Па-філасофску проста: як захапіць вучняў чытаннем, расказвае Наталля Амётава

- 9:00Главная, Школьный библиотекарь

Над канцэпцыяй бібліятэкі і тым, як зрабіць яе карыснай для навучэнцаў, загадчыца бібліятэкі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Наталля Амётава думала доўга. Вывучэнне вопыту калег, знаёмства з іх падыходамі ў рабоце падказалі: прыцягнуць дзяцей да чытання можна нестандартным, творчым спосабам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Усё па мумі-трольнаму…

У Наталлі Уладзіміраўны ён звязаны з казкамі і выяўленчым мастацтвам. Як вынік — сёння ў Астрашыцка-Гарадоцкай школе, у бібліятэцы, ёсць свае брэнды, пра якія ведаюць не толькі на Міншчыне: бібліятэка “Мумі-дол” і блог “Гарадок імя Чэхава”.

— Дзейнасць нашай бібліятэкі падзелена на дзве часткі, — расказвае Наталля Амётава. — У Мумі-доле абслугоўваем чытачоў, прымяняючы біблія- і казкатэрапію, а ў чытальнай зале праходзяць важныя мерапрыемствы, право­дзяцца ўрокі. Мультыборд, які тут знаходзіцца, дапамагае ў арганізацыі сеткавых акцый і праектаў.

Але так было не заўсёды. За час сваёй работы — а гэта 30 гадоў — Наталля Амётава некалькі разоў пераязджала з кнігамі ў іншыя памяшканні, рабіла рамонт і пагружалася ў прывычную атмасферу са стэлажамі, якія стаялі ў стандартным парадку і, зразумела, з кнігамі. Пяць гадоў назад усё змянілася.

— Размаўляючы з дырэктарам школы, мы прыйшлі да рашэння, што нам трэба неадкладна ўсё змяніць, — працягвае Наталля Уладзіміраўна. — Каб перайначыць падыходы, стаўленне навучэнцаў да бібліятэкі, яна павінна змяніцца сама.

Першым крокам стала работа над кніжным фондам. Наталля Амётава трапна зазначыла: школьная бібліятэка не павінна выконваць функцыю кнігасховішча, яе фонд павінен быць рухомым і адпавядаць запытам сучасных дзяцей.

—  На фоне зніжэння цікавасці да чытання задача бібліятэкі — прыцягнуць увагу школьнікаў любымі спосабамі, — падкрэслівае кніжная гаспадыня. — Я гэта раб­лю шматлікімі метадамі: выкарыс­тоўваю электронныя кнігі, інтэрнэт, сеткавыя акцыі і праекты, фатаграфіі. Але разам з гэтым не забываю пра тое, якую каштоў­насць мае звычайная кніга. Я ведаю, што гавару, бо філолаг па адукацыі і некалькі гадоў выкладала рускую мову і літаратуру, бачыла, як мала дзеці чытаюць. З упэўненасцю магу сказаць, што вынік у чытанні стане больш значным, калі бібліятэкар пачне працаваць у тандэме з настаўнікам-філолагам, які таксама будзе зацікаўлены ў тым, каб вучні чыталі. Пасля таго як пачысцілі кніжны фонд, мы расставілі стэлажы ў выгля­дзе зоркі. Гэта не зусім стандартная расстаноўка, тым больш для маленькай бібліятэкі.

Яшчэ больш незвычайна тое, што галоўнымі героямі бібліятэкі і яе захавальнікамі сталі мумі-тролі — героі кніг знакамітай фінскай пісьменніцы Тувэ Янсан. Чаму менавіта яны пасяліліся тут? Тыя, хто знаёмы з гэтымі героямі, ведаюць, наколькі яны мудрыя і разумныя, якія тонкія філосафы. Такімі дзяцей могуць выхаваць толькі правільныя кнігі.

— Калі распрацавала канцэпцыю, падзялілася ёй з кіраўніком нашай установы, — прыгадвае школьны бібліятэкар. — Затым раздрукавала карцінкі з нашымі галоўнымі героямі і перанесла іх на сцены.

