Не толькі ўзнагароды. Якія рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца ў сем’ях педагогаў

- 9:05Главная, Новости

Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі “Настаўніцкая газета” пачынае новы праект — “Сямейныя рэліквіі”. Першыя матэрыялы праекта прысвечаны рэчам, якія належалі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, а цяпер беражліва захоўваюцца ў сем’ях іх нашчадкаў.

Ідэя праекта ўзнікла невыпадкова. Падчас камандзіровак нашы журналісты нярэдка слухаюць захапляльныя аповеды педагогаў пра жыццё сваіх продкаў. Пры гэтым настаўнікі з гордасцю паказваюць рэчы, якія дасталіся ім у спадчыну. Сярод рэліквій не толькі фота­здымкі, дакументы, граматы, але і іншыя каштоўныя прадметы, з якімі звязаны цікавыя гісторыі і не менш цікавае, насычанае жыццё іх ранейшых уладальнікаў.

Узнагарода дзядулі

Настаўніца кітайскай мовы сярэдняй школы № 131 Мінска Вольга Шавель ганарыцца сваім дзедам Сцяфанам Каваленкам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

Напярэдадні 9 Мая разам з сынам-шасцікласнікам, экскурсаводам школьнага музея баявой славы Анд­рэем Матвеевым, яны прадаставілі баявыя ўзнагароды, дакументы, асабіс­тыя рэчы Сцяфана Мікітавіча для часовай выставы “Гісторыя маёй сям’і”.

— Па традыцыі кожны год з нагоды Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у нашай установе адукацыі ладзяцца зменныя экспазіцыі ў фармаце музея ў чамадане. Педагогі і навучэнцы прыносяць у школу сямейныя рэліквіі — каштоўныя рэчы, якія раней належалі іх продкам, салдатам Перамогі, — адзначыла кіраўнік музея намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кацярына Аляксандраўна Камеко.

Па словах Вольгі Васільеўны, Сцяфан Мікітавіч быў прызваны ў Чырвоную Армію ў верасні 1943 года. Баявое хрышчэнне атрымаў пры фарсіраванні Сожа падчас баёў за вызваленне Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У снежні таго ж года быў паранены ў нагу, але змог вынесці з поля бою пяцярых баявых таварышаў, у тым ліку камандзіра. За гэты подзвіг узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Таксама за праяўленую мужнасць атрымаў медаль “За адвагу” і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

Сёння гэтыя ўзнагароды беражліва захоўваюцца ў сям’і педагога. А пра баявы шлях свайго продка Вольга Шавель і Андрэй Матвееў з гонарам расказваюць калегам і равеснікам.

Скарб роду

Настаўніца пачатковых класаў маларыцкай сярэдняй школы № 2 Таццяна Давыдоўская даражыць дакументамі, шматлікімі ўзнагародамі, фотаздымкамі і рэчамі свайго дзядулі, удзельніка партызанскага руху Трафіма Марука.

Яна называе іх своеасаблівым скарбам роду, бо любая сямейная рэліквія моцна звязвае пакаленні, дазваляе лепш зразумець жыццё продкаў. Гэта важна ўсведамляць 4 унукам і 9 праўнукам Трафіма Марука, якія, калі збіраюцца разам, абавязкова разглядаюць сямейны фотаальбом і баявыя ўзнагароды продка.

Мужчына любіў і ўмеў цікава расказваць і пра сваё дзяцінства, і пра ваенную маладосць, і пра пасляваеннае мірнае аднаўленне… Цяпер унукам пра Трафіма Марука, якога не стала амаль 15 гадоў назад, расказвае яго дачка Ніна Юхімук, якая шмат гадоў працавала ў 2-й школе настаўніцай біялогіі.

Трафім Марук нарадзіўся і вырас у вёсцы Высокае Маларыцкага раёна ў вялікай сям’і. Калі яму споўнілася 9 гадоў, памёр бацька. Трафім застаўся адзіным хлопчыкам у сям’і, на плечы якога ляглі ўсе цяжкасці мужчынскай працы па гаспадарцы.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Трафіма ў армію не ўзялі з-за ўзросту. Але ў баку ад ваенных падзей юнак не хацеў заставацца. У 1941 годзе ён стаў партызанскім сувязным, а ў ліпені 1943-га быў афіцыйна залічаны ў атрад імя М.В.Фрунзэ брыгады імя І.В.Сталіна, якая дзейнічала на тэрыторыі Маларыцкага раёна.
Партызаны займаліся падрыўной і разведвальнай дзейнасцю, ажыццяўлялі баявыя аперацыі, у тым ліку падчас рэйкавай вайны. Так, Трафім Марук удзельнічаў у падрыве чыгункі каля станцыі Закруцін.

Асноўная дзейнасць партызанскага атрада разгортвалася ў раёне так званага скрыжавання, дзе вайсковая тэхніка перамяшчалася з Украіны на Брэст і Кобрын. Адной з жахлівых падзей на Маларытчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны стала карная аперацыя па знішчэнні яўрэяў у райцэнтры. Моладзь пасля гэтага стала актыўна сыходзіць у партызанскія атрады, каб адпом­сціць за смерць землякоў і наблізіць перамогу.

Падчас адной з баявых аперацый здраднік паведаміў немцам пра месцазнаходжанне партызан. 7 снежня 1943 года завязаўся працяглы бой, падчас якога Трафім атрымаў раненне ў нагу. Начальнік гестапа і два немцы ішлі па крывавых слядах. Хлопец схаваўся за кустамі і змог забіць аднаго з фашыстаў. Астатнія, напэўна, падумалі, што ў зарасніках шмат партызан, і паспяшаліся схавацца ў лесе. На выпадак, калі б план не спрацаваў, Трафім Марук пакінуў для сябе адну кулю ў пісталеце.

Прасядзеўшы да вечара ў кустах, юнак некалькі гадзін ноччу дабіраўся да найбліжэйшай вёскі. Сярод яе жыхароў знайшлася жанчына, якая ўжо не раз дапамагала партызанам. Імя яе, на жаль, засталося невядомым. Але сям’я Ніны Юхімук з удзячнасцю ўспамінае жанчыну. Гаспадыня дома зрабіла перавязку, накарміла і дала месца для начлегу. Раніцай да яе прыйшоў партызанскі сувязны па хлеб і, убачыўшы параненага Трафіма, адразу паведаміў пра яго начальству. Па юнака хутка прыехалі на кані. Далей ён быў адпраўлены ў тыл. Там, у шпіталі, Трафіма Кірылавіча падлячылі, выдалі пасведчанне інваліда ІІ групы. Але ён ірваўся ў бой, каб адпомсціць ворагу, і ўрэшце дабіўся свайго: яго неўзабаве накіравалі ў штаб партызанскага руху ў Рэчыцы, што на Гомельшчыне.

Баявы шлях Трафіма Марука адзначаны 23 узнагародамі. Самай значнай ён лічыў ордэн Айчыннай вайны І ступені.

Дадому Трафім Кірылавіч вярнуўся ў жніўні 1944-га. Мужчына працаваў палітработнікам у Маларыцкім райкаме КПБ, затым — у калгасе “Чырвоны партызан”, пасля — сталяром у Маларыцкай ПМК-20. У вольны час займаўся пчалярствам і вельмі любіў паляванне.

Унукі і праўнукі ганарацца дзядулем і прадзядулем. Яго фотаздымак знаходзіцца на адным са стэндаў у школьным гістарычным музеі “Патрыёт”. Імя Трафіма Марука часта гучыць, калі экскурсаводы расказваюць пра партызан і партызанскі рух на Маларытчыне.

Сімвалы мужнасці

Салдацкая лыжка сям’і педагога Ларысы Балашовай нагадвае, што яе дзядуля прайшоў праз цяжкія выпрабаванні і змог вярнуцца дадому, да родных. Настаўніца пачатковых класаў Гара­дзецкай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна адзначае, што падчас Вялікай Айчыннай вайны лыжкі былі вельмі каштоўнай, асабістай рэччу. “Салдат на фронце без лыжкі — галодны салдат, а галодны салдат — не баец”, — сцвярджае народная прыказка. Нават самі салдаты адзначалі, што пры сабе заўсёды павінна быць “зброя для бяды і зброя для ежы”, гэта значыць аўтамат і лыжка. Прыём ежы быў не проста здаволеннем голаду, гэта былі рэдкія хвіліны спакою і адпачынку, рэдкія моманты, калі салдат адчуваў смак баршчу, гуляшу, кашы.

