У свеце, дзе сучасныя рытмы часта заглушаюць голас традыцый, настаўніца музыкі Акцябрскай раённай гімназіі Вольга Дульская натхняе дзяцей на асваенне народнай культуры праз удзел у фальклорных ансамблях. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вольга Дульская — настаўніца музыкі і кіраўнік фальклорных ансамбляў “Брачынскія музыкі” (старшакласнікі) і “Брачынскія валачобнікі” (1—4 класы) у Акцябрскай раённай гімназіі. Яна не проста выкладае, а жыве музыкай, натхняючы дзяцей асвойваць інструменты і раскрываць творчы патэнцыял. Вольга Гаўрылаўна ганарыцца сваімі юнымі гарманістамі і дзяўчатамі, якія спяваюць і танцуюць. Дарэчы, ні адно свята ў гарадскім пасёлку не праходзіць без яркага ўдзелу гэтага выдатнага калектыву, які дадае святу душы і беларускага каларыту. Таленавітых удзельнікаў заўсёды падтрымліваюць Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт і аддзел адукацыі, якія забяспечваюць умовы для развіцця творчасці і ўдзелу ў конкурсах, дазваляючы таленту раскрывацца на поўную моц.
— У гэтым годзе ў мяне столькі жадаючых навучыцца іграць на гармоніку, усіх запісала, усіх навучу! — з цяплом у голасе дзеліцца настаўніца. — Дзеткі з пачатковых класаў прыкіпаюць душой да музыкі з першай ноты, а старэйшыя хлопцы не кідаюць заняткі, нават калі пераходзяць у 11 клас.
Выхаванцы Вольгі Дульскай не толькі іграюць на гармоніку, але і асвойваюць шумавыя і ўдарныя інструменты — бубны, барабан, трашчоткі, капыткі, якія дадаюць рытму народным танцам і песням.
— Мы спяваем, падтанцоўваем, імправізуем… Дзеці любяць сцэну, — дадае настаўніца, і ў яе словах адчуваецца шчырая любоў да сваёй справы. — Рэпертуар калектыву — гэта скарбніца мясцовых традыцый: народныя песні, танцы, акцябрскія матывы. Мы падтрымліваем зносіны з носьбітамі фальклору, слухаем іх выкананне, запісваем мелодыі на слых. Хлопцы іграюць, а дзяўчаты танцуюць — разам стараемся захаваць і папулярызаваць традыцыйную культуру.
Вольга Гаўрылаўна з дзяцінства выхоўвалася ў павазе да народнай песні і танца. Яна расла ў творчай і музычнай сям’і, і цяпер гэтую любоў з энтузіязмам перадае моладзі, натхняючы на ўласныя творчыя адкрыцці ў свеце фальклору.
Калектыў “Брачынскія музыкі” — пераможца і лаўрэат маштабных конкурсаў, у тым ліку абласных, рэспубліканскіх і міжнародных. Дзеці трыумфальна выступілі на рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, дзе заваявалі 1-е месца. Дыпломамі завешана ўся сцяна музейнага пакоя гімназіі. А калі дзеці з захапленнем выхваляюцца, што папрасілі ў бацькоў на дзень нараджэння купіць гармонік, каб іграць на ім увесь час, — гэта неверагодна натхняе і матывуе. Гэта сапраўдная перамога педагога. Акрамя таго, калектыў з’яўляецца акампануючай групай узорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі”, дадаючы сваю магію музыкі да выступленняў і гэтага калектыву.

У марах Вольгі Гаўрылаўны — каб кожнае дзіця спявала ці танцавала, іграла ў такт на музычных інструментах. І практычна штодзень яна робіць усё, каб яе мара стала рэальнасцю, — ад урокаў да рэпетыцый і ўдзелу ў конкурсах.
— Дзеці любяць сцэну, апладысменты, і гэта натхняе іх на новыя дасягненні. Яны з задавальненнем знаёмяцца з народнымі традыцыямі, далучаюцца да беларускай самабытнай культуры, што фарміруе ў іх любоў да роднага краю, — падсумавала суразмоўніца.
Вольга Дульская — не проста настаўніца, а сапраўдная душа народнай музыкі, якая дае дзецям крылы для палёту ў свет мелодый. Для іх яна становіцца не толькі педагогам, а зоркай, што асвятляе шлях да мастацтва, — і многія выбіраюць студэнцкую лаву Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, каб ператварыць сваю любоў у прафесію.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