У стварэнні мумі-сям’і Наталлі Амётавай дапамагала настаўніца пачатковых класаў Таццяна Эдвінаўна Сарока. Перш чым узяць у рукі пэндзаль і фарбы, педагог прачытала ўсе казкі, прысвечаныя незвычайным персанажам.

— Галоўны мумі-троль сустракае гасцей першым — ён намаляваны на ўваходзе ў бібліятэку, — знаёміць са сваёй прасторай яе гаспадыня. — У школу часта прыходзяць важныя госці, якім заўсёды прэзентуецца наша кніжнае памяшканне. Многія называюць мумі-троляў маленькімі бегемоцікамі, а вучні, чуючы гэта, падказваюць, як насамрэч завуць герояў. Прыемна і тое, што ўжо ў 2 класе, прачытаўшы кнігі пра мумі-троляў, дзеці нагадваюць, што ў нас на ўваходзе намаляваны блакітны мумі-троль, а ў казках яны бываюць толькі белымі. Чуючы гэтую заўвагу, радуюся, бо мне ўдалося прыцягнуць увагу дзяцей да серыі адпаведных кніг. Казкі аб мумі-тролях — пра дабро і сям’ю, пра любоў і ўзаемаадносіны. Таму мумі-тролі выдатна ўпісаліся ў такі кірунак выхаваўчай работы, як узаемадзеянне з сям’ёй. А яшчэ гэтыя казкі падыдуць для сямейнага чытання, бо натхняюць на разважанні па розных тэмах.

Калі бібліятэку засялілі мумі-тролі, Наталля Амётава прапанавала яшчэ адну ідэю — ства­рыць у Мумі-доле сенсорную зону. Яе з’яўленне падштурхнула да адкрыцця малышковай прасторы — месца, у якім навучэнцы малодшых класаў могуць па­быць у адзіноце, адпачыць і пачытаць кнігу.

— Ёсць трывожныя дзеці, якім абавязкова патрэбна па­быць адным, — заўважае Наталля Уладзіміраўна. — Каб прывесці эмоцыі ў парадак, яны гуляюць з сенсорным пяском. Так здымаецца напружанне, яны расслабляюцца. Ёсць навучэнцы, якія прыходзяць і не саромеюцца сказаць, што ім хочацца пагуляць з пяском, а ёсць тыя, хто баіцца прызнацца ў гэтым. Такіх дзяцей я адразу заўважаю: яны ходзяць, разглядаюць прастору бібліятэкі. А яшчэ нашы школьнікі любяць чытаць. Любімым месцам для гэтага стала канапа, якая знаходзіцца недалёка ад сенсорнага стала. Гледзячы на тое, як вучні праводзяць час у бібліятэцы, разумею, што нам удалося вырашыць галоўную задачу — вярнуць маленькіх чытачоў да сябе.

А што можна сказаць пра старшакласнікаў? Па прызнанні Н.Амё­тавай, вучні 8—11 класаў — нячастыя госці ў бібліятэцы. Наталля Уладзіміраўна звязвае гэта з невялікай колькасцю сучасных кніг, а таксама з вучэбнай нагрузкай: вучоба для большасці дзяцей старэйшага ўзросту ў прыярытэце, на дадатковае чытанне часу не застаецца.

— Я сачу за навінкамі кніг, некаторыя мы закупляем, але такой літаратуры ўсё роўна мала, — прызнаецца загадчыца бібліятэкі. — Тым не менш будзем і далей шукаць дзейсныя спосабы ўзаемадзеяння са сваімі чытачамі.

…І па-чэхаўску

Папулярызацыя кнігі і чытання, выкарыстанне інтэрактыўных форм і метадаў работы, распаўсюджванне матэрыялаў па краязнаўстве і гісторыі Астрашыцкага Гарадка патрабавалі дакладнага структуравання і прымя­нення.

