Народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Ярыца” больш за тры дзясяткі гадоў аб’ядноўвае студэнтаўмузыкантаў і вакалістаў-аматараў — адданых прыхільнікаў самабытнага фальклору. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Ярыца” была створана ў 1990 годзе на музычна-педагагічным факультэце БДПУ Віктарам Раманцовым, Ірынай Сінкевіч, Вадзімам і Людмілай Матанцавымі. Затым калектывам кіраваў заслужаны дзеяч культуры Мікалай Сірата. Яго змяніў Аляксандр Макаўчык, а пасля на пасаду кіраўніка прыйшоў Сяргей Малібожка. Апошнія 12 гадоў калектыў развіваецца пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Аляксандра Шугаева, а дапамагае яму хормайстар Ларыса Красна, якая працуе ў “Ярыцы” ўжо 25 гадоў.
Прысвоенае ансамблю ў 2001 годзе званне народнага музыканты і вакалісты паспяхова пацвярджаюць кожныя тры гады. Калі спачатку ў склад калектыву ўваходзілі выключна студэнты-музыканты, то ў 2009 годзе, калі з’явіўся факультэт эстэтычнай адукацыі (пасля аб’яднання факультэта народнай культуры з музычна-педагагічным), ансамбль стаў прырастаць студэнтамі іншых факультэтаў. Сёння юныя музыканты — касцяк калектыву. Аднак тут займаюцца і будучыя гісторыкі, і педагогі-дэфектолагі. Сярод іх, напрыклад, Паліна Жук, уладальніца цудоўнага народнага сапрана, якая на хаду схоплівае мелодыі без усялякай музычнай адукацыі, а таксама першакурсніца Хрысціна Таўстова, якая навучылася добра іграць на беларускай дудцы, жалейцы і дудзе.
— Увосень мы праводзім адбор з ліку творчых першакурснікаў, якія захапляюцца музыкай, вакалам, танцамі, — расказвае Аляксандр Шугаеў пра папаўненне калектыву. — Пажадана, каб прэтэндэнты валодалі нотнай граматай, бо мы выконваем шматгалоссе, але галоўнае, каб моладзь любіла народную творчасць. Часцей за ўсё прыходзяць тыя, хто ў школьныя гады паспеў азнаёміцца з беларускім фальклорам.
Сёння ў складзе музычнага аб’яднання двадцаць чалавек — вакальная і інструментальная групы. Народныя песні гучаць пад акампанемент баяна, цымбалаў, ляскотак, дудкі, вясельнага барабана, кантрабаса, скрыпкі. Усяго ў рэпертуары музыкантаў 50—60 песень на беларускай мове. Акрамя нашых народных песень, ёсць некалькі нацыянальных кампазіцый краін-суседак. Сваю творчасць “Ярыца” дэманструе на вялікіх і малых пляцоўках. Творчасць ансамбля неаднойчы высока ацэньвала журы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Адказваючы на пытанне, як праходзяць рэпетыцыі, Аляксандр Міхайлавіч адзначае:
— Як правіла, да абеду студэнты вучацца, таму на рэпетыцыі мы збіраемся па вечарах, тройчы на тыдзень. Спачатку Ларыса Мікалаеўна бярэ дзяўчынак на распяванне, дзе яны выконваюць розныя вакальныя практыкаванні. Я з інструментальнай групай развучваю партыі, сярод якіх сустракаецца даволі складаны, аб’ёмны матэрыял. Акрамя фальклорных спеваў, мы эксперыментуем і робім сучасныя апрацоўкі, надаючы народнай музыцы сучасны эстрадны глянец. Сярод такіх музычных твораў кампазіцыі “Салавейка”, “Як па лесе я гуляла”, “Ой, мілы мой” і інш.
Праводзячы па дзве-тры гадзіны на рэпетыцыях, юнакі і дзяўчаты атрымліваюць асалоду ад атмасферы творчасці і сяброўства ў згуртаваным калектыве.
Выступаючы на многіх пляцоўках, у тым ліку на фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне або на Славянскім базары ў Віцебску, удзельнікі калектыву радуюцца, што прыгажосць і меладычнасць народнай песні можа ацаніць мноства людзей.
Некаторыя з хлопцаў і дзяўчат яшчэ пры паступленні ва ўніверсітэт ведалі, што будуць займацца ў ансамблі. Так, студэнтка 2 курса факультэта эстэтычнай адукацыі Нікаліна Кот падчас навучання ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў” вырашыла, што будзе спрабаваць уступіць у гэты калектыў:
— Усе шансы ў мяне былі, бо я скончыла музычную школу па народным класе. На ўступных экзаменах вельмі старалася і агучыла сваё жаданне трапіць у “Ярыцу” Аляксандру Міхайлавічу, які прысутнічаў на іспытах. Была вельмі рада, калі мне патэлефанавалі і паведамілі, што я прынята.
Лёс Маргарыты Турлюк, студэнткі 4 курса і па сумяшчальніцтве дачкі педагога па вакале ансамбля, быў, мабыць, прадвызначаны. І гэтаму юная цымбалістка, якая скончыла Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І.Глінкі, была толькі рада:
— Калі паступала на эстэтычны факультэт, дзе мы асвойваем ігру на музычным інструменце, вакал, дырыжыраванне, харэаграфію, ужо ведала, што буду займацца ў “Ярыцы”. Я атрымліваю музычную адукацыю і тут жа прымяняю свае веды на практыцы. Зараз я ўжо на фінішнай прамой навучання і зусім хутка пачну выкладаць музыку ў роднай мінскай сярэдняй школе № 53.
Ураджэнец Навагрудка Ілья Кармызаў, студэнт 2 курса, з задавальненнем наведвае рэпетыцыі ансамбля, а таксама ўрокі свайго педагога па класе баяна Аляксандра Шугаева.
— Калі я вучыўся на 3 курсе ў Лідскім музычным каледжы па спецыяльнасці “Інструментальнае выканальніцтва (баян, акардэон)”, ад свайго педагога Ларысы Уладзіміраўны Руты даведаўся пра магчымасці навучання ў БДПУ і ўдзелу ў гэтым ансамблі. У “Ярыцы” я іграю на 6 інструментах, у тым ліку на баяне, скрыпічным кантрабасе і вясельным барабане. Удзел у калектыве — гэта пастаянны музычны рост, глыбокае веданне фальклору. Пры гэтым я развіваюся і ў іншых музычных кірунках, напрыклад, спяваю джаз.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара