Педагог-псіхолаг з Гомеля Дзіяна Светагор: у мяне ёсць магчымасць рабіць дзяцей шчаслівымі

- 14:16Гомельская область, Новости

“Мой шлях у прафесію пачаўся са шчырай цікавасці да псіхалогіі. Яшчэ ў школьныя гады я зразумела, што хачу прысвяціць сябе рабоце з людзьмі”, — расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” Дзіяна Светагор, педагог-­псіхолаг, малады спецыяліст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Медуніца” Гомеля.

— Для мяне прафесія псіхолага — гэта магчымасць уплываць на лёсы дзяцей, дапамагаць ім расці шчаслівымі і ўпэўненымі ў сабе людзьмі. Мая бабуля Валянціна Віктараўна Сітніца была настаўніцай пачатковых класаў. Яна заўсёды гаварыла, што выбар прафесіі — не проста крок у дарослае жыццё, а рашэнне, якое вызначае будучыню, каштоўнасці і сэнс таго, чым ты будзеш займацца кожны дзень. Часта ўспамінаю душэўныя чаяванні з яе былымі вучнямі: ужо дарослыя людзі, з сем’ямі і дзецьмі, нават праз шмат гадоў знаходзілі час, каб завітаць да сваёй першай настаўніцы. З якой цеплынёй яны ўспаміналі яе ўклад у іх будучыню!

Бабуля дзялілася са мной мудрасцю: “Педагог — гэта не толькі той, хто вучыць чытаць і пісаць. Сапраўдны педагог — гэта апора, падтрымка, чалавек, які можа дапамагчы паверыць у сябе і зрабіць першыя крокі ў жыцці”. Так я ўпершыню задумалася аб прафесійным прызванні.

Каб ажыццявіць мару, Дзіяне Светагор давялося пераехаць з роднага Мазыра ў Гомель. Новы горад, новыя людзі, студэнцкае жыццё… Але дзяўчына была поўная энтузіязму і жадання ву­чыцца.

— Навучанне ва ўніверсітэце ішло лёгка і за­хапляльна, — прыгадвае Дзіяна Светагор. — Я займалася тым, што сапраўды любіла: удзельнічала ў студэнцкіх канферэнцыях, выступала з дакладамі, рыхтавала публікацыі. Маёй першай сур’ёзнай даследчай тэмай стала “Праблема суіцыдальных паводзін падлеткаў і яе ўзаемасувязь з дзіцяча-бацькоўскімі адносінамі”. Цяжка, балюча. Мне хацелася не проста вывучыць яе тэарэтычныя аспекты, але і знайсці шляхі дапамогі падлеткам, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. За час бакалаўрыяту я падрыхтавала і апуб­лікавала серыю артыкулаў на гэтую тэму. Як вынік — маё навучанне ў Гомельскім дзярж­універсітэце завяршылася атрыманнем чырвонага дыплома. Для мяне гэта стала пацвярджэннем: я на правільным шляху, займаюся сур’ёзнай справай.

У магістратуры інтарэсы Дзіяны накіраваліся ў бок дзіцячай псіхалогіі. Перыяд дашкольнага ўзросту літаральна захапіў яе. З’явілася жаданне працаваць з маленькімі дзецьмі, бачыць іх што­дзённыя поспехі, дапамагаць пераадольваць цяжкасці, развіваць здольнасці і эмацыянальную ўстойлівасць.

— Мне было важна, каб я мела магчымасць выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі ў псіхалогіі, працаваць не толькі са звычайнымі выхаванцамі, але і з дзецьмі з АПФР, — адзначае педагог. — У дашкольным цэнтры “Медуніца” Гомеля сышліся ўсе мае інтарэсы. Першыя месяцы на новым месцы выдаліся асабліва хвалюючымі, але побач былі вопытныя і чулыя калегі. З іх дапамогай я хутка адаптавалася, увайшла ў рытм работы і адчула ўпэўненасць у сваіх сілах.

Неўзабаве ў жыцці маладога спецыяліста Дзіяны Светагор адбылася значная падзея — удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай актуальным пытанням псіхалогіі і педагогікі, дзе яна падзялілася сваім вопытам, назіраннямі і практычнымі рэкамендацыямі. Яе даклад быў уключаны ў зборнік матэрыялаў канферэнцыі і апублікаваны на сайце Гомельскага абласнога ІРА.

— Псіхалогія не стаіць на месцы: з’яўляюцца новыя даследаванні, тэхналогіі, падыходы. Стараюся ўдзельнічаць у трэнінгах, семінарах, майстар-класах, асвойваць сучасныя метады работы з дзецьмі. Усё новае адразу ж прымяняю на практыцы, — расказвае Дзіяна Светагор. — Выка­рыстоўваю метафарычныя асацыятыўныя карты, арт-тэрапію, пясочную і казкатэрапію. Яны дапамагаюць дзіцяці выказаць свае пачуцці, перажыванні, страхі праз вобразы, гульню, творчасць. Напрыклад, складанне ўласных казак дазваляе пераадольваць страхі, знаходзіць выхад з цяжкіх сітуацый, развівае ўяўленне. Пясочная тэрапія дае магчымасць пабудаваць свой маленькі свет і расказаць пра сябе без слоў. Метафарычныя карты дапамагаюць зазірнуць у глыбіню сябе і знайсці адказы на важныя пытанні.

Кожны дзень да педагога-псіхолага прыходзяць розныя дзеці: актыўныя і ціхія, упэўненыя і сарамлівыя, з розным узроўнем развіцця і ўнікальнымі асаблівасцямі. Толькі цярпенне і шчырасць дапамагаюць знайсці падыход да кожнага з іх: крок за крокам малыя раскрываюцца, пачынаюць давяраць, дзеляцца думкамі і пачуццямі.

Асаблівую ўвагу Дзіяна Светагор удзяляе развіццю эмацыянальна-валявой сферы дашкольнікаў. Уменні разумець эмоцыі, кіраваць імі, знаходзіць агульную мову з равеснікамі робяць дзіця ўпэўненым у сабе, дапамагаюць лёгка адаптавацца ў калектыве. Праз гульню, казку, творчасць педагог-псіхолаг вучыць выказваць пачуцці, сябраваць, вырашаць канфлікты і паважаць адно аднаго.

Надзея ЦЕРАХАВА