Лыжка, пра якую пойдзе гаворка, не раз станавілася і зброяй, і прыладай для падкопу. Яе абяссілены ўладальнік, трапіўшы ў палон, не чакаў смерці, а змагаўся за жыццё.

— Мой дзед Сцяпан Паўлавіч Балашоў быў прызваны ў Чырвоную Армію 25 чэрвеня 1941 года, — гаворыць Ларыса Віктараўна. — Падчас вайны трапіў у палон, апынуўся ў нямецкім канцлагеры, які размяшчаўся на тэрыторыі былой Усходняй Прусіі. Там знаходзіўся да 1944 года, да моманту вызвалення вязняў. Дзядуля рэдка гаварыў пра падзеі ваеннага ліхалецця, пра тое, як рабіў падкоп лыжкай, як з усіх сіл намагаўся збегчы з варожага палону…

З успамінаў майго бацькі чула гісторыю аб вяртанні дзядулі ў родны край. Калі Сцяпан Паўлавіч зайшоў у свой двор, то адразу ўбачыў сыноў, іх у яго было чацвёра, хлопцы ў жніўні капалі бульбу. Старэйшы сын не пазнаў 52-гадовага бацьку: вайна прынесла кардынальныя змены ў яго жыццё, якія адбіліся на сівавалосым мужчыне. Бабуля ж, наадварот, з парога пазнала мужа і хутчэй кінулася да яго. У той жа дзень дзядуля дастаў з сумкі 4 лыжкі і раздаў іх сваім сынам. З таго часу гэтыя сталовыя прыборы беражліва захоўваюцца ў нашай сям’і і перадаюцца ў спадчыну.

Стальная лыжка — не адзіны прадмет, які нагадвае аб ваенным часе гэтай сям’і.

— Ёсць яшчэ сямейны рарытэт, які належаў мужу цёткі па мацярынскай лініі Мікалаю Еўдакімавічу Дзмітрыеву, — дадае настаўніца. — У 1941-м 12-гадовы хлопчык, наўмысна скрыўшы свой рэальны ўзрост, сказаў, што яму 14, і пайшоў у партызаны разам з іншымі жыхарамі вёскі Гарадзец. Раней прыкладна на тым месцы, дзе зараз размяшчаецца Рагачоўскі лясгас, недалёка ад вёскі, за 5—6 кіламетраў, глыбока ў лесе знаходзіўся партызанскі атрад. Аб яго існаванні сёння нагадвае помнік. Камандзір партызанскага атрада даў заданне Колю — назіраць і дакладваць аб тым, што адбываецца на прылеглых тэрыторыях. І для таго каб хлопец лепш бачыў удалеч, падарыў яму бінокль. Мікалай спачатку знаходзіўся ў разведвальных войсках, а пасля дайшоў практычна да Берліна. На Радзіму вярнуўся з узнагародамі. Шкада, што з часам яны былі страчаны. Зараз аб баявых заслугах нагадвае фатаграфія дзядзькі, дзе на яго гру­дзях вылучаецца ордэн Чырвонай Зоркі.

Падарунак камандзіра — бінокль — дзядзька падарыў свайму старэйшаму сыну Міхаілу. Той з часам захаванне сямейнай рэліквіі даверыў ужо майму сыну, які вельмі цікавіцца гісторыяй і ваенным мінулым нашых продкаў. Добра памятаю, калі ўпершыню адкрыла скрыначку з біноклем, у мяне слёзы навярнуліся на вачах.

Працуючы настаўніцай пачатковых класаў, Ларыса Віктараўна расказвае сваім выхаванцам пра подзвігі аднавяскоўцаў, простых людзей, якія ў цяжкія часы аддалі Радзіме ўсе сілы, каб мы і нашы дзеці маглі жыць пад мірным небам.

