Перадышка? Чакай, кніжка!

- 10:50Авторские колонки, Мнение

У школьнікаў пачынаюцца самыя кароткія канікулы, але, здаецца, гэты іх недахоп здольна кампенсаваць насычаная мерапрыемствамі праграма адпачынку, якую для навучэнцаў пад­рыхтавалі педагогі і не толькі. Так бы мовіць, не колькасць, а якасць.

Святлана НІКІФАРАВА

Пачынаючы з сённяшняга вечара на вуліцах можна будзе часцей ба­чыць шумныя чародкі дзяцей у яркіх камізэльках, якія спяшаюцца са сваімі класнымі кіраўнікамі ў музеі, кіно, на выставы. Мяне заўсёды гэтая карціна радуе. А на наступным тыдні нагод для культурных паходаў з’явіцца значна больш. Так, 27 сакавіка будзе адзначацца Сусветны дзень тэатра. Да гэтай даты прымеркавана мноства па­дзей, у тым ліку і для школьнікаў. Напрыклад, заўтра пачнецца VII Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум “Крокі”. Плануецца, што за 4 дні яго правядзення форум наведаюць каля 2 тысяч школьнікаў.

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета падлеткам прапа­нуецца наведаць сольны канцэрт “Чырвоны попел”, спектаклі “Макбет” і “Яўген Анегін”. Малодшых гледачоў сустрэне Беларускі дзяржаўны тэатр лялек спектаклямі “Майдадыр” і “Прададзены смех”, а Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача — спектаклямі “Доктар Айбаліт” і “Сцяпан — вялікі пан”. Насычаная афіша і ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, у Гомельскім і Гродзенскім абласных драматычных тэатрах і інш.

Традыцыйна насычаны падзея­мі канікулярны тыдзень і ў Нацыя­нальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Адкрыты міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без меж” будзе праходзіць тут з 25 па 30 сакавіка. Усе конкурсныя намінацыі — “Мастацкае слова”, “Драматычны тэатр”, “Лялечны тэатр” і “Тэатр моды” — якраз упісваюцца ў тэматыку тыдня. Фестываль-конкурс пройдзе дзявяты раз, у ім возьмуць удзел творчыя калектывы, індывідуальныя выканаўцы, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і культуры з усёй Беларусі, а таксама з Азербайджана, Казахстана, Кыргыз­стана, Расіі. Самых знаходлівых гумарыстаў вызначыць Нацыянальная мастацкая ліга КВЗ, дзе сустрэнуцца 20 каманд навучэнцаў з Беларусі і Расіі. Самых галасістых сярод 17 хароў — пераможцаў абласных этапаў 28—29 сакавіка выя­віць фінал рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”. Усяго на гэтых канікулах у НЦМТДіМ чакаюць прыезду больш як 15 тысяч дзяцей з нашай краіны і замежжа.

Традыцыйна вясновыя канікулы даюць старт экалагічным школьным ініцыятывам. Падштурхоўвае дзяцей да дзеянняў Міжнародны дзень абароны Зямлі, які штогод адзначаец­ца 30 сакавіка з мэтай засяро­дзіць увагу людзей на глабальных экалагічных праблемах. Тут каардынатарамі выступ­яць гарадскія і раённыя цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства, якія актыўна ўключаць у экалагічную дзейнасць школьнікаў. Пачнецца актыўная работа ў межах праекта “Зялёныя школы”, міжнароднага праекта “Эка-школы”. Паназіраць, як абу­джаецца прырода ад сну, можна будзе падчас экалагічных прагулак і экскурсій. Дарэчы, кожнаму, каго цікавіць свет прыроды, я параіла б завітаць і ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Тут удзельнікі студыі “ЭКАТЭХНУМ” з дапамогай адмысловай калекцыі экспанатаў даступна раскажуць, як уладкаваны навакольны свет і чаму важна яго берагчы.

Сонечнае вясновае надвор’е дазво­ліць аматарам спорту выйсці са спартзалаў на стадыёны. Ва ўсіх рэгіёнах і ў сталіцы на канікулы запланавана мноства чэмпіянатаў, спаборніц­тваў, па максімуме будуць запоўнены фізкультурна-аздараўленчыя комплексы. На аздараўленне і прывіццё здаровага ладу жыцця сарыентаваны і лагеры дзённага знаходжання, якія на тыдзень адкрыюцца ва ўстановах адукацыі краіны. Толькі ў Мінску ў такіх лагерах адпачнуць звыш 12,7 тысячы навучэнцаў. Акрамя таго, для школьнікаў краіны будзе арганізаваны адпачынак і ў загарадных лагерах.

Але канікулы прызначаны не толькі для вясёлага баўлення часу. Сёння, 22 сакавіка, адзначаецца гадавіна трагічнай гібелі жыхароў Хатыні, знішчаных нямецка-фашысцкі­мі захопнікамі. Да гэтай даты будуць прымеркаваны экскурсіі школьнікаў у Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”, у тым ліку і віртуальныя. Многія запланавалі паездкі ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама яго філіялы.

Для старшакласнікаў канікулы — час канчаткова вызначыцца з прафесіяй. 23 сакавіка дзень адкрытых дзвярэй пройдзе ва ўсіх УВА і каледжах краіны. На вясновых канікулах будуць праходзіць і рэспубліканскія алімпіяды па вучэбных прадметах.

Так, альтэрнатыў адпачынку на канапе ці перад маніторам камп’ютара шмат. Галоўнае — зацікавіць школьнікаў тым, што ім даспадобы. Толькі так яны справяцца з няпростай задачай — знайсці ў сабе сілы і жаданне як след засяродзіцца на вучобе ў апошняй чвэрці.