Педагог са Жлобіна Аліна Байкачова прадставіла ўласны праект і прайшла конкурс на прадастаўленне грантаў Прэзідэнта

- 9:00Главная, Новости

Зусім хутка ў рамках праекта «Патрыятызм — мой лёс» вуліцы Жлобіна ўпрыгожаць тэматычныя экспазіцыі, на фасадах будынкаў з’явяцца новыя муралы ў гонар герояў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Ідэю па стварэнні муралаў прапанавала рэалізаваць педагог-арганізатар Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка» Аліна Байкачова. Раней на фасадзе цэнтра быў адкрыты мурал з выявай генерал-лейтэнанта Леаніда Пятроўскага. У ліпені 1941 г. войскі пад яго камандаваннем здзейснілі контрнаступленне і вызвалілі Жлобін і Рагачоў. Плошча выявы, якая перадае ўсю моц, адвагу героя, састаўляе каля 18 кв. м.

Патрыятычны праект павінен быць працягнуты, — лічыць педагог. — Арт-аб’екты не толькі ўвекавечаць памяць аб героях, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але і дазволяць паказаць, чым ахвяравалі дзеля мірнай Беларусі.

А. Байкачова пакуль не раскрывае ўсіх сакрэтаў, чыя выява з’явіцца на наступным мурале і дзе ён будзе размяшчацца. Пры гэтым адзначае, што тэма патрыятызму яе кранае да глыбіні душы:

— Працую ў сферы адукацыі больш за 10 гадоў. Мой прафесійны шлях педагога-арганізатара пачынаўся ў сярэдняй школе № 27 Гомеля, а зараз звыш 7 гадоў працую ў Жлобінскім гарадскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка», таксама з’яўляюся старшынёй Жлобінскай раённай піянерскай арганізацыі, таму ведаю ўсіх маленькіх акцябрат і юных піянераў, з якімі часта праводзім мерапрыемствы гарадскога і раённага ўзроўню. Можа, менавіта таму асабіста для мяне ў прыярытэце — патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Моладзі, якая шмат часу праводзіць з мабільным тэлефонам у руках, проста неабходна дапамагчы сарыентавацца, выбраць правільны шлях у будучыні.

Даведка

Гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадастаўляюцца ў сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, а таксама маладзёжнай палітыкі. Яны з’яўляюцца стымулюючай выплатай і прадастаўляюцца на конкурснай аснове кіраўнікам і спецыялістам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё адпаведнай галіны і ўдзельнічаюць у навуковых даследаваннях, інавацыйных праектах, што маюць прыярытэтнае значэнне для рэалізацыі найважнейшых напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлены суразмоўніцай