Павел Тарчынскі — аб выніках сістэмы адукацыі Шчучынскага раёна за мінулы каляндарны год

- 13:25Планерка

З якімі вынікамі сістэма адукацыі Шчучынскага раёна завяршыла мінулы каляндарны год, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі.

— Павел Віктаравіч, на чым асабліва вам хочацца засяродзіць увагу, падводзячы вынікі 2025 года?

— Сучасная адукацыя мяняецца, каб адпавядаць часу і патрэбам кожнага дзіцяці. Сёння важная не толькі праграма навучання, але і само адукацыйнае асяроддзе, у якім фарміруюцца каштоўнасці, раскрываюцца здольнасці і развіваецца матывацыя да навучання. Гэта патрабуе новых падыходаў, увагі да школьнай культуры, гуманізацыі адукацыйнага працэсу.

У рамках дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” прыярытэтамі для нас застаюцца мадэрнізацыя ўстаноў, укараненне лічбавых тэхналогій (уключаючы тэхналогіі штучнага інтэлекту), павышэнне якасці прафарыентацыі і падрыхтоўка педагагічных кадраў.

— Аблічча, устойлівасць і развіццё сістэмы адукацыі раёна вызначаюць педагагічныя кадры. Як працуеце з маладымі спецыялістамі?

— Мэтанакіраваная работа ў мінулым годзе са­дзейнічала замацаванню 75% маладых спе­цыялістаў. Пачынаючым педагогам назначаюцца ўсе ўстаноўленыя выплаты згодна з калектыўнымі дагаворамі ўста­ноў адукацыі, дадатковы заахвоч­вальны водпуск, частковая кампенсацыя наёмнага і арэнднага жылля. Маладыя педагогі далучаюцца да метадычных мерапрыемстваў, фестываляў, конкурсаў прафесійнага майстэрства. Малады спецыяліст настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Шчучына імя В.Я.Пярвушына Лізавета Сяргееўна Нядвецкая занесена ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, удастоена абласной прэміі “Паспяховы старт”. Пяць маладых спецыялістаў занесены ў раённую Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Шчучынскага раёна.

Мы ганарымся камандай маладых педагогаў раёна, якая ўвайшла ў чацвёрку лепшых каманд Гродзенскай вобласці на XIV Міжнародным фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”.

— Вы сказалі, што ў Шчучынскім раёне ствараецца адукацыйнае асяроддзе, у якім кожнае дзіця атрымлівае магчымасць раскрыць свае здольнасці і свядома выб­раць прафесійны шлях.

Так. Сфарміраванае адукацыйнае асяроддзе стала прасторай магчымасцей, дзе ініцыятывы, рэсурсы і педагагічныя практыкі аб’ядноўваюцца для дасягнення канкрэтных вынікаў. Ва ўстановах раёна рэалізоўваліся чатыры інавацыйныя праекты. Установы-наватары — гэта сярэдняя школа № 1 Шчучына, сярэдняя школа № 2 Шчучына імя В.Я.Пярвушына, Ражанкаўская сярэдняя школа імя Г.К.Хрыптовіча і гімназія Шчучына. Дарэчы, у красавіку мінулага года на базе сярэдняй школы № 1 пачаў работу інжынерна-тэхнічны цэнтр, які стаў новай пляцоўкай для развіцця тэхнічных здольнасцей навучэнцаў і ранняй прафесійнай арыентацыі.

Крыху больш як год у раёне паспяхова рэалізуецца праект “Прафарыентацыйны компас Шчучыншчыны”, накіраваны на развіццё сістэмы прафарыентацыі вучняў, пачынаючы з дашкольнага ўзросту. Заключаны дагаворы з шасцю прадпрыемствамі рэгіёна, арганізаваны практычныя заняткі на вытворчых пляцоўках. Рэалізоўваюцца сумесныя мерапрыемствы з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй, Беларускім аграрным тэхнічным універсітэтам. Распрацаваны сумесныя планы работы па працоўным выхаванні з прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу на 2025/2026 навучальны год. У рамках супрацоўніцтва праводзім акцыю “Дзень з прадпрыемствам”, ладзім кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, экскурсіі, сустрэчы з прафесіяналамі. У структуры прафесійнай падрыхтоўкі — дзве ваенна-патрыятычныя, а таксама па сем аграрных, педагагічных і інжынерных груп.

Стабільнай застаецца цікавасць да педагагічных груп, а запыт на інжынерныя напрамкі вырас амаль удвая. Гэта адлюстроўвае рэальныя тэндэнцыі і інтарэсы мола­дзі. Адзначу, што навучэнцы педагагічных груп гімназіі Шчучына і Васілішкаўс­кай сярэдняй школы бралі ўдзел у анлайн-квесце “Педагог на 10!”. У выніку навучэнка Васілішкаўскай сярэдняй школы Настасся Мыслівец увайшла ў дзясятку пераможцаў і была запрошана ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на фінальнае мерапрыемства, якое праходзіла ў рамках дэкады студэнцкай навукі.

Праведзеная работа па развіцці прафарыентацыйнага напрамку прынесла адчувальныя вынікі: заключана 50 дагавораў аб мэтавай пад­рыхтоўцы з арганізацыямі і прадпрыемствамі Шчучынскага раёна, што на тры больш у параўнанні з папярэднім перыядам.

— А што наконт выхаваўчага асяроддзя ва ўстановах адукацыі раёна?

— Навучэнцы актыўна ўдзель­нічаюць у мерапрыемствах, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне любові да Айчыны. Падкрэс­лю, што выдатна арганізаваная пошукавая работа калектываў сярэдніх школ № 2 і № 3, Ражанкаўскай сярэдняй школы дазволіла названым установам адукацыі пры­своіць імёны вядомых людзей: удзель­ніка Вялікай Айчыннай вайны, які вызваляў Шчучын, Васіля Якаўлевіча Пярвушына, Героя Сацыялістычнай Працы Вацлава Адольфавіча Рудага, воіна-інтэрнацыяналіста Генрыха Каліставіча Хрыптовіча.

Школа імя героя — асаблівае асяроддзе, якое дае вучню падставы ганарыцца сваімі вынікамі і працаваць
па-асабліваму.

Адукацыйнае асяроддзе Шчучынскага раёна — гэта не толькі паспяховая рэалізацыя праектаў і ініцыятыў, але і цэласная сістэма, у якой кожнае дзіця атрымлівае шанс на ўсвядомлены выбар, развіццё і поспех. Мы — педагогі, баць­кі, супрацоўнікі прадпрыемстваў, установы вышэйшай адукацыі — ствараем гэтае асяроддзе разам, каб гадаваць будучыню, вартую нашых намаганняў і надзей. Мы будуем не проста сістэму адукацыі, а прастору росту, павагі і магчымасцей. Кожнае наша намаганне — гэта інвестыцыя ў будучыню, якая пачынаецца ўжо сёння.

***

У Год добраўпарадкавання ў Шчучынскім раёне завершана другая чарга капітальнага рамонту Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч (Цёткі), ва ўсіх установах абноўлены ўнутраныя памяшканні, адрамантаваны агароджы, прыведзены ў парадак прылеглыя тэрыторыі. На рамонтныя работы было накіравана каля 1 млн рублёў.

Прадоўжана работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы кабінетаў працоўнага навучання. Ва ўстановы адукацыі паступілі 33 камбінаваныя і шэсць сталярных варштатаў, а таксама 28 швейных машын. Закуплены рэмкамплекты і спецыялізаваная мэбля для кабінетаў хіміі, біялогіі і фізікі.

 Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара