Першы рэгіянальны інстытут Канфуцыя

- 13:41Адукацыйныя магчымасці

Хутка ў Беларусі з’явіцца яшчэ адзін інстытут Канфуцыя. Ён будзе працаваць у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны і стане першым рэгіянальным інстытутам па вывучэнні кітайскай мовы і культуры.

Адкрыццё запланавана на канец восені. Дамоўленасць аб гэтым была дасягнута падчас візіту ў Гомельскі ўніверсітэт афіцыйнай дэлегацыі Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогіі.

Новы крок у вывучэнні кітайскай мовы

Кітайскія госці сустрэліся з прарэктарам па навуковай рабоце ГДУ імя Францыска Скарыны Алегам Дземідзенкам і дырэктарам Навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута ГДУ Аляксандрам Рагачовым. Аляксандр Уладзіміравіч, які да нядаўняга часу займаў пасаду рэктара Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, вельмі шмат зрабіў для развіцця супрацоўніцтва з навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі Кітая. Мяркуецца, што цяпер ён узначаліць рэгіянальны інстытут Канфуцыя.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся розныя арганізацыйныя моманты і пытанні далейшага фінансавання, ішла размова пра асноўныя напрамкі дзейнасці. Так, ёсць намер уключыць Міжнародную кітайска-беларускую навуковую лабараторыю па вакуумна-плазменных тэхналогіях, якая дзейнічае пры ГДУ, у склад інстытута Канфуцыя. Такую прапанову ўнёс Аляксандр Рагачоў.

— Гэта дазволіць, акрамя культурна-адукацыйнай сферы, развіваць і навукова-тэхнічныя сувязі і, наогул, умацаваць супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, — па-тлумачыў Аляксандр Уладзіміравіч.

Адкрыццё інстытута Канфуцыя ў адным з вядучых універсітэтаў Гомельшчыны — гэта не пачатак, а далейшае развіццё двухбаковых адносін і вывучэння кітаязнаўства. Кітайская мова ў ГДУ выкладаецца ўжо больш як 10 гадоў. Прычым заняткі праводзяць носьбіты мовы — кітайскія выкладчыкі-валанцёры. А летась на філалагічным факультэце быў адкрыты кабінет Канфуцыя. Гэта істотна пашырыла магчымасці студэнтаў, бо, акрамя неабходнага абсталявання, прадастаўленага кітайскімі партнёрамі, тут з’явілася і шмат літаратуры па кітайскай мове, гісторыі, літаратуры і культуры краіны.

Высокі ўзровень вывучэння кітайскай мовы на філфаку — гэта вялікая заслуга загадчыка кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта ГДУ, загадчыка кабінета Канфуцыя, прафесара Уладзіміра Коваля. Калі ўсё толькі пачыналася, было шмат сумненняў. Але толькі не ва Уладзіміра Іванавіча. Ён быў упэўнены, што многія студэнты праявяць цікавасць, і, калі было абвешчана пра факультатыў, жадаючых сапраўды сабралася нямала.

З таго часу на заняткі да кітайскіх выкладчыкаў-валанцёраў штогод набіраюцца групы колькасцю больш за 50 чалавек. А з адкрыццём кабінета Канфуцыя гэтая лічба ўзрасла ўдвая.

— Зараз мы нават не можам прыняць усіх жадаючых, бо плошчы нашага кабінета абмежаваныя, — расказвае У.І.Коваль. — Цікавасць да кітаістыкі вялікая як у студэнтаў, так і ў выкладчыкаў універсітэта. Зразумела, далёка не ўсе займаюцца кітайскай мовай сур’ёзна ці звязваюць з яе вывучэннем сваю далейшую дзейнасць. Але з’яўляюцца сапраўдныя зоркі. Менавіта яны служаць пацвярджэннем таго, што мы робім патрэбную справу.

Ад авантуры да выкладчыцкай дзейнасці

Адна з такіх зорак — Аліна Суколен. Яна была сярод першых філфакаўцаў, якія вырашылі паспрабаваць сябе ў засваенні іерогліфаў, а сёння ўжо сама выкладае кітайскую мову дзецям і рыхтуе да абароны кандыдацкую дысертацыю, у аснове якой — супастаўленне і значэнне заонімаў у рускай і кітайскай мовах.

— На жаль, я не думала, што гэта мне спатрэбіцца ў жыцці, і да заняткаў ставілася не вельмі сур’ёзна, — дзеліцца Аліна Генадзьеўна. — Цяпер шкадую, бо была магчымасць яшчэ тады, студэнткай, атрымаць больш грунтоўныя веды. Нягледзячы на тое, што даволі доўга займаюся кітаістыкай, пэўнага ўзроўню я дасягнула толькі ў апошнія гады, калі пачала працаваць выкладчыкам.

Для Аліны гэта была сапраўды авантура. На філфак дзяўчына прыйшла пасля педагагічнага каледжа з добрай базай ведаў, а таму вучоба ва ўніверсітэце давалася лёгка і вольнага часу было дастаткова.

— Я разумела, што трэба нечым сябе заняць, але ніяк не магла вызначыцца, што мне найбольш цікава, — успамінае былая студэнтка. — Аднойчы даведалася, што набіраецца група жадаючых вывучаць кітайскую мову. Я падумала: а чаму б не паспрабаваць, тым больш што заняткі бясплатныя? Тады я нават не думала, што аднойчы кітайская мова стане маёй працай. Гэта нібы доказ жыццёвай філасофіі, што чалавек ніколі не ведае, што чакае яго наперадзе.

Пра вывучэнне кітайскай мовы і тое, ці кожны мае магчымасць авалодаць ёй, Аліна Генадзьеўна разважае так:

— Напрыклад, я вывучала англійскую мову ў школе, потым у каледжы і ва ўніверсітэце, але так і не магу размаўляць на ёй, — гаворыць суразмоўніца. — У чым жа справа? Можа быць тры варыянты: ці я неразумная, але не лічу сябе такой, ці выкладчыкі дрэнныя, аднак гэта таксама немагчыма, бо за гэты час мне сустракаліся розныя выкладчыкі, ці, нарэшце, гэта проста не мая мова. Для сябе я вырашыла, што англійская — не мая мова. Магчыма, справа ў тым, што выкладанне было пабудавана так, каб навучыць чытаць і перакладаць, а на гутарку ўхіл не рабіўся.

У падручніках, якія рэкамендаваны Дзяржаўнай канцылярыяй КНР па распаўсюджванні кітайскай мовы, усё накіравана на гаварэнне. Няхай чалавек ведае ўсяго паўтара дзясятка слоў, але ён можа з іх пабудаваць 10—15 сказаў. Такім чынам, дзеці адразу пачынаюць гаварыць на замежнай мове — і не проста гаварыць, а пры жаданні здаваць міжнародны экзамен на ўзровень валодання кітайскай мовай. У тых, хто ставіцца да справы сур’ёзна, з году ў год у геаметрычнай прагрэсіі расце колькасць слоў і граматычных ведаў, якім адпавядае той ці іншы ўзровень. Усяго іх шэсць. Па сутнасці, за шэсць гадоў вывучэння кітайскай мовы рэальна атрымаць сертыфікат найвышэйшага ўзроўню. Напрыклад, вучні Аліны Генадзьеўны, з якімі яна займаецца індывідуальна, адвучыўшыся год, абавязкова спрабуюць здаць экзамен у Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і атрымаць сертыфікат. Вынік гаворыць сам за сябе: за апошнія тры гады адзін чалавек атрымаў сертыфікат трэцяга ўзроўню, чатыры чалавекі — другога ўзроўню, у дваіх — першы ўзровень.

Погляд у будучыню

Не меншых поспехаў дабіваюцца і тыя, хто займаецца ў агульных групах з кітайскім выкладчыкам-валанцёрам ва ўніверсітэце. Падчас апошняга візіту дэлегацыя з Кітая сустрэлася са студэнтамі, якія вывучаюць кітайскую мову, — і яны прадэманстравалі выдатныя веды.

Здзівілі сваімі дасягненнямі другакурсніцы Віялета Беладзед і Ангеліна Аксёнчыкава. Дзяўчаты ўсяго год вывучаюць кітайскую мову, але так лёгка і ўпэўнена расказалі пра свае летнія канікулы кітайскім гасцям, што тыя не маглі схаваць свайго задавальнення. А расказаць студэнткам было пра што. За сваю стараннасць і цікаваць да кітайскай мовы студэнткі атрымалі магчымасць удасканальваць веды ў Паднябеснай.

— Зрэшты, каб вывучаць кітайскую мову, неабавязкова вучыцца на філалагічным факультэце, — разважае Аліна Суколен. — Наадварот, калі, напрыклад, ты вывучаеш эканоміку і займаешся кітайскай мовай на курсах, то ты эканаміст з веданнем кітайскай мовы, а значыць, твае перспектывы ўзрастаюць неверагодна. А калі ўлічваць, што ў ГДУ будзе дзейнічаць інстытут Канфуцыя, то магчымасці прыхільнікаў кітаязнаўства цяпер значна пашыраюцца і, галоўнае, адкрываюцца новыя шляхі для стажыровак у Кітаі.

Як ужо адзначалася, кітайская мова выкладаецца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце больш за 10 гадоў, і нязменным лакаматывам у гэтай справе з’яўляецца філалагічны факультэт. Некалі было марай прыцягнуць да вывучэння кітайскай мовы дзяцей у рэгіёнах, а сёння гэта ўжо стала рэальнасцю. Выпускнікі моўных курсаў не толькі знаёмяць школьнікаў з кітайскай мовай і культурай, але і рыхтуюць вучняў да ўдзелу ў алімпіядзе па кітайскай мове.

— Цікавасць да вывучэння кітайскай мовы расце з кожным годам, — заўважыў прафесар Уладзімір Коваль. — Беларусы разглядаюць яе ў якасці адной з самых распаўсюджаных і папулярных моў у свеце, і жадаючых займацца кітаістыкай становіцца ўсё больш.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.