Навацыі на «ПрафМаршруце»: у чым адметнасць прафарыентацыйнага праекта Першамайскага раёна Віцебска

- 13:16Витебская область, Индекс успеха, Новости

Вопыт Першамайскага раёна Віцебска па арганізацыі прафарыентацыйнай дзейнасці вырашана маштабаваць на горад. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Па ініцыятыве кіраўніцтва нашага раёна з мінулага навучальнага года мы рэалізуем інфармацыйна-асветніцкі праект “ПрафМаршрут”, нацэлены на садзейнічанне ўсвядомленаму прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, знаёмства з сучасным рынкам працы, а таксама на забеспячэнне супрацоўніцтва школы, сям’і, каледжаў і вышэйшых навучальных устаноў, прадпрыемстваў, арганізацыю экскурсій па ўстановах прафесійнай адукацыі і на вытворчасць, — расказвае начальнік аддзела па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Таццяна Кузьміч.

Пры наведванні прадпрыемстваў і арганізацый навучэнцы маюць магчымасць атрымаць вычарпальную інфармацыю аб розных прафесіях, сфарміраваць уяўленне аб патрабаваннях, якія прад’яўляюцца да супрацоўнікаў, даведацца пра патрэбнасці грамадства ў гэтых спецыялістах на сённяшні момант і ў перспектыве.

У навучальных установах школьнікі знаёмяцца з інфармацыяй аб умовах прыёму, вучобы і размеркавання, змесце падрыхтоўкі па спецыяльнасцях, аснашчэнні вучэбных кабінетаў, лабараторый, майстэрань, арганізацыі побыту і вольнага часу.

— На працягу мінулага года навучэнцы кожнай з нашых школ і гімназій наведалі 5 УВА, 10 каледжаў, 37 прадпрыемстваў і арганізацый Віцебска і Віцебскай вобласці. Паказчыкі ўзважанага прафесійнага выбару мы бачым па статыстычных даных. Так, 49% выпускнікоў 9 класа выбралі для працягу навучання каледжы (у 2022 го­дзе — 45,7%), — прыводзіць лічбы Таццяна Кузьміч. — Адным з вектараў нашага праекта з’яўлялася арыентацыя выпускнікоў на атрыманне прафесій, запатрабаваных лёгкай прамысловасцю. Як вынік, навучэнцамі і студэнтамі ўстаноў адукацыі нашага рэгіёна па гэтых профільных спецыяльнасцях сталі 18% выпускнікоў 9-х і 16% — 11-х класаў. У рамках выканання рашэння Віцебскага аблвыканкама па падрыхтоўцы кадраў для аграпрамысловага комплексу навучэнцамі Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа сталі 38 навучэнцаў, Віцебскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа — 48 чалавек. Назіраецца станоўчая дынаміка ў параўнанні з ранейшымі лічбамі.

Дарэчы, будучыя аграрыі дастойна прадставілі раён у абласным форуме класаў аграрнай накіраванасці “За моладдзю — будучыня!” і занялі 1-е агульнакаманднае месца, 21% выпускнікоў агракласаў сталі студэнтамі ўстаноў прафадукацыі сельскагас­падарчага профілю. Магчымасцю залічэння без уступных іспытаў ва УВА рэгіёна па выніках універсітэцкіх алімпіяд у мінулую ўступную кампанію скарысталіся 13 выпускнікоў. Зменшыўся адток таленавітых дзяцей на вучобу за мяжу, гэтае пытанне ў нас на пастаянным кантролі. Значна больш стала выпускнікоў педкласаў, якія пацвердзілі намер звязаць будычыню з настаўніцкай прафесіяй (59% у параўнанні з 41% за пазамінулы год). У 2023 годзе на педагагічныя спецыяльнасці на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі паступілі 34 выпускнікі, 9 з іх — на запатрабаваныя спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю. За праведзеную работу ў гэтым напрамку галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама заахвоціла ўстановы адукацыі раёна грашовым сертыфікатам на суму 50 000 рублёў.

Інфармацыйна-асветніцкі праект “ПрафМаршрут” атрымаў станоўчы водгук з боку педагогаў і навучэнцаў, на жнівеньскай канферэнцыі адной з прапаноў было яго прадоўжыць і маштабаваць.

— Аднак і мы спыняцца на дасягнутым не збіраемся, — падкрэсліла Таццяна Кузьміч. — Да праекта далучыліся ўстановы да­школьнай адукацыі. Яны заключылі пагадненні з прадпрыемствамі і арганізацыямі аб супрацоўніцтве — дзеці навед­ваюць вытворчасць. Для ажыццяўлення цеснага ўзаемадзеяння з законнымі прадстаўнікамі распрацаваны яшчэ адзін новы напрамак — “Прафесія маёй сям’і”.

Таццяна БОНДАРАВА