8 клас, быў перакананы, што яго сваякі ў вайне не ўдзельнічалі. І калі адзін аднакласнік на занятках падзяліўся сямейнай ваеннай гісторыяй, потым — другі, трэці, то той вучань усё ж распытаў сваіх бацькоў і даведаўся шмат інфармацыі аб прадзядулю. Як высветлілася, герой служыў у марской пяхоце і падчас зняцця блакады Ленінграда яму аднаму з батальёна ўдалося выжыць. Праўда, тры месяцы ён лічыўся загінуўшым, пакуль прыходзіў у сябе ў шпіталі, пасля быў камісаваны па інваліднасці. Вярнуўся дадому, стаў дырэктарам калгаса і змог дасягнуць неверагодна высокіх вынікаў: калгас стаў мільённікам. Адметна, што пра гэтую гісторыю навучэнец даведаўся дзякуючы заняткам у вучылішчы. Думаю, такія незвычайныя ўрокі, калі гісторыя пераплятаецца з сучаснасцю, з краязнаўчым матэрыялам, значна лепш успрымаюцца моладдзю.

Акрамя таго, выкарыстоўваю мноства гульнявых практык. Напрыклад, вельмі добра сябе зарэкамендавала гульня, падобная на вядомую інтэлектуальную гульню “Дзеці новага пакалення”. У першым туры навучэнцы адказваюць на гістарычныя пытанні “так” ці “не”, у другім — выбіраюць адзін з трох варыянтаў, у наступным — разгорнута адказва­юць на пытанні, у заключным — па катэгорыях выбіраюць пытанні і прапаноўваюць варыянт адказу. Якраз гэтая гульня стала асновай ваенна-гістарычнай алімпіяды “Палескі бастыён”, якая становіцца ўсё больш папулярнай. “Марскі бой” у электронным варыянце дазваляе задаваць самыя незвычайныя пытанні, якія тычацца гісторыі.

Выпадковасці не выпадковыя

 

— Пошукавая работа — дастаткова дзіўная рэч, часам здараюцца гісторыі, якія, акрамя як цудам, не назавеш, — нечакана заўважыў Павел Дзенісенка. — Неяк разам з навучэнкай шукалі яе сваякоў — прадзеда і яго сына. Яны без вестак зніклі, аднак нам удалося ўстанавіць месца іх гібелі (адзін загінуў ва Украіне, другі — на Магілёўшчыне). У паездку да месца пахавання адправіліся разам з навучэнкай, яе бабуляй і дзядулем. Пазней вырашылі сабраную інфармацыю прадставіць на конкурсе. Пачалі шукаць фатаграфіі, здымак прадзеда знайшлі даволі хутка, а фота яго сына ніяк не маглі адшукаць. Сваякі перагледзелі ўсе сямейныя архівы, потым прыйшлі да высновы, што пры пераездзе з прыватнага дома на кватэру даныя былі страчаны. Апусціліся рукі… І раптам 7 сту­дзеня, на Нараджэнне Хрыстова, малодшая сястра вучаніцы гуляла са старымі кніжкамі, адна з якіх выпадкова ўпала, і з яе вылецела тая самая фатаграфія малодшага Азарава. А ён якраз загінуў 7 студзеня 1944 года. Вось такое незвычайнае супадзенне.

— Якую кнігу варта прачы­таць кожнаму дзіцяці?

— “Ніколі не забудзем”. Яна складзена з апавяданняў беларускіх дзяцей, якія перажылі ўсе жахі нямецкай акупацыі і дапамагалі сваім бацькам і братам знішчаць ворагаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 2021 годзе ўзяліся за ажыццяўленне вялікага праекта: разам з кадэтамі агучылі 10 гісторый з гэтага выдання, якія звязаны з Гомельскай вобласцю. Здымалі ў адпаведнасці з моднымі тэндэнцыямі і прыёмамі, якія прымяняюцца ў YouTube і TikTok. Творчы падыход да праекта дазволіў па-сапраўднаму захапіць сучасных падлеткаў.

— Усё ж цікава: якім быў ваш шлях у педагогіку?

— Захапіла прадметам мая настаўніца гісторыі Ірына Міка­лаеўна Каўбасіна. Я родам з Калінкавіч, вучыўся ў сярэдняй школе № 3, у якой мне пашанцавала трапіць да выдатнага і захопленага педагога. Наш клас разам з Ірынай Мікалаеўнай пабываў на экскурсіі ў тым месцы, дзе лётчыкі паўтарылі подзвіг Гастэлы, дзе немцы спалілі вёску разам з людзь­мі. Не злічыць нашых сумесных падарожжаў, падчас якіх мы даведваліся шмат новага пра гісторыю роднага краю.

Для мяне педагагічная і даследчая дзейнасць — гэта не проста работа, а лад жыцця, і маю апантанасць падзяляюць і ў кадэцкім вучылішчы.

Клуб “Пунсовыя пагоны” існуе дзякуючы групе аднадумцаў, якая ў пошуках загінуўшых байцоў ездзіць па лясах, балотах. У нас вялікая колькасць памочнікаў, сярод якіх прафесійныя ваенныя, такія як палкоўнік Аляксандр Зайчанка, людзі, якія паспелі выйсці ў адстаўку і зай­маюць розныя пасады, як, напрыклад, прарэктар гомельскага ўніверсітэта Аляксандр Святочны. У нашай камандзе — ляснік Максім Раманюк, Руслан Фокін, які пяць дзён у тыдзень працуе грузчыкам, але пры гэтым мае 30-гадовы вопыт пошукавай дзейнасці. Гэта людзі, якія аб’ядналіся і дапамагаюць выхоў­ваць дзяцей у духу патрыятызму, з любоўю да Беларусі, прычым не словам, а справай. Нядзіва, што пры такім падыходзе нашы выпускнікі, якія паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, працягваюць пошукавую работу.

А яшчэ мне ў жыцці пашанцавала, што кіраўніцтва ўстановы адукацыі дало мне шанс развівацца ў азначаным кірунку. Першы дырэктар Галіна Чуешкова пайшла на эксперымент, калі мы пачалі развіваць пошукавую дзейнасць сярод навучэнцаў. Цяперашні дырэктар Дзмітрый Грыгарэнка поўнасцю падтрымлівае нашы ініцыятывы і імкненні. У вучылішчы з’явіўся музей, экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа. Удзельнікі пошукавага клуба сталі лаўрэатамі міжнароднага конкурсу “Гарачае сэрца”, прызнаны лепшым пошукавым аб’яднаннем на тэрыторыі Беларусі. Галоўнае дасягненне — у студзені 2024 года “Пунсовыя пагоны” былі адзначаны грантам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Выдзеленая фінансавая дапамога была накіравана на ўмацаванне матэрыяльнай базы: мы закупілі ноўтбук, рацыі, фотаапарат і шмат іншых прадметаў, якія неабходны для атрада. Пошукавая работа сярод школьнікаў калісьці пачалася менавіта з нас, і як жа цудоўна, што навучэнцы прысвячаюць гэтай высакароднай справе свой час.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва суразмоўніка