— Аповеды пра сямейныя рэліквіі ствараюць яркія вобразы і дапамагаюць школьнікам адчуць значнасць гэтых прадметаў — сімвалаў мужнасці і ахвярнасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаюць больш яскрава расказаць малодшым вучням пра важнасць Перамогі. Трэба падтрымліваць сувязь паміж пакаленнямі і захоўваць памяць аб гістарычным мінулым. Імкнуся выхаваць у дзяцей павагу да по­дзвігаў продкаў, даносячы важныя ідэі аб сям’і і патрыятызме. Гэта надзённая задача для сучаснага грамадства, — падсумавала суразмоўніца.

З пачуццём падзякі

Дырэктар Азёрскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Наталля Рэкець кожны год напярэдадні 9 Мая размову з навучэнцамі будуе вакол падзячнай граматы дзеда, датаванай 1945 годам.

– Гэтая грамата была ўручана Віталю Рыгоравічу Дарашкевічу, калі ён вяртаўся ў родную вёску Забярэзіна з тэрыторыі вызваленай Еўропы. На ёй значацца подпісы камандуючага, члена ваеннага савета і начальніка штаба 9-й гвардзейскай арміі, генерал-палкоўніка Глаголева, генерал-лейтэнанта Громава і генерал-маёра Раждзественскага. У яе тэксце гаворыцца: “Памятайце, ганарыцеся і дзецям сваім раскажыце, як абаранялі Вы любімую Радзіму”. Сёння гэта ўжо наша задача — унукаў і праўнукаў пераможцаў, — углядаючыся ў дакумент пад шклом рамкі, гаворыць Наталля Сяргееўна.

Яе дзед сустрэў Перамогу ў складзе 405-га гвардзейскага гаўбічнага артылерыйскага палка 59-й гвардзейскай дывізійнай артылерыйскай брыгады. За час службы храбра праявіў сябе, пра што нагадвае яшчэ адна сямейная рэліквія. Гэта акуратна напісаная ад рукі баявая характарыстыка на імя Віталя Дарашкевіча, дзе камандзір характарызуе яго як бясстрашнага сувязіста, які пад моцным артылерыйскім агнём праціўніка ўсталёўваў сувязь, і, дзякуючы гэтаму, батарэя знішчыла шмат варожай тэхнікі. “За отменную работу связи правительство наградило тов. Дорошкевича медалью “За взятие Вены” и медалью “За победу над Германией”, — гаворыцца ў рукапісным тэксце.

Яшчэ адзін рукапісны дакумент, ужо на электронных старонках партала “Па­мяць народа”, уносіць яснасць у тое, што стаіць за ўзнагародай — медалём “За адвагу”. Віталь Рыгоравіч быў адзначаны ім за тое, што ў баях 14 красавіка 1945 года пад артылерыйска-мінамётным абстрэ­лам выявіў і ліквідаваў 9 парываў ліній сувязі.

— Памятаю, яшчэ дзіцем перад святкаваннем 9 Мая часта прасіла дзеда нача­піць усе медалі на свой парадны пінжак (у яго было нямала ўручаных ужо ў мірныя гады юбілейных узнагарод). Але дзядуля браў усяго некалькі. Па яго словах, толькі гэтыя шмат гавораць пра тое, чаму ён вярнуўся дадому, — успамінае Наталля Рэкець.

Нягледзячы на сваё гераічнае мінулае, Віталь Рыгоравіч не любіў расказваць пра вайну. Часта пазбягаў пытанняў блізкіх пра яе.

— У нашым доме ўсе размовы па гэтай тэме прахо­дзілі пад знакам Вялікай Перамогі. Але вельмі запомніла адзін выпадак… Мне было ўжо больш за 20 гадоў, калі дзядуля неяк вырашыў па­дзяліцца балючымі фактамі. Тая размова пачалася са звычайнага “пойдзем, нешта пакажу”. Мы амаль у абсалютнай цішыні ехалі да вёскі Сіні Камень непадалёк нашай Забярэзіны. У гады вайны яна раздзяліла лёс Хатыні, так і не была адноўлена. Спыніліся каля закінутага калодзежа, і доўгая паўза ў маўклівым дыялогу была парушана: “Вось тут нямецкі салдат у адно імгненне супакоіў немаўля, якое плакала… штык-нажом прама на руках у маці…” — успамінае Наталля Рэкець.

9 Мая ў яе сям’і заўсёды было і застаецца вялікім святам. Суразмоўніца адзначае, як з гордасцю назірала за дзедам — удзельнікам усіх святочных мерапрыемстваў у Азёрах.

— У гэты дзень ён заўсёды сустракаўся з землякамі, якія таксама ваявалі. А напярэдадні атрымліваў і пісаў лісты баявым таварышам. Добра памятаю, як у бабуліным доме збіраліся ветэраны. І, ведаеце, яны практычна ніколі не гаварылі пра падзеі мінулага. Усіх размовы будавалася вакол слоў “мір” і “будучыня”, — дзеліцца педагог.

Па традыцыі напярэдадні 9 Мая яна прыносіць у школу дакументы, якія сведчаць пра ваенныя старонкі біяграфіі дзядулі.

— Гісторыя перастае быць проста фактам, калі мае непасрэднае дачыненне да месца, дзе ты нарадзіўся і вырас, — робіць важны акцэнт суразмоўніца.

Чатыры гады назад яна ўпершыню стала ўдзельніцай памятнага шэсця ў Азёрах напярэдадні Дня Перамогі, а сёння з той жа гордасцю з партрэтам прадзеда ў гэтым мерапрыемстве ўдзельнічае малодшая дачка — другакласніца Ксюша.

— Жыццёвы шлях дзеда для ўсіх нас — гэта не толькі прыклад служэння Ра­дзіме. Ён наглядна паказвае: колькі б болю і выпрабаванняў ні выпала на лёс чалавека, ён застаецца верным сваёй сутнасці. Мой дзед быў вельмі светлым і добрым чалавекам, прыкладам уважлівага суразмоўніка і цудоўнага сем’яніна, — адзначае Наталля Сяргееўна.

Маючы за спінай усяго чатыры класы адукацыі, у мірны час ён працаваў сталяром і літаральна ўсю мэблю, ды і сам дом, зрабіў сваімі рукамі.

— Мы і сёння ўсёй сям’ёй п’ём чай за круглым драўляным сталом з-пад яго рукі. Майстраваў дзядуля нават музычныя інструменты. Цётка беражліва захоўвае зроб­леную ім скрыпку. Ужо стаўшы дарослай, зразумела, чаму бабуля так хацела, каб я займалася ў музычнай школе менавіта па гэтым класе інструмента: каб памяць пра дзядулю не толькі была, але і гучала, — крыху цішэйшым голасам гаворыць дырэктар школы, адводзячы погляд у бок акна.

Віталя Рыгоравіча не стала ў 2000 годзе. Але памяць пра яго жывая ва ўспамінах і сэрцах не толькі родных. Добра ведаюць пра гэтага чалавека і вучні Азёрскай сярэдняй школы. 9 Мая і ў дзень апошняга званка яны спяшаюцца з кветкамі да помніка загінуўшым воінам. А Наталля Рэкець да памятнай стэлы на брацкай магіле ідзе з асаблівымі пачуццямі. Кожны год свайго мірнага жыцця ў галоўнае майскае свята сюды прыходзіў памаўчаць яе дзед. Сёння гэтую традыцыю працягваюць удзячныя нашчадкі пераможцаў.

Мост у мінулае

Для дырэктара сярэдняй школы № 34 Магілёва Ігара Якіменкі стары сямейны фотаальбом — своеасаблівы мост паміж мінулым і будучыняй.

– Альбом доўгія дзесяцігоддзі збірала мая бабуля Хацім’я Міронаўна. Цяпер рэліквія перайшла да мяне. Гэта не проста калекцыя здымкаў, а жывая хроніка нашай сямейнай гісторыі, якая адлюстроўвае лёсы продкаў, — паведаміў Ігар Віктаравіч.

Сярод вялікай колькасці фатаграфій асаблівае месца займае выява юнака ў ваеннай форме. Здымак назаўсёды захаваў атмасферу мая 1945-га.

— Гэтай фатаграфіі 80 гадоў. Тут мой дзед Рыгор Міронавіч Антоненка, які франтавымі дарогамі прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну. У рады Чырвонай Арміі ён быў прызваны яшчэ ў 1939-м. Служыў на Каўказе, быў камандзірам машыны ба­тальённай сувязі. У гэтай вайсковай спецыяльнасці і прахо­дзіў яго баявы шлях. Дзед ваяваў у Крыме, двойчы прарываўся праз акружэнне. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Харкаўскім напрамку, дзе атрымаў раненне. Пасля шпіталя быў задзейнічаны ў аперацыі “Баграціён”, вызваляў Беларусь. А далей праз Балгарыю разам са сваёй часцю дайшоў да Будапешта, — расказаў Ігар Якіменка.

Менавіта там, у Венгрыі, Рыгор Антоненка сустрэў чаканую вестку пра Перамогу. Тады, вясной 1945-га, ён і вырашыў зрабіць памятны здымак у фотаатэлье. Фатаграфію з радасным лістом аб тым, што жывы, здаровы і хутка вернецца дадому, малодшы лейтэнант адправіў сям’і на Радзіму.

— Ліст быў згублены, а вось здымак захаваўся. Калі гартаю сямейны альбом, заўсёды падоўгу гляджу на гэтую фатаграфію. У ёй нібы застыў час: дзядуля пазіруе на крэсле, вакол мірная атмасфера, нават букет бэзу стаіць на стале. Але напружаны выраз твару і смутак у вачах адлюстроўваюць цяжкія выпрабаванні, якія яму прыйшлося вытрываць, — адзначыў Ігар Віктаравіч.

Сярод сваякоў Ігара Якіменкі нямала тых, хто заваёўваў мір і свабоду на роднай зямлі. Вялікую Айчынную прайшоў не толькі Рыгор Антоненка, але і яго брат Іван. За баявыя заслугі абодва ўзнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.

— Ваявалі таксама дзяды Захар Антоненка і Фёдар Якіменка. Аднак яны Перамогі не дачакаліся. Захар Міронавіч загінуў у ходзе вызвалення Магілёўшчыны. Пра тое, што здарылася з Фёдарам Ахрэмавічам, мы не ведаем і сёння. Ён прапаў без вестак у 1943-м у жорсткіх баях каля ракі Проня, — расказаў Ігар Якіменка.

Здымкаў загінуўшых продкаў у сям’і практычна няма. Па гэтай прычыне для Ігара Віктаравіча неверагодна каштоўная ваенная фатаграфія дзеда Рыгора Антоненкі.

— Звычайная чорна-белая выява — не толькі момант з перажытага ў сям’і, але і сувязь з гісторыяй, якая фарміравала краіну і грамадства. Кожны раз, калі гляджу на фатаграфію Рыгора Міронавіча, адчуваю, наколькі важна разумець урокі мінулага, ведаць, што продкі — гэта наша гор­дасць і сіла. Пакуль мы памятаем пра іх, пра тыя по­дзвігі, якія яны здзяйснялі для нас, — бу­дзе мір. Усведамленне гэтага зараз імкнуся перадаць сваім дзецям, каб сувязь пакаленняў не перарывалася. Паказваю і значнасць захавання гістарычнай праўды. У пасляваенныя гады агульнымі сямейнымі намаганнямі мы дабіліся ўнясення імя Фёдара Ахрэмавіча на абеліск у гонар загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны ўраджэнцаў вёскі Будачка Хоцімскага раёна, — заўважыў Ігар Віктаравіч.

Адметна, што, вярнуўшыся з франтоў, браты Рыгор і Іван Антоненкі сталі настаўнікамі. Прыклад іх плённай працы на ніве адукацыі стаў падмуркам для фарміравання вялікай педагагічнай дынастыі.

— Навучанне і выхаванне дзяцей стала справай, якую я атрымаў у літаральным сэнсе ў спадчыну. Прадстаўляю ўжо трэцяе пакаленне настаўнікаў у нашай сям’і. А агульны сямейны педагагічны стаж налічвае звыш 415 гадоў, — падкрэсліў Ігар Якіменка.

Ігар ГРЭЧКА, Мікалай НАВУМЧЫК,
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА,
Кацярына МАЦЕВІЧ, Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтараў і Алега ІГНАТОВІЧА