— Я ведала, для каго гэта ўсё раблю, але не хапала месца, дзе ўсё можна было б размясціць, — знаёміць з яшчэ адным кірункам сваёй работы захоплены бібліятэкар. — Рашэнне з’явілася выпадкова: мне захацелася стварыць прастору, якая будзе карыснай усім маім калегам Мінскай вобласці, а таксама педагогам.

Так у школе з’явіўся “Гарадок імя Чэхава” — прафесійны блог, якому сёлета споўніцца 10 гадоў. Чым не нагода для гордасці для вясковай школы?

— Пры стварэнні блога былі вызначаны асноўныя задачы, сярод якіх у тым ліку асвятленне дзейнасці школьнай бібліятэкі, яе рэсурсаў і паслуг у кантэксце развіцця адукацыйнага асяроддзя школы, інфармацыйная падтрымка і прасоўванне матэрыялаў краязнаўчай тэматыкі, звязаных з гісторыяй Мінскага раёна, у тым ліку непасрэдна Астрашыцкага Гарадка.

“Гарадок імя Чэхава” ўжо выйшаў за межы ўнутрышкольнай бібліятэчнай дзейнасці і з’яўляецца інтэрнэт-пляцоўкай для рэалізацыі абласных і рэспубліканскіх праектаў.

Наталля Амётава падлічыла: за апошнія гады рэалізавана больш як 30 сеткавых інтэрнэт-праектаў і акцый, а іх удзель­нікі — гэта больш як 6000 чалавек: бібліятэкары, педагогі, навучэнцы і бацькі.

— Сярод іх ёсць і прадстаўнікі Расіі, — дадае аўтар блога. — Удзел у такіх праектах дае магчымасць набыць вопыт у стварэнні сеткавых праектных і даследчых работ, развівае навыкі міжасобасных зносін, вучыць медыяадукаванасці.

Ідэі бібліятэкі Астрашыцка-Гарадоцкай школы, сярод якіх акцыі “Гісторыя Вялікай Перамогі ў лёсе маёй сям’і. Без тэрміну даўнасці…”, “Лета на 10+, альбо Сонца. Кніга. Сям’я. Сто фантазій”, “Чытаем самі”, “Чытаем з намі!”, сталі брэндавымі для краіны. Акрамя таго, гэтыя распрацоўкі ўключаны ў інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі ў якасці рэкамендуемых да правядзення ў бібліятэках устаноў адукацыі краіны, што можна лічыць выдатнай інфармацыйна-метадычнай падтрымкай.

— Акцыя “Гісторыя Вялікай Перамогі ў лёсе маёй сям’і. Без тэрміну даўнасці…” была прымеркавана да Дня Перамогі і прайшла ў межах рэалізацыі плана мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 80-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — знаёміць з важнымі акцыямі Наталля Уладзіміраўна. — Праводзячы яе, спрыялі захаванню гістарычнай памяці, умацаванню сувязей паміж пакаленнямі, выяўленню і развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў з дапамогай ІТ-тэхналогій.

У межах рэалізацыі XII педагагічнага марафону кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Мінскай вобласці “Педагог — прафесія мірная і стваральная” была рэалізавана яшчэ адна праектная сеткавая работа — акцыя “Твая прафесійная будучыня: метадычная скарбонка карысных матэрыялаў па прафарыентацыі моладзі”. Яна накіравана на павышэнне эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з дапамогай выкарыстання сучасных інтэрнэт-тэхналогій. Па выніках акцыі створаны інфармацыйны рэсурс “Метадычная скарбонка карысных матэрыялаў па прафесійнай арыентацыі ва ўстановах адукацыі”.

— “Гарадок імя Чэхава” ствараўся для таго, каб прыносіць карысць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу, — заключае Наталля Амётава. — На новы навучальны год у нас ужо ёсць новыя ідэі, якія, спадзяюся, будуць яшчэ больш спрыяць прыцягненню дзяцей у бібліятэку і папулярызацыі кнігі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА