Люблю, калі ў рэдакцыю “Настаўніцкай” прыходзіць Аляксандр Маркавіч Фельдман, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, ветэран працы, настаўнік-метадыст, настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 19 імя Янкі Купалы Мінска. Падабаецца абмяркоўваць з ім прафесійныя планы, слухаць яго заўвагі па афармленні задач, якія мы друкуем на старонках газеты, напэўна, ужо гадоў 10.

Сёння ж мне хочацца спыніцца на іншым — на магутнасці педагогікі і чалавечай моцы. Аляксандру Маркавічу 88 гадоў. У планах — працаваць да 99-ці. Амбіцыйна? Нават вельмі. Але мне здаецца, што так і будзе. Нягледзячы на ўзрост, Аляксандр Маркавіч — вельмі запатрабаваны настаўнік. Шмат гадоў ён выкладае матэматыку на павышаным узроўні ў 10—11 класах. Усе яго вучні паступаюць ва ўніверсітэты, многія са стабальнымі сертыфікатамі.
У размовах падчас нашых сустрэч педагог не раз падкрэсліваў, што поспехі ў рабоце настаўніка — гэта поспехі яго вучняў. Іншага крытэрыю няма. Навучэнцы Аляксандра Маркавіча не падводзяць. Як, зрэшты, і ён іх. У інтэрв’ю нашай газеце настаўнік адзначаў, што навучыць матэматыцы можна практычна кожнага. Самае галоўнае — жаданне працаваць. І працаваць трэба ў любым выпадку, здольныя вы ці не вельмі.
— Матэматыка не для матэматыкі, яна і для фізікі, хіміі, літаратуры. Гэта той прадмет, які развівае мысленне вучня, — адзначаў Аляксандр Маркавіч. — Менавіта матэматыка стаіць на вяршыні ўсіх школьных навук, арганізоўваючы работу іншых прадметаў. Акрамя таго, матэматыка правяраецца на выпуску са школы і пры паступленні. Што азначае выраз “Школа рыхтуе вучня да жыцця”? Гэта значыць, што яна дае яму магчымасць знайсці сябе, у тым ліку атрымаць вышэйшую адукацыю.
Вось такога шырокага разумення матэматыкі настаўнік прытрымліваецца ўсё сваё педагагічнае жыццё. І яго вучні такі погляд падзяляюць. Больш за тое, яны разумеюць і прымаюць сістэму Фельдмана. А яна, між іншым, не для слабакоў. Урокі ў Аляксандра Маркавіча — гэта бясконцае рашэнне задач.

— Калі новая тэма, я яе тлумачу, а затым мы рашаем задачы. Вучні купляюць дадатковыя зборнікі задач, адкуль мы рашаем шмат заданняў, бо абысціся адным падручнікам немагчыма. Каб рашаць задачы, іх трэба рашаць. Іншага шляху няма. Дарэчы, работа настаўніка матэматыкі — адна з самых складаных. Не заўсёды адразу можна рашыць нейкую задачу (гаворка не ідзе пра вучэбныя задачы). Даводзіцца думаць гадзіну, дзве, а можа, нават і некалькі дзён, — падзяліўся сваёй сістэмай работы педагог.
Акрамя таго, амаль кожны дзень ужо не адзін дзясятак гадоў ён прыходзіць у школу задоўга да першага ўрока, каб правесці ранішнія дадатковыя заняткі для вучняў 10—11 класаў, якія не змаглі якасна зрабіць дамашняе заданне і хочуць у ім разабрацца. А калі і задачу не рашылі, і на кансультацыю не прыйшлі, то справы дрэнныя, бо нізкая адзнака гарантавана. Ну і, каб заставацца ў матэматычным тонусе, кожны тыдзень старшакласнікі пішуць двухурочную пісьмовую работу. І на канікулы ім задачы задаюцца. Гэтакі бясконцы матэматычны марафон, у які, дарэчы, штогод хочуць трапіць новыя юнакі і дзяўчаты.
У чым сакрэт? Безумоўна, у глыбокіх ведах Аляксандра Маркавіча, яго жаданні ўвесь час развівацца і ўдасканальвацца. А яшчэ ў звычайных чалавечых якасцях: ён вельмі інтэлігентны, ветлівы і прыязны чалавек. Таму калі ён прыходзіць у рэдакцыю “Настаўніцкай”, радуюся і натхняюся не толькі я, але і каманда нашых вярстальшчыкаў, стылістаў і карэктараў, бо атрымаць прафесійны камплімент ад такога выбітнага педагога вельмі пачэсна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





