Пасля стыхіі. У дзіцячым садзе № 1 Ельска «Сонейка» заклалі алею дрэў, адкрылі гадавальнік раслін

- 9:00Главная, На пользу дела, Новости

Як толькі адчыняеш брамку дзіцячага сада № 1 Ельска “Сонейка”, трапляеш у свет добраўпарадкавання, азелянення і творчых ідэй. Дашкольная ўстанова — другі дом для выхаванцаў і супрацоўнікаў. І свой дом яны зрабілі ўтульным і непадобным на іншыя. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З фокусам на крэатыў

Сустрэча з кіраўніцтвам, педагогамі і юнымі ляснічымі дзіцячага сада № 1 пакінула самыя яскравыя ўражанні. Тут экалагічнае выхаванне — гэта не проста словы, а бесперапынная справа, якая пранізвае кожны куток тэрыторыі. Дарослыя ўкладваюць душу ў творчае афармленне прасторы, дзе дзеці не толькі гуляюць, але і вучацца беражліва адносіцца да прыроды. Яны актыўна ўдзельнічаюць у экалагічных праектах і спазнаюць навакольны свет праз захапляльныя практычныя заняткі.

— Дзяцей трэба пастаянна здзіў­ляць нечым новым, і менавіта гэта мы ра­зам з калектывам аднадумцаў з поспехам робім, — падкрэслівае загадчыца Аксана Купрыенка.

Сёння тэрыторыя радуе вока разнастайнасцю форм, спалучэннем кветак, ствараючы добры настрой. Кіраўнік прапануе азнаёміцца з новымі лакацыямі, якія тут з’явіліся ў Год добраўпарадкавання і дадалі яшчэ больш прывабнасці гэтаму месцу.

Па словах Аксаны Анатольеўны, асаб­лівай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца іміджавая гульнявая пляцоўка МНС. На тэрыторыі сада ўсталяваны фантан, які працуе на сонечнай батарэі і дорыць прахалоду і ра­дасць у спякотныя дні. А па малюнках выхаванцаў створаны яркі мурал, які адлюстроўвае дзіцячае бачанне роднага мікра­раёна.

— Хлопчыкі і дзяўчынкі намалявалі наш мікрараён такім, якім хо­чуць яго бачыць. Разам з педагогамі, разглядаючы іх работы, зразумелі: можам ажыццявіць дзіцячыя мары, — дзеліцца загадчыца. — Калі дзеці выхо­дзяць на вуліцу, то імкнуцца прыйсці сюды, размясціцца на ўтульных лаўках і пагартаць кніжку.

У афармленні ўсёй тэрыторыі дзіцячага сада гарадскі стыль па-майстэрску пераплятаецца з сельскім, ствараючы непаўторную атмасферу. Тут і разнастайныя малыя архітэктурныя формы, і камфортныя месцы адпачынку, і бясконцая разнастай­насць яркіх кветак. Таксама сёлета абнавіўся сельскі куток, які ў тым ліку знаёміць самых маленькіх наведвальнікаў з традыцыямі жніва. А яшчэ на тэрыторыі прыцягвае ўвагу дэкаратыўны калодзеж, новыя бар­дзюры, якія з’явіліся дзякуючы экаініцыятывам.

Няхай расце дубок — расце і любоў да прыроды

Маляўнічы куток у цені дуба з лаўкай, за ім драўляны масток праз сухі ручай — усё гэта до­рыць пачуццё прымірэння і спакою. Гэтыя лакацыі сталі сапраўды любімым месцам адпачынку і прагулак як для выхаванцаў, так і для выхавальнікаў. Крыху далей знаходзіцца куток лесу, дзе размясцілася і экалагічная сцежка. Вядома, цікавей за дарослых па тэме лясніц­тва могуць раска­заць толькі самі ўдзель­нікі дашкольнага лясніцтва. Дзеці да абеду пагулялі з мячом і ў іншыя рухавыя гульні, а зараз сур’ёзна настроены правесці экскурсію і ра­зам паса­дзіць маленькі дубок.

Усе як адзін апрануты ў белыя кашулі, а яшчэ хлопчыкі — у цёмна-зялёныя штаны, дзяўчынкі — у спадніцы. Вобраз будучых спецыялістаў лясной галіны дапаўняюць пілоткі. Пяцігадовыя маленькія чамучкі па чарзе знаё­мяць з кожным аб’ектам, які сустракаецца на шляху, прычым дашкаляты здзівілі не толькі ведамі, але і шчырым энтузіязмам. Разам мы паглядзелі на лес, паслухалі птушак, даведаліся пра карысныя ўласцівасці лясных ягад, паназіралі за тым, як выраслі расліны ў аптэцы лекавых траў. Адным словам, адчулі поўны рэлакс.

У мінулым годзе Гомельшчыну напаткала стыхія: моцны ўраганны вецер паваліў дрэвы, пашкодзіў дахі і аўтамабілі, выклікаў адключэнне электрычнасці. Гэты магутны парыў ветру нанёс значную шкоду лясному масіву, таму ў садзе было вырашана адкрыць гадавальнік, прымеркаваўшы яго і да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчын­най вайне.

— Асноўная задача праекта — наву­чыць дзяцей ведаць і разумець прыроду роднага краю, захапляцца яе прыгажосцю, несці адказнасць за яе стан, а таксама разбірацца ў экалагічных праблемах і спосабах іх вырашэння, — акцэнтуе ўвагу Аксана Анатольеўна.

Пасля гэтых слоў мы разам з дзецьмі з усёй адказнасцю і добрымі думкамі прыняліся саджаць малады дуб. Зямля была вільготнай пасля нядаўняга дажджу, і хлопчыкі дзвюма рукамі ўзяліся за лапаткі, каб дапамагчы і акуратна разраўняць глебу вакол дрэўца. Гэта быў не проста рытуал — сімвал надзеі на аднаўленне лясоў. Дзеці з гордасцю назіралі, як іх дубок упішацца ў агульную карціну дзіцячага сада, і абяцалі клапаціцца пра яго ў будучыні.

Дашкольнае лясніцтва “ЛЕ + С = ОК” мінулым летам з’явілася ў дзіцячым садзе № 1 Ельска. Пры падтрымцы Ельскага лясгаса і разам з выхавальнікамі дашкалят прывучаюць берагчы лес — зялёнае багацце нашай краіны. За гэты час у дашкольнай установе заклалі алею, адкрылі гадавальнік раслін  да Дня Перамогі, высадзіўшы туі і ядловец, карлікавую сасну, гартэнзіі, самшыт. Таксама юныя ляснічыя прынялі ўдзел у адкрыцці мурала “Мы служым лесу, каб лес служыў людзям”.

Малышы з задавальненнем дагляда­юць расліны і ўдзельнічаюць у пасадцы бэзу — аднаго з сімвалаў Перамогі. Экалагічныя ініцыятывы актыўна падтрымліваюць спецыялісты Ельскага лясгаса, дапамагаючы педагогам фарміраваць у дзяцей любоў да прыроды і адказнасць за навакольнае асяроддзе. Дзіцячы сад — гэта не толькі месца для гульняў і адпачынку, але і цэнтр экалагічнага, патрыятычнага і творчага развіцця. Тут акцэнт робіцца на праектах і ініцыятывах, якія дапамагаюць выхоўваць новае пакаленне, якое будзе берагчы і любіць родны край.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара