Настаўніца пачатковых класаў Паселіцкай сярэдняй школы Хойніцкага раёна Ірына Гаеўская дапамагае дзецям вывучаць свет з першай літары. Педагог актыўна ўключылася ў конкурс прафмайстэрства “Настаўнік года — 2026”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ірына Гаеўская працуе ў школе 20 гадоў. Яе ўнікальны дар — распазнаваць індывідуальнасць кожнага дзіцяці. У гэтым годзе “другая мама” прыняла ў 1 клас 15 юных зорачак — гэта ўжо шосты набор у яе кар’еры. У класе Ірыны Яўгеньеўны вучні зусім малышы, сярод іх ёсць дзеткі, якім толькі-толькі споўнілася 6 гадоў. Бацькі з радасцю давяраюць сваіх дачок і сыночкаў гэтаму чуламу і ўважліваму педагогу.
— Здаецца, нічога звышнатуральнага не раблю, проста люблю сваіх дзяцей: мы кожны дзень абдымаемся, дзелімся адно з адным добрым настроем, — прызнаецца настаўніца. — На ўроках — строгая дысцыпліна, а вось перапынак — час згуртавання нашай школьнай сям’і.
Часам можна назіраць такую карціну: тры пакаленні маіх выпускнікоў збіраюцца ў адным кабінеце, каб падзяліцца ўспамінамі і падтрымаць новых вучняў.
У гутарцы педагог успамінае сябе маленькай першакласніцай, якая вучылася за гэтымі ж партамі ў Паселіцкай школе, марыла стаць педагогам, гледзячы на сваіх выдатных настаўнікаў. Мара здзейснілася. Сваю кар’еру Ірына Яўгеньеўна пачала адразу пасля заканчэння Лоеўскага педагагічнага каледжа (адначасова вучылася на завочным аддзяленні ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна).
— Мае першыя настаўнікі паказалі, што працаваць з дзецьмі — гэта сапраўдны дар, — адзначае суразмоўніца. — Мне таксама хацелася дзяліцца ведамі, вучыць маленькіх чамучак быць добрымі і спагадлівымі людзьмі.
Ірына Яўгеньеўна ніколі не ўяўляла сябе ў іншай ролі. Дарэчы, яе 15-гадовы сын, назіраючы за маці, не выключае магчымасці прадоўжыць яе шлях у сферы адукацыі. Юнак разважае над тым, каб стаць настаўнікам матэматыкі.

У гэтым годзе педагог вырашыла зноў акунуцца ў прафесійную гонку за званне “Настаўнік года”. Стаўшы пераможцам школьнага этапу, яна рыхтуецца зарэкамендаваць сябе і на наступных. Чаму зноў? Прафесійны трыумф адбыўся ў 2017-м, калі Ірына Гаеўская заняла 1-е месца на раённым этапе конкурсу ў намінацыі “Пачатковыя класы”. Для педагога адкрыліся новыя гарызонты — знаёмства з творчымі калегамі і развіццё ў сферы адукацыі:
— Гэта падштурхнула мяне падзяліцца сваім вопытам з калегамі. Я стала аўтарам і стваральнікам відэаўрокаў па матэматыцы для навучэнцаў 1 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання на адзіным рэспубліканскім інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе eior.by. Акрамя таго, выступала ў ролі настаўніка-эксперта падчас доследнай праверкі вучэбных дапаможнікаў “Буквар”, “Пропісь 1”, “Пропісь 2”, “Пісьмо” для 1 класа аўтараў В.І.Свірыдзенка, В.І.Цірынавай. Я таксама рэцэнзент дапаможніка для навучэнцаў “Навучанне грамаце. 1 клас. Практыкум. Дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы” і дапаможніка для настаўнікаў “Навучанне грамаце. 1 клас. Дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы: метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе” для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання аўтара Н.М.Антановіч.
Адзін з ключавых праектаў Ірыны Яўгеньеўны — сайт “Лічбавы партфель настаўніка”, створаны на платформе Google. Гэты рэсурс аб’ядноўвае ўсё неабходнае для эфектыўнай работы педагога: раздзелы па функцыянальнай адукаванасці, наглядныя матэрыялы па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, планы і канспекты ўрокаў, а таксама прэзентацыі. На адным сайце калегі атрымліваюць вычарпальны набор інструментаў, які спрашчае іх штодзённую работу і натхняе на новыя ідэі.
— Гэта мае распрацоўкі, не запазычаныя з інтэрнэту, — падкрэслівае педагог. — Сайт створаны перш за ўсё для педагогаў, але яго таксама наведваюць бацькі разам з навучэнцамі, якім цікава паглядзець на фатаграфіі з заняткаў і пераканацца, што ўрокі праходзяць ярка і займальна.
Нядаўна настаўніца стварыла новы электронны рэсурс, дэталі якога пакуль трымае ў строгім сакрэце, бо прадэманстраваць распрацоўку плануе непасрэдна на этапе конкурснай гонкі. Варта адзначыць, што на школьным этапе Ірына Гаеўская прадстаўляла свой педагагічны вопыт, выступіла на педсавеце, метадаб’яднанні, а таксама правяла адкрыты ўрок матэматыкі для першакласнікаў па тэме “Лічбы. Склад ліку 3”.
— На гэтым этапе канкурэнцыю мне склалі пяць калег з розных прадметных галін, і за перамогу прыйшлося сур’ёзна пазмагацца, — дадае педагог. — У нашым класе заняткі прайшлі на ўра. Нават мая самая актыўная вучаніца, якая звычайна патрабуе асаблівай увагі (часам выкрыквае адказ з месца), зразумела, што не адна ў класе — побач з ёй ёсць аднакласнікі, і ўпершыню цягнула руку, як усе дзеці. Прыемна было назіраць, як яна вырасла за першую чвэрць і паказала сябе сапраўднай вучаніцай.
Ірына Яўгеньеўна сур’ёзна ставіцца да конкурсу і з упэўненасцю гаворыць, што нічога ў жыцці не робіць напалову: калі ідзе наперад, то абавязкова да канца, робячы ўсё сумленна. Рашэнне стаць удзельніцай конкурсу “Настаўнік года — 2026” прыйшло не спантанна. Яшчэ з вясны яна пачала рыхтавацца, а летам наведвала семінары і вэбінары, праслухала ўсе выступленні настаўнікаў — пераможцаў розных гадоў, чытала літаратуру па прамоўніцкім майстэрстве, займалася самаадукацыяй.
Асаблівую падзяку педагог выказвае дырэктару школы Галіне Віктараўне Окуневай, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Наталлі Іванаўне Амалян і загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вользе Аляксандраўне Шылец за іх пастаянную падтрымку і матывацыю:
— З такой камандай аднадумцаў мару пакарыць вобласць і нават рэспубліку!
Ірына Гаеўская з пранізлівай пяшчотай гаворыць пра дзяцей, калег, школу:
— Я бягу ў школу з радасцю, каб падзяліцца новымі ідэямі. Лічу дні ў адпачынку, каб хутчэй сустрэцца з маімі выхаванцамі, навучыць іх пісаць, чытаць, лічыць, а галоўнае — быць добрымі людзьмі.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Ірыны Гаеўскай




