Ніна Пазнякова: «Я родам з настаўніцкай сям’і, таму прафесію выбірала сэр­цам»

- 9:39Планерка

Начальнік аддзела па адукацыі Крычаўскага райвыканкама Ніна Пазнякова першыя крокі ў прафесіі рабіла ў якасці настаўніка. Была намеснікам і дырэктарам школы, загадчыцай дзіцячага сада, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Ніна Аляксандраўна, на пасадзе вы ўсяго год. Ці ўдалося выбуда­ваць эфектыўную ма­дэль кіравання?

— Адукацыя Крычаўшчыны — гэта 25 навучальных устаноў, больш за 600 педагагічных работнікаў, звыш 4,5 тысячы навучэнцаў, уключаючы дашкалят. Вядома, спачатку ў мяне ўзнікалі пэўныя цяжкасці. Дапамагла захопле­насць справай. Педагогіку лічу сваім жыццёвым прызначэннем. Я родам з настаўніцкай сям’і, таму прафесію выбірала сэр­цам. А хуткаму наладжванню плённай працы паспрыяла веданне знутры ўсіх нюансаў функцыянавання розных навучальных устаноў.

Усе педагагічныя калектывы працуюць зладжана і вынікова. За апошні год мы шмат зрабілі для ўмацавання матэрыяльнай базы навучальных устаноў. Правялі шэраг рамонтаў, паставілі новае тэхналагічнае абсталяванне, абнавілі вучэбныя кабінеты, закупілі аўтобусы для падвозу навучэнцаў. У арганізацыі адукацыйнага пра­цэсу шырока выкарыстоўваем перадавыя сучасныя тэхналогіі, каб навучанне было якасным і яго ўзровень адпавядаў патрабаванням часу. У цэнтры ўсёй работы застаецца асоба дзіцяці. Імкнёмся да таго, каб нашы ўстановы былі тэрыторыяй роўных магчымасцей, прасторай для рэалізацыі здольнасцей кожнага вучня.

— На што робіце ўпор у выхаваўчай рабоце?

— Стараемся выхоў­ваць навучэнцаў добрымі, сумленнымі людзьмі, годнымі грама­дзянамі сваёй краіны. У кожнай установе выпрацавана свая формула выхаваўчай работы. Акцэнт робім на духоўнасці, прывіцці правільных каштоўнасцей і патрыятычных пачуццяў. Расказ­ваем дзецям, што іх родны край мае старажытную гісторыю, славіцца прыродай і архітэктурнымі шэдэўрамі, дасягненнямі і подзвігамі сваіх ураджэнцаў. У гэтым навучальным годзе ў нас распрацаваны цікавыя экскурсійныя маршруты па раёне. Дзеці наведваюць не толькі памятныя мясціны, але і школьныя музеі, дзе сабрана ўнікальная інфармацыя і экспанаты. Там для іх праводзяцца інтэрактывы: навучэнцы знаёмяцца з мясцовымі звычаямі і традыцыямі, пранікаюцца гераізмам землякоў, якія праявілі вы­ключную мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. Уся гэтая работа ў комплексе фарміруе ў вучняў любоў да малой радзімы, заклад­ваючы галоўны парастак патрыятызму.

На крычаўскай зямлі нямала педагогаў, якія прысвяцілі працы ўсё жыццё. Яны арыенцір для тых, хто працуе ў сферы адукацыі раёна сёння. На жнівеньскай канферэнцыі мы зладзілі спецыяльную выставу, наглядна прадэманстравалі біяграфіі і лёс заслужаных настаўнікаў. Цяпер плануем адкрыць тэматычны музейны пакой, дзе адукацыя Крычаўшчыны ў асобах будзе паказана ўжо больш маштабна.

— Прайшла большая частка навучальнага года. Дзе змаглі праявіць сябе крычаўскія навучэнцы?

— Мы ўзмацнілі свае пазіцыі ў алімпіядным руху. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы навучэнцы сёлета заваявалі 13 пераможных дыпломаў і 3 за­ахвочвальныя водгукі. Летась двое юнакоў і дзяўчат сталі пераможцамі заключнага этапу алімпіяды. У бягучым годзе спадзяёмся прымно­жыць гэты вынік. Нао­гул школьнікі раёна дапытлівыя, ініцыятыўныя, маюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Яны штогод праяўляюць сябе ў даследчай дзейнасці, творчасці, спорце. Зараз сем вучняў — прадстаўнікоў сярэдніх школ №№ 1, 7, 8 Крычава ўключаны ў банк даных адоранай моладзі Беларусі і ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта.

—  За любымі дасягненнямі вучняў заўсёды ста­іць асоба настаўніка…

— Так. І хачу сказаць, што нашы педагогі — гэта сапраўды высокакваліфікава­ныя прафесіяналы, усёй душой адданыя дзецям. Настаўнікі пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку, імкнуцца да ўдасканалення свайго майстэрства. Падтрымкай у гэтым ім служыць раённы вучэбна-метадычны кабінет. Вялікую ўвагу ўдзяляем правя­дзенню метадычных мера­прыемстваў, распаўсюджванню перадавога вопыту, арганізацыі эксперыментальнай і інавацыйнай дзей­насці. Як вынік — звыш 80% педагагічных работнікаў маюць вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. Настаўнікі рэгулярна становяцца пераможцамі прэстыжных прафесійных конкурсаў і ўвогуле ніколі не стаяць на месцы: рэалізаваўшы адну ініцыятыву, бяруцца за ажыццяўленне новай. Інакш немагчыма, бо ва ўсіх нас ёсць своеасаблівы прыклад для пераймання.

— Што ў планах на найбліжэйшую перспектыву?

— Усе планы так ці інакш накіраваны на павышэнне якасці і даступнасці адукацыі. Задач таксама стаіць шмат, і кожная — галоўная, бо дробязей у нашай справе не бывае. Педагагічная грамадскасць раёна дакладна разумее, як і куды неабходна рухацца далей, туды агульнымі намаганнямі і накіроўваемся